Шчучынская моладзь выбрала новага лідара

Знаёмства з першым сакратаром РК БРСМ прайшло падчас 6-га пленума раённай арганізацыі ГА "БРСМ".  На пасяджэнні прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Станіславаўна Хвядзюк, намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта, былы першы сакратар РК ГА «БРСМ» Алена Славаміраўна Богдзель, а цяпер галоўны спецыяліст аддзела адукацыі спорту і турызму.

Выконваць абавязкі першага сакратара РК БРСМ будзе Анастасія Андрэеўна Цынгалёва, лабарант хіміка-бактэрыяльнага аналіза Шчучынскага масласырзавода, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА "БРСМ".

Анастасія Андрэеўна скончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, працавала педагогам-арганізатарам у другой гарадской школе, выхавацелем у групе падоўжанага дня ў трэцяй гарадской школе, у той жа час узначальвала пярвічную арганізацыю ГА "БРСМ" гэтай установы адукацыі. Другі год запар Анастасія Андрэеўна працуе на Шчучынскім масласырзаводзе.

– Шчыра ўдзячна за падтрымку, за веру ў мяне і мае сілы, – звярнулася да ўдзельнікаў пленума будучы лідар моладзі Шчучыншчыны. – Я заўсёды адкрыта для сувязі, бо ведаю, што адзін у полі не воін. Спадзяюся, што разам з раённай моладдзю мы працягнем працаваць і дасягаць новых вяршынь.

Шмат прыемных слоў гучала і ў адрас былога першага сакратара РК ГА "БРСМ" – Алены Славаміраўны Богдзель. Яе заслугі і дасягненні адзначаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў. У якасці сувеніра на памяць – выява Шчучына, якая стане прыгожым аксэсуарам у новым рабочым кабінеце.

– Алена Славаміраўна ўзначальвала раённы камітэт ГА "БРСМ" на працягу амаль пяці гадоў, – падвяла вынік сустрэчы Ганна Станіславаўна Хвядзюк. – Разам нам давялося зрабіць многа добрых спраў і дабіцца таго, каб шчучынская моладзь была ў ліку самых лепшых і самых актыўных. Упэўнена, што новае кіраўніцтва раённай маладзёжнай арганізацыі прыкладзе ўсе намаганні для далейшага ўмацавання сваіх радоў і руху наперад.

Юлія ЦІМАШЧУК. Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.