Шчучыншчына ў жыцці Лідзіі Арабей

Дапытлівы чытач ведае гэту беларускую пісьменніцу па яе творах-роздумах пра перажытае, убачанае, пачутае. Адна з апошніх кніг у паслужным спісе Лідзіі Арабей – “Пошукі ісціны”, дзе праз кароткія, але яркія і дасціпныя назіранні аўтарка здолела ў кожным абразку адлюстраваць кропельку нашай рэчаіснасці. Гэткая ж жыццёвая філасофія прысутнічае і ва ўсіх папярэдніх кнігах Лідзіі Львоўны: у зборніках аповесцей і апавяданняў “Мера часу”, “Экзамен”, “На другой зіме вайны”, “Мне трэба ехаць”, “Паласа дажджу”, у раманах “Іскры ў папялішчы”, “Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы”…
З біяграфічных звестак пра Л.Л. Арабей можна даведацца, што адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў у 1944 годзе будучая пісьменніца працавала ў … Шчучынскай раённай газеце, якая на тыя часы выходзіла пад назвай “Чырвоны сцяг”.
Якім жа чынам ураджэнка вёсачкі Нізок Уздзенскага раёна апынулася ў нашай прынёманскай старонцы? Аказваецца, 17-гадовай дзяўчынай напачатку вайны Лідачка, можна сказаць, выпадкова трапіла ў Шчучын, ратуючыся ад галоднай смерці. Тут, у нашым горадзе, пазнаёмілася з хлопцам-падпольшчыкам, з якім потым яны і пажаніліся. Аляксей быў “з савецкіх”, гэта значыць, з Усходу – з Сеніцы, што пад Мінскам. І Ліда была з той самай кагорты. На гэтай глебе яны і сышліся, а потым моцна пакахалі адзін аднаго. Толькі не наканаваў лёс шчасця гэтай пары. За сувязь з партызанамі фашысты расстралялі маладога падпольшчыка. Арабей – ягонае прозвішча, якое Лідзія Львоўна годна насіла ўсё сваё жыццё. Пра ўсё гэта, дарэчы, пісьменніца ў свой час расказала ў адным з інтэрв’ю. 
Як сама ўзгадвае, “Чырвоны сцяг” выйшаў з падполля, і творчую дзяўчыну з задавальненнем прынялі на працу. Яна на той момант толькі спрабавала свае сілы ў літаратуры, пісала апавяданні і вершы. Два з іх былі надрукаваны на старонках шчучынскай раёнкі. 
Аднак маладая супрацоўніца рэдакцыі разумела, што ёй не хапае ведаў, трэба ехаць вучыцца. “Мне было ўсяго дваццаць гадоў. Ні сярэдняй адукацыі, ні спецыяльнасці. Гэта потым я закончыла вячэрнюю школу”, – гаварыла пра тыя гады ў сваім інтэрв’ю Л.Л. Арабей і прызнавалася, што на той час клапаціла адно – як выжыць?
Так, кавалак жыцця адабрала вайна ў гэтага пакалення, апаліла юнацтва. Але мэтанакіраваныя маладыя людзі проста ўгрызаліся ў навуку. Неўзабаве Ліда пераехала ў Мінск, вучылася і адначасова працавала ў сакратарыяце Саюза пісьменнікаў, а сакратаром, між іншым, тады быў Міхась Лынькоў. Дый з іншымі знакамітасцямі давялося перасякацца: па справах у Саюз пісьменнікаў заходзілі Твардоўскі, Колас, Куляшоў… 
Аднак сама Лідзія Арабей стала пісьменніцай дзякуючы … нашай Цётцы. “У мяне наогул усё пачалося з таго, што ў аспірантуры я выбрала тэму па творчасці Алаізы Пашкевіч. І ўсёй душой, усёй істотай, усімі сваімі пачуццямі ўвайшла ў гэтую тэму. І першая мая кніга – пра Цётку, – гаварыла Лідзія Львоўна. – Я абараніла дысертацыю, але з гэтай тэмай не развітвалася, трыццаць гадоў аддала вывучэнню творчасці Цёткі. А потым неяк само сабой лягло на паперу тое, што выпала перажыць: падзеі вайны, галеча і пакуты акупацыі, радасць вызвалення роднай зямлі ад фашыстаў”.


