Шчучынскія міліцыянеры завіталі ў госці да жалудоцкіх школьнікаў у рамках СКМ "Падлетак"

У Жалудоцкай СШ імя В.Урублеўскага прайшло цікавае і змястоўнае мерапрыемства прафілактычнай накіраванасці, арганізатарам якога выступіла інспекцыя па справах непаўналетніх Шчучынскага РАУС.

 

– Наш візіт да жалудоцкіх школьнікаў адбываўся ў рамках СКМ "Падлетак", – тлумачыць начальнік ІСН Шчучынскага РАУС Юрый Аляксандравіч Пляханаў. – Мэта – прафілактыка супрацьпраўных паводзін сярод непаўналетніх, папулярызацыя работы органаў унутраных спраў і арыентацыя школьнікаў на выбар прафесіі праваахоўніка.

 

 

Трэба сказаць, што вучням, якія ў пасляўрочны час сабраліся на школьным стадыёне, сумаваць не прыйшлося. Хлопчыкі і дзяўчынкі зблізку ўбачылі міліцэйскую тэхніку, а самыя цікаўныя нават пасядзелі ў кабіне і апрабавалі гукавыя сігналы, а таксама патрымалі ў руках спецсродкі і зброю. Пра прызначэнне гэтага арсеналу расказалі рабятам супрацоўнікі розных падраздзяленняў РАУС – інспекцыі па справах непаўналетніх, Дзяржаўтаінспекцыі, патрульна-паставой і аператыўна-дзяжурнай службаў, ізалятара часовага ўтрымання. Паказальныя выступленні для дзяцей арганізаваў кінолаг Аляксей Вайцешык з раённага аддзела Дэпартамента аховы са сваім чатырохлапым памочнікам.

 

 

Панавала даверлівая і сяброўская атмасфера. Жалудоцкія школьнікі даведаліся, дзе можна набыць прафесію, звязаную з праваахоўнай дзейнасцю, а таксама шмат цікавага пра міліцэйскую службу. А яшчэ яны з ахвотай паўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах. У прыватнасці, у "Міліцэйскай эстафеце", падчас якой камандам трэба было хутка экіпіраваць свайго таварыша – надзець на яго шлем, бронекамізэльку і даць магчымасць прабегчыся са шчытом у руках. Фізічную моц і спрыт належала прадэманстраваць і ў конкурсе "Паспрабуй, дагані!" (трое школьнікаў сапернічалі з інспектарам АДАІ Андрэем Русцем у адцісканні на брусах), а сваю меткасць -- у стральбе па мішэні са стрытбольнай зброі. Дарэчы, усе пераможцы атрымалі падарункі – сертыфікаты на кінасеансы ад КУКП "Шчучынкінавідэасетка".

 

 Для дзяцей малодшага ўзросту былі арганізаваны гульні і забавы.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота з архіва ІСН РАУС.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!