Шчучыншчына рыхтуецца стаць бязвізавай тэрыторыяй

У лістападзе ўступіць у сілу прэзідэнцкі Указ №300 “Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян”, які пашырыў бязвізавую тэрыторыю, уключыўшы ў яе і пяць раёнаў Гродзенскай вобласці, у тым ліку Шчучынскі. Аб тым, што гэта значыць для нашага рэгіёна, як рыхтуемся сустракаць замежных гасцей, а таксама і аб іншых аспектах актуальнай тэмы мы пагутарылі з начальнікам аддзела турыстычнай і інвестыцыйнай дзейнасці ўпраўлення эканомікі райвыканкама А.Г. Амшэем. 

 

– Аляксандр Генрыхавіч, раён уключаны ў бязвізавую зону. Гэта значыць…

 

– Што цяпер мы будзем мець магчымасць прымаць на сваёй тэрыторыі бязвізавых турыстаў з 73 дзяржаў: замежныя госці змогуць прыехаць як у складзе арганізаваных турыстычных груп, так і ў індывідуальным парадку, напрыклад, на грамадскім транспарце, уласным аўтамабілі, веласіпедзе і г.д. Трэба толькі мець пры сабе пашпарт, страхавы поліс – і, калі ласка, падарожнічай, аглядай краявіды! Тэрмін бязвізавага знаходжання з турыстычнай мэтай – да 15 сутак. Дарэчы, у 2018 годзе Шчучыншчыну наведалі, па нашых падліках, больш за 12 тысяч гасцей з-за мяжы, будзем спадзявацца, фармат бязвізу павялічыць іх колькасць.

 

– Якія напрамкі ў развіцці турыстычнай дзейнасці варта актуалізаваць перад тым, як з’явяцца першыя бязвізавыя турысты?

 

– Такіх напрамкаў некалькі, і яны ўсе ўвойдуць у план мерапрыемстваў, над якім цяпер працуем з адной мэтай – зрабіць нашу Шчучыншчыну максімальна прывабнай і камфортнай для замежных турыстаў. У гэтым вельмі зацікаўлена і кіраўніцтва раёна. Так, да моманту ўступлення ў сілу ўказа №300 хочам стварыць уласны інфармацыйны партал пра турызм і інвестыцыйную прыцягальнасць рэгіёна. Там будуць маршруты для падарожнікаў, знакавыя аб’екты гісторыка- культурнай спадчыны, фота-відэа, аб’екты інфраструктуры і сэрвісу... Спачатку прадставім версію на рускай мове, а потым і на замежных. Спасылку на гэты партал размесцім на сайце райвыканкама, у сацыяльных сетках. Галоўнае, каб як мага больш людзей даведалася пра наш край і яго патэнцыял ва ўсіх сферах дзейнасці. Перакананы, інтарэс да інтэрнэт-партала будзе, як ён ёсць сёння да старонкі “Шчучыншчына турыстычная” ў “Аднакласніках”.

 

А каб падарожнікі, якія накіроўваюцца да буйных турыстычных цэнтраў, не праехалі міма нашых унікальных аб’ектаў – царквы-крэпасці ў Мураванцы, касцёлаў у Каменцы і Ішчална і іншых, на шашы М6 размясцілі 5 знакаў-указальнікаў. Ёсць інфармацыя і на прыдарожных пунктах адпачынку. Працуем і над тым, каб сродкам рэкламы мясцовасці стала і сувенірная прадукцыя, якую будзем прапаноўваць гасцям.

 

Акрамя гэтага, паляпшаем турыстычныя прадукты, арыентаваныя на замежнікаў. Напрыклад, той жа клуб-музей Чэслава Немэна ў Старых Васілішках у 2018 годзе наведала больш за сем тысяч замежных гасцей. Фанаты яго творчасці прыязджалі спецыяльна, хтосьці збочваў сюды, калі даведваўся, што тут бацькаўшчына знакамітага музыканта і спевака. І гэта абавязвае да многага.Таму хочам пры фінансавай падтрымцы польскага боку зрабіць рэканструкцыю даху клуба-музея: шыфер замяніць на аўтэнтычную дранку. Ужо рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя, прыязджаў да нас і даў парады эксперт з Польшчы.

 

Да таго ж я далучыўся да фан-клуба Чэслава Немэна. Змясціў там інфармацыю да 80-годдзя знакамітага музыканта. Дарэчы, яго дачка Марыя Гатоўска не супраць прыехаць да нас на свята песні ў гонар бацькі.
Між іншым, турыстычная прывабнасць клуба-музея Чэслава Немэна абудзіла інтарэс да гэтых мясцін і ў прадпрымальных людзей. Тут з’явілася новая аграсядзіба, ля касцёла – ларок з сувенірамі. Планы на адкрыццё аграсядзібы і абуладкаванне аўтастаянкі ёсць і ва ўладальніка ўжо вядомай “Шкардзянкі”, які купіў у Старых Васілішках дом.

 

 Культурная спадчына, звязаная з жыццём Чэслава Немэна, несумненна, цікавая для палякаў. А бязвізаваму турысту з Літвы мы можам паказаць сядзібу Іваноўскіх у Галавічполі – малую радзіму Тадэвуша Іваноўскага – знакавай фігуры ў літоўскай навуцы. Зацікавіць можа і ўсё, што звязана з Алаізай Пашкевіч (Цёткай): напомню, яе мужам быў літовец Кайрыс. Вартым увагі аб’ектам экалагічнага турызму можна лічыць рэспубліканскі заказнік “Котра”, які разам з літоўскім “Чапкеляем” стварае адзіную тэрыторыю Рамсарскіх угоддзяў. 

 

– Хутчэй за ўсё, Аляксандр Генрыхавіч, замежны турыст зазірне ў Шчучын…

 

– Таму горад павінен быць максімальна зручным для перамяшчэння замежных гасцей. На адной з мабільных платформаў ужо распрацавана азнаямляльная экскурсія – своеасаблівы аўдыёгід для смартфонаў, які правядзе турыста ад МіГ-25 да цэнтра горада і цікава раскажа пра 11 аб’ектаў. А яшчэ на ўездзе ў Шчучын размесцім новы банэр-карту з кюар-кодам: навёўшы на яго смартфон, можна будзе даведацца пра знакавыя аб’екты і мясціны ўсяго рэгіёна і выбраць для сябе, што паглядзець.

 

– Але аглядам аб’ектаў і краявідаў сыты не будзеш. Падарожніку трэба недзе спыніцца, каб падсілкавацца, пераначаваць…

 

– Летась у трох гасцініцах Шчучына спынілася каля 800 замежнікаў. Канешне, не ўсе яны турысты. І ўсё ж гэтыя людзі ўбачылі наш горад, зазірнулі ў крамы і кавярні… Між тым, трэба прызнаць, нашы гасцініцы не разлічаны на вялікі паток турыстаў. Аднак у раёне ёсць 24 аграсядзібы (5 з іх зарэгістраваны сёлета), гатовыя прыняць з беларускай гасціннасцю і каларытам і суайчыннікаў, і гасцей з іншых краін – такіх летась было каля 80. Спыніцца можна і ў паляўніча-рыбалоўнай гаспадарцы “Каменскае”, і ў Доме паляўнічага ў Зачэпічах, дзе створана выдатная база для адпачынку на прыродзе і добрыя ўмовы да ахвотных парыбачыць ці здабыць паляўнічы трафей. Яшчэ адзін падобны аб’ект будуецца ля Астрыны. 

 

А некалькі нашых аграсядзіб, якія спецыялізуюцца на цікавостках сельскага быту і жыцця, заахвоціліся аб’яднацца ў кластар пад умоўнай назвай “Церам забаў”. Далучыцца да іх пажадалі і ўласнікі сялянскай фермерскай гаспадаркі з Лідскага раёна, якія займаюцца… развядзеннем аленяў. Лічу, калі ў маршрут па аграсядзібах уключыць наведванне цікавых мясцін, аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, то чалавек можа правесці ў раёне не дзень-два, а тыдзень. А яшчэ ў нас створана аэрасядзіба (!) на тэрыторыі былога аэрадрома – для аматараў малой авіяцыі. Задумваюцца, як павысіць якасць абслугоўвання гасцей, і аб’екты грамадскага харчавання.

 

 Сярод турыстаў людзі з рознымі запытамі: аднаму патрэбны ўсе выгоды, а нехта хоча пабачыць свет без вялікіх затрат. Таму на базе цэнтра турызму і краязнаўства для бюджэтных падарожнікаў ужо адкрыты хостэл на 20 ложкаў. Упэўнены, попыт на яго будзе. Ад Гродна – 60 кіламетраў, маладыя людзі могуць спакойна пераадолець гэты шлях на тых жа веласіпедах і спыніцца на начлег у нашым Шчучыне.

 

– Дзякуй за размову.

 

Гутарыла Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!