Вось што яшчэ ўзгадвае Л.Л. Арабей: “Першы савецкі фільм, які я бачыла пасля вызвалення ад фашыстаў горада Шчучына, у якім жыла ў час вайны, быў кінафільм “Радуга”. Я цяпер не памятаю зместу таго фільма, але памятаю, што я ўвесь гэты фільм, ад пачатку і да канца, праплакала”. 
Не раз прыязджала Лідзія Арабей на Шчучыншчыну як даследчык творчасці нашай славутай зямлячкі Алаізы Пашкевіч. З-пад яе пяра выйшлі дакументальныя аповесці пра Цётку “На струнах буры” і “Стану песняй”, мастацкі твор “На полымі любві”. Дарэчы, тая “пасляваенная дзяўчына”, што самакрытычна адчувала прабел у сваіх ведах, стала кандыдатам філалагічных навук. А вопыт работы ў шчучынскай раёнцы быў, між іншым, паспяховым стартам, бо Лідзія Арабей потым супрацоўнічала з многімі перыядычнымі выданнямі, у тым ліку з газетай “Чырвоная змена”, часопісамі “Полымя” і “Вожык”.
Пісьменніца заўжды сябравала з супрацоўнікамі Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі, дзе да гэтага часу захоўваюцца падараныя аўтаркай кнігі з аўтографамі і цёплымі подпісамі ў адрас шчучынцаў, а бібліятэкары старэйшага пакалення з удзячнасцю ўспамінаюць цікавыя сустрэчы і чаяванні з Лідзіяй Арабей – мудрай, надзвычай простай і абаяльнай жанчынай. Прыязджала пісьменніца і ў Астрыну, перадала адзінаму на Беларусі музею Цёткі ўнікальныя экспанаты – фотаздымкі, дакументы, кнігі.
У складзе сталічнай дэлегацыі беларускіх літаратараў наведвала Лідзія Львоўна Шчучыншчыну падчас юбілейных ушанаванняў нашай знакамітай зямлячкі. Запомнілася, як ускладвала яна на магілу Алаізы Пашкевіч у Старым Двары рамонкі і васількі, аздобленыя галінкамі рамантычнай папараці. Дзякуючы журналісцкаму лёсу мне давялося не толькі назіраць гэты кранаючы малюнак, але і пагутарыць з Лідзіяй Львоўнай, атрымаць яе аўтограф на кнізе “На полымі любві”. 
А са старонак кнігі “Пошукі ісціны”, якую Лідзія Арабей выдала ў 80-гадовым узросце, паўстае яшчэ адна своеасаблівая споведзь пісьменніцы. Вось што яна піша: “Над маім сталом, на сцяне, вісіць драўляны крыжык з распяццем. Яго падаравала мне родная сястра нашай славутай Цёткі – Караліна Пашкевіч, з якою я сустракалася ў Польшчы, у вёсачцы Франін каля Лодзі ў 1977 годзе.
Пані Караліна сказала мне, што гэты крыж вісеў над ложкам яе маці ў Старым Двары, значыцца, над ложкам маці Алаізы Пашкевіч…
Лёс чалавека, лёс рэчы… Ці магла некалі нават уявіць сабе маці Алаізы Пашкевіч Ганна з роду Вызгаў, што крыжык, які вісіць над яе ложкам, будзе некалі вісець над пісьмовым сталом жанчыны, якая ў той час і не нарадзілася. І гэты крыжык той жанчыне будзе вельмі дарагі”. 
Дарагой, па ўсім відаць, была для знакамітай беларускай пісьменніцы і ўся наша Шчучыншчына – старонка, дзе нарадзілася яе муза Алаіза Пашкевіч, і горад Шчучын, які даў ёй прытулак у самыя складаныя гады жыцця, і рэдакцыя нашай раёнкі, у сценах якой Лідзія Арабей знайшла першае працоўнае месца, звязанае з літаратурнай работай.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Алы БІБІКАВАЙ і з асабістага архіва Ганны Каспер. 


Штогод 15 ліпеня культурная супольнасць краіны адзначае дзень нараджэння нашай знакамітай зямлячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі) – пачынальніцы беларускай літаратуры, палымянай рэвалюцыянеркі, асветніцы, рэдактаркі першага беларускага дзіцячага часопіса “Лучынка”. Яна нарадзілася ў фальварку Пешчын на Шчучыншчыне ў 1876 годзе. І няхай лёс наканаваў ёй несправядліва кароткі і трагічны жыццёвы шлях (усяго 40 год!), аднак колькі зроблена было за гэты прамежак часу! Творчасць Цёткі будзе вечна жыць у памяці людзей, выхоўваць у іх любоў да Радзімы, стане добрым сябрам і дарадчыкам для маладых пакаленняў.
Нашай таленавітай зямлячцы прысвячалі свае творы і даследчыцкія работы многія навукоўцы-літаратураведы, пісьменнікі, журналісты: Сцяпан Александровіч, Аляксей Пяткевіч, Вольга Іпатава, Марыя Шаўчонак, Данута Бічэль, Алена Руцкая, Юрка Голуб і, канешне, Лідзія Арабей.