Шчучынская раённая бібліятэка імя Цёткі - лепшая ў раённым спаборніцтве сярод працоўных калектываў вытворчых падраздзяленняў, устаноў сацыяльнай сферы

З дзяцінства бібліятэка з’яўлялася для мяне павадыром у свет цікавых і захапляючых падарожжаў, незвычайных гісторый, фантастычных расказаў. Можна было затрымацца ў чытальнай зале дапазна, схіліўшыся над кнігай або цікавым часопісам. Час неўмольна бег, густ і перавагі змяняліся, але раённая бібліятэка заўсёды заставалася асаблівым месцам для думак і разважанняў.
Падчас гутаркі з дырэктарам Шчучынскай райбібліятэкі Аляксандрай Мікалаеўнай Янкоўскай я зразумела, што ў нас аднолькавыя адносіны да кніжнага свету. Жанчына з дзяцінства шмат чытала – была частым госцем у гарнізоннай бібліятэцы ў Доме афіцэраў, а пасля школы паступіла менавіта на бібліятэчную справу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Па размеркаванні вярнулася ў Шчучын і пачала працаваць у аддзеле бібліятэчнага маркетынгу.

 

Пасаду дырэктара Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Аляксандра Мікалаеўна займае з 2011 года. Знакавай для яе падзеяй стала адкрыццё пасля рамонту гэтай установы культуры ў Дзень беларускага пісьменнства, які праходзіў у нашым горадзе амаль чатыры гады таму. Сёння Шчучынская раённая бібліятэка з’яўляецца галоўным інфармацыйным, сацыяльным, культурным, адукацыйным і каардынацыйным цэнтрам. 
– У бібліятэчнай сферы раёна занята больш за чатыры дзясяткі работнікаў, – расказвае А.М. Янкоўская. – У нас ёсць свой мастак-афарміцель – Арына Качула, малады спецыяліст з Брэсцкай вобласці, інжынер Анатоль Васільевіч Каняхін, які займаецца абслугоўваннем камп’ютарнага парка і вядзе сайты раённай і дзіцячай бібліятэк. Работу чатырох аддзелаў каардынуюць іх загадчыцы Таццяна Чаславаўна Макара, Юлія Аляксандраўна Міхайлава, бібліёграф Людміла Антонаўна Аляксей і галоўны бібліятэкар Роза Аляксандраўна Васюк.
Ва ўтульнай інфармацыйна-выставачнай зале праводзяцца цікавыя для гараджан розных пакаленняў мерапрыемствы: урачыстыя сустрэчы, літаратурныя чаяванні і прэзентацыі кніг. Не забываюць і пра жыхароў аддаленых населеных пунктаў: бібліятэка на колах у мінулым годзе зрабіла 113 выездаў па 13 маршрутах, правяла 14 выязных мерапрыемстваў. 
Раённая бібліятэка ў сваёй дзейнасці выкарыстоўвае праграму АLIS – WEB, якая дазваляе абслугоўваць чытачоў, фарміраваць базы дадзеных электроннага каталога, камплектаваць бібліятэчны фонд – ён актыўна папаўняецца як класічнай літаратурай, так і навінкамі. Чытачы выкарыстоўваюць як друкаваныя дакументы, так і інфармацыю на электронных носьбітах. Аддзел камплектавання, арганізацыі і апрацоўкі кніжнага фонду заказвае і размяркоўвае кнігі па сямнаццаці бібліятэках раёна. У 2018 годзе колькасць чытачоў у раёне склала больш за дваццаць тысяч. 

Метадычную і практычную дапамогу па арганізацыі работы бібліятэчным установам у сельскай мясцовасці аказвае аддзел бібліятэчнага маркетынгу. Спецыялісты збіраюць і аналізуюць інфармацыю па выкананні паказчыкаў, даюць парады па дызайнерскім афармленні кніжных выстаў і паліц, правядзенні масавых мерапрыемстваў. Аказаннем прававой дапамогі займаецца публічны цэнтр прававой інфармацыі. Кожны апошні аўторак месяца на базе бібліятэкі шчучынскія натарыусы і адвакаты праводзяць бясплатныя кансультацыі. 
– У Шчучынскай раённай бібліятэцы найбольшы ў вобласці паказчык па відах аказання платных паслуг – 68 відаў. Аб’ём пазабюджэтнай дзейнасці па бібліятэчных установах у мінулым годзе склаў больш за 27000 рублёў, – зазначае Аляксандра Мікалаеўна. – За справаздачны перыяд намі было праведзена амаль паўтары тысячы мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел 18806 чалавек. Не так даўно мы атрымалі вельмі важную для нас узнагароду за значны ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення, дасягненні ў сацыяльна-культурнай і грамадскай дзейнасці ад Гродзенскага аблвыканкама.
Цудоўнай навіной стала перамога Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі ў раённым спаборніцтве сярод працоўных калектываў вытворчых падраздзяленняў, устаноў сацыяльнай сферы. Але гэта хутчэй не навіна, а заканамерны вынік плённай працы адданых сваёй справе людзей. 
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!