Скарбонку талентаў адкрыў фестываль дзіцячай творчасці

Першыя зімовыя дзянёчкі запомніліся не толькі хрусткім сняжком і лёгкім марозцам, але і цудоўным святам, якое ладзілася ў Шчучынскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. 
Фестываль дзіцячай творчасці пад назвай “Радасныя ноткі” быў прысвечаны Дню інвалідаў і сабраў сузор’е кранальных і цікавых нумароў ад рабят з усяго раёна. Дзеці чыталі напамяць вершы, ставілі тэатральныя сцэнкі, спявалі і танцавалі. Кожны з іх падышоў да ўдзелу ў фестывалі вельмі адказна – гэта сцвярджалі добра вывучаныя тэксты і прыгожыя касцюмы рабят. Сярод гледачоў мерапрыемства было нямала матуль і бабуль: выступленні іх дзетак і ўнукаў расчулілі і выклікалі гонар.


Шмат устаноў адукацыі раёна прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі “Падары дзіцяці радасць!”, дзякуючы якой рабяты атрымалі цікавыя развіваючыя падарункі. Валанцёры другой гарадской школы і гімназіі завіталі на свята да выхаванцаў цэнтра і іх гасцей, каб павіншаваць і падтрымаць рабят. Да віншаванняў далучыліся старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Станіславаўна Мацюк і метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ганна Іосіфаўна Новікава. Музычныя падарункі ад выхаванцаў аб’яднання па інтарэсах “Акорд” Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі вельмі захапілі маленькіх і дарослых гледачоў. 
– Хацелася б асобна падзякаваць тым, хто дапамог правесці і арганізаваць мерапрыемства, – зазначыла намеснік дырэктара цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Алена Генадзьеўна Краско. – Гэта старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Сяргей Генадзьевіч Каспярчук і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі дзіцячы фонд” Дзіна Яўгеньеўна Войцюль, а таксама кіраўніцтва Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. 
Тыя рабяты, у каго не атрымалася наведаць святочнае мерапрыемства, стварылі прыгожыя і цікавыя вырабы для выстаўкі. Кожны з удзельнікаў фестывалю атрымаў дыпломы і салодкія падарункі.
Юлія ЦІМАШЧУК. Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!