Шчучынец Міхаіл Станевіч іграе ў сталічным гурце “Intelligency”

“Прачэсваючы” ютуб у пошуках якаснай беларускай музыкі, выпадкова ўбачыў незвычайны кліп сталічнага гурта “Intelligency”. Якое ж было маё здзіўленне, калі сярод удзельнікаў гэтага праекта я пазнаў земляка Міхаіла Станевіча, які віртуозна граў на бас-гітары. 
Ужо праз некалькі хвілін пасля прагляду відэароліка я знайшоў старонку шчучынскага музыкі ў сацсетках і пацікавіўся, што падштурхнула яго да творчасці і як “занесла” ў тэхна-джаз бэнд. 

– Маё захапленне музыкай пачалося яшчэ ў дзяцінстве, – гаворыць Міхаіл Станевіч. – Будучы школьнікам, “да дзірак” заслухаў касеты бацькоў, якія знайшоў дома. У старэйшых класах “падсеў” на музычны канал MTV, які трансліраваўся па кабельным тэлебачанні. Там “круцілі” шмат цікавых гуртоў – ад “Red Hot Chili Peppers” да “Korn” і “The Chemical Brothers”. Вось так і фарміраваўся мой музычны густ. Цяпер слухаю музыку розных напрамкаў: ад джаза да тэхна.


Неяк аднакласнік Міхаіла Акім Абяльчук прывёў яго ў Польскі дом на гурток гітары. Заняткі наведвала мноства рабят, і ўсе інструменты на той момант былі заняты, акрамя… бас-гітары. Яе Міхаіл і ўзяў у рукі, што стала лёсавызначальным.
– Менавіта тады мне і захацелася іграць жывую музыку і выступаць на сцэне, – успамінае наш суразмоўца. – Хутка разам са сваімі сябрамі Акімам Абельчуком і Аляксандрам Ісаевым мы пачалі рэпеціраваць у раённым Доме культуры пад кіраўніцтвам выкладчыка Эдварда Вацлававіча Гайдукевіча. Будучы выдатным музыкантам, ён дапамагаў нам разбіраць і развучваць розныя песні і маршы. Сыграўшыся, вырашылі прыняць удзел у традыцыйным музычным конкурсе “Top school”. Для выступлення падрыхтавалі песню “Enjoy the silence” легендарнага брытанскага рок-гурта “Depeche Mode”. Публіка прыняла нас вельмі цёпла, што падштурхнула займацца музыкай і далей. Пасля яшчэ некалькі разоў выступалі ў нашай альма-матэр – гімназіі г. Шчучына. Асабліва запомніўся канцэрт ля раённага Дома культуры падчас святкавання Дня горада. Мы вельмі хваляваліся перад выхадам на сцэну, але ўсё прайшло цудоўна!


Спасцігаючы асновы гульні на бас-гітары, Міхаіл Станевіч не забываў і пра вучобу. Пасля заканчэння гарадской гімназіі паспяхова паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на факультэт інфакамунікацый. Здавалася б, інжынер сувязі – не самая творчая прафесія, асвойванне якой патрабуе шмат часу. Аднак, нягледзячы на напружаны вучэбны графік, Міхаіл не закінуў сваё хобі і працягваў займацца музыкай.


– Падчас вучобы ва ўніверсітэце праходзілі капуснікі, студдэбюты для першакурснікаў, ладзіліся тэатральныя пастаноўкі, – працягвае мой суразмоўца. – Я з задавальненнем прымаў удзел у такіх мерапрыемствах. А чаму не? Гэта выдатная магчымасць праявіць сябе і знайсці новых сяброў. Дарэчы, менавіта так я і пазнаёміўся з нашым будучым гітарыстам. Ён тады якраз збіраў свой гурт. Мы моцна пасябравалі і пачалі інтэнсіўна рэпеціраваць. Менавіта на той перыяд прыходзяцца першыя выступленні на вялікай сцэне.
Дзякуючы даволі высокаму ўзроўню валодання інструментамі і выдатнай сыгранасці, рабят хутка заўважылі і пераманілі ў другі рок-гурт. Нягледзячы на добры старт, праект, на жаль, праіснаваў нядоўга. Пэўны час Міхаіл з сябрам Яўгенам Мурашкам ігралі кавер-версіі песень іншых выканаўцаў на выпускных вечарах, пакуль іх агульны знаёмы не паклікаў падыграць у толькі што створаным праекце “Intelligency”.


– Канцэрт праходзіў ва ўнутраным дворыку аднаго са сталічных кафэ, – успамінае шчучынскі музыка. – Гледачоў сабралася вельмі шмат, таму мандраж перад выхадам на сцэну быў даволі моцны. Аднак з першых жа акордаў публіка цёпла прыняла нас, адорваючы пасля кожнай песні гучнымі апладысментамі. Менавіта тады мы і адчулі, што разам здольны на многае, і пачалі інтэнсіўна рэпеціраваць. Хутка насачынялі трэкаў на паўнавартасны альбом у стылі тэхна-блюз і вырашылі яго запісаць.
Паколькі сродкаў на прафесійную музычную студыю ў рабят не было, яны арандавалі маленькую “каморку” ў друкарні. Менавіта там і праходзіў увесь працэс гуказапісу.


– З-за адсутнасці ў нашай музыцы жывых барабанаў мы вельмі мабільныя і можам рэпеціраваць нават у невялікіх памяшканнях, – кажа Міхаіл. – Новы альбом запісвалі пры дапамозе знешняй гукавой карты. Безумоўна, гэта не самы лепшы ў плане якасці варыянт, затое плаціць нікