Шчучынскія баксёры вызначыліся ў Еўропе

У сталіцы Чэхіі Празе прайшоў Кубак Еўропы па кікбоксінгу. У гэтых прэстыжных міжнародных спаборніцтвах прынялі ўдзел каля 500 спартсменаў з 16 краін свету, у тым ліку і выхаванцы трэнера Міхаіла Пятровіча Кавалёва.

Шчучынскі баксёр Яўгеній Макей у фінале перамог сур’ёзнага саперніка з Польшчы і заваяваў “золата”. У рашаючым баі ў напружанай барацьбе шчучынец Сямён Ступакевіч саступіў саперніку з Чэхіі і заняў другое месца. Наш спартсмен Кірыл Куц таксама дастойна выступіў на рынгу і быў ўзнагароджаны бронзавым медалём.

Па выніках турніру зборная Беларусі стала лідарам па колькасці заваёваных медалёў, а лепшым сярод клубаў быў прызнаны «Chinuk», які і прадстаўлялі выхаванцы Міхаіла Пятровіча Кавалёва. Віншуем шчучынскіх баксёраў з высокімі спартыўнымі дасягненнямі! Цяпер іх ведае ўся Еўропа!

-- У спартыйных поспехах нашых баксёраў вялікая заслуга таксама трэнераў Сяргея Эдуардавіча Івановіча і Уладзіміра Барысавіча Шурупава, якія прывілі ім любоў да спорту і навучылі перамагаць, -- перакананы Міхаіл Кавалёў. – Яны працягваюць займацца з рабятамі і заўсёды падтрымліваюць іх на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Асаблівыя словы падзякі хочацца выказаць старшыні райвыканкама Сяргею Васільевічу Ложэчніку і дырэктару ТАА “Праймілк” Анатолію Станіслававічу Бяляўскаму, якія дапамаглі сабраць неабходную суму на паездку ў Прагу на Кубак Еўропы па кікбоксінгу. Як бачыце, гэта было таго варта!

Аляксандр КАСПЯРЧУК.