Школа народных традыцый і добрых сэрцаў

Галавічпольскі дз/с-СШ – адна з шасці ўстаноў адукацыі нашага раёна, дзе абучэнне вядзецца на беларускай мове. Літаральна з дзіцячага садка дзеці  вучацца размаўляць на мове сваіх продкаў і вывучаюць народныя традыцыі. Кожнае мерапрыемства, якое праходзіць у школе, адрозніваецца сваёй унікальнасцю, мае свой мясцовы каларыт і накіравана на тое, каб хлопчыкі і дзяўчынкі з маленства ведалі гісторыю сваёй малой радзімы і шанавалі яе.

    

Напярэдадні Каляд і Новага года ў школе ладзілася цудоўнае свята ў лепшых беларускіх традыцыях, удзел у якім прымалі і дзеткі-інваліды з Васілішкаўскага дома-інтэрната. Да рабят завіталі калядоўшчыкі з Казой, Мядзведзем і іншымі казачнымі персанажамі. Хлопчыкі і дзяўчынкі радасна віталі незвычайных гасцей. Гасцінныя беларускія гаспадары згодна з лепшымі народнымі традыцыямі частавалі гасцей прысмакамі.

-- У нашай школе праходзіць многа мерапрыемстваў, якія далучаюць нас да гісторыі, культуры і традыцый беларусаў, -- расказвае адзінаццацікласніца Кацярына Антухевіч. – Штогод на Ражство мы ладзім Калядкі, праводзім тэатралізаваныя прадстаўленні на біблейскія тэмы, так званыя ясэлкі. Традыцыйнай у нас стала інтэлектуальнай гульня “Што? Дзе? Калі?” па гісторыі і культуры Беларусі. Мы адзначаем Дзень беларускай мовы і Дзень беларускага пісьменства. Адметнай рысай нашай установы з’яўляецца даследчая работа краязнаўчага характару. Мы даследуем гаворку сваёй мясцовасці, тапонімы, музычную культуру нашай малой радзімы.   

      

-- Наша школа -- адна вялікая дружная сям’я, -- дадае вучань дзявятага класа Аляксей Грудзінскі. – Як і ў кожнай сям’і, у нас ёсць свае традыцыі. Галоўная з іх – выкарыстанне роднай мовы не толькі на ўроках, але і ў пазакласнай дзейнасці, у паўсядзённым жыцці. Мы лічым, што кожны беларус павінен шанаваць мову свайго народа і дасканала валодаць ёю.

Падчас гэтага святочнага мерапрыемства ладзіліся майстар-класы, на якіх школьнікі вучыліся майстраваць віншавальныя паштоўкі і навагоднія цацкі.

-- Змайстраванымі сваімі рукамі паштоўкамі рабяты будуць віншаваць са святамі пажылых людзей, -- гавораць настаўніцы пачатковых класаў Тарэса Вацлаваўна Скерсь і Алена Станіславаўна Кот.

Вучні Галавічпольскага дз/с-СШ умеюць не толькі шанаваць мову і традыцыі свайго народа, але і вучацца дабрыні і міласэрнасці.

       

-- У школе рэалізуецца сацыяльна-значны праект “Агенцтва добрых сэрцаў”, -- гаворыць дырэктар установы адукацыі Жанна Адамаўна Пашук. – Мерапрыемствы, якія праходзяць у яго рамках, спрыяюць сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, выхоўваюць ва ўдзельнікаў праекта талерантнасць, адкрытасць, вучаць дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Напэўна, рабятам вельмі ўтульна і камфортна вучыцца ў гэтай незвычайнай школе народных традыцый і добрых сэрцаў. Няхай ніколі не вычарпаецца крыніца іх дабрыні і міласэрнасці.

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!