Шчучынскае РУП ЖКГ – лепшае ў раёне сярод суб’ектаў гаспадарання абслугоўваючага сектару эканомікі.

Сёння немагчыма ўявіць камфортнае жыццё без ацяплення і гарачай вады, чыстых вуліц і добраўпарадкаваных двароў. За ўсё гэта і многае іншае адказвае камунальная служба. І са сваімі абавязкамі шчучынскія камунальнікі спраўляюцца выдатна, за што РУП ЖКГ прызнана пераможцам раённага спаборніцтва сярод суб’ектаў гаспадарання абслугоўваючага сектара эканомікі.

 

– Мы імкнёмся паменшыць тарыфы на нашы паслугі, для чаго працуем над зніжэннем сабекошту ацяплення, водазабеспячэння і водаадвядзення, – гаворыць дырэктар РУП ЖКГ Андрэй Валер’евіч Шкіндзераў. – Для гэтага летась пераклалі 9,13 кіламетра цепласетак, што складае 102,6% да плана. У сукупнасці з заменай помпавага абсталявання, устаноўкай частотных рэгулятараў, сістэм аўтаматычнага рэгулявання і іншых мер знізілі цепластраты да 10,5% пры плане 11%.

 

Камунальнікі мэтанакіравана займаюцца ліквідацыяй неэфектыўных кацельных: распрацоўваюць адпаведную праектна-каштарысную дакументацыю, набываюць і ўстанаўліваюць сучасныя катлы і абсталяванне. Так, перавялі ў аўтаматычны рэжым з дыспетчарызацыяй кацельныя ў аграгарадку Васілішкі і вёсцы Ліпічна, што дазволіла гэтым аб’ектам працаваць без страт. За рэалізацыю дадзенага праекта Шчучынскае РУП ЖКГ было ўзнагароджана Дыпломам пераможцы рэспубліканскага конкурсу “Лідар энергаэфектыўнасці Рэспублікі Беларусь-2019” у намінацыі “Тэхналогіі і праекты года на аснове аднаўляемых крыніц энергіі”.

 

– Летась мы перавялі ў аўтаматычны рэжым кацельныя ў Тур’і, Тапілішках, Астрыне, Орлі і Першамайску, – зазначае Андрэй Валер’евіч. – Зараз вядзём работы па аўтаматызацыі кацельных у Жалудку, Дубраве, Мураванцы, Вялікім Мажэйкаве, Дэмбраве, Новым двары і Галавічполі. Паралельна ў мінулым годзе пераклалі 1,2 кіламетра сетак водазабеспячэння і 0,6 кіламетра труб водаадвядзення. Пабудавалі станцыі абезжалезвання ў Ражанцы і Ляшчанцы. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 3,3 мільёна рублёў. Як вынік, нягледзячы на рост выдаткаў на паліўна-энергетычныя рэсурсы і гаруча-змазачныя матэрыялы, сабекошт асноўных жыллёва-камунальных паслуг знаходзіцца ў межах сабекошту з планава-разліковых цэн. Зніжэнне выдаткаў на паслугі насельніцтву ў супаставімых умовах склала 5,3% пры плане 5%.

 

Асаблівую ўвагу ў РУП ЖКГ надаюць якасці аказваемых паслуг – гэта той немалаважны фактар, які аказвае істотны ўплыў не толькі на эканамічны складнік дзейнасці прадпрыемства, але і на аўтарытэт арганізацыі сярод насельніцтва. І тут камунальнікі таксама дабіліся поспехаў: колькасць зваротаў у параўнанні з мінулым годам паменшылася з 319 да 256.

 

Для зручнасці насельніцтва ў вырашэнні адміністрацыйных працэдур і заключэння дагавораў летась у РУП ЖКГ стварылі кліенцкую службу, якая дзейнічае ў райвыканкаме. Цяпер кліентам не трэба хадзіць з дакументамі па розных кабінетах, усё можна аформіць у адным месцы.

 

– Акрамя асноўных камунальных паслуг, мы развіваем і іншыя напрамкі, якія таксама прыносяць прыбытак, – падкрэслівае кіраўнік РУП ЖКГ. – Насельніцтва з задавальненнем карыстаецца паслугамі нашага цэха шынамантажу і аўтамыйкі, наведвае магазін будаўнічых матэрыялаў “СтройДом”. Не застаецца без заказаў і аддзел праектна-вышукальных работ: у 2019 годзе тут было распрацавана 112 праектаў для юрыдычных і фізічных асоб на агульную суму 307 тысяч рублёў. Заробленыя грошы накіроўваем не толькі на развіццё арганізацыі, але і на розныя карысныя ініцыятывы. Мы набылі касцюмы для нашых чарлідараў, а таксама клюшкі, лыжы, футбольныя вароты і мячы. Таксама актыўна падтрымліваем шчучынскіх спартсменаў, якія радуюць нас сваімі перамогамі. Усё гэта для таго, каб людзі ўспрымалі камунальную службу як сапраўднага памочніка і надзейнага партнёра.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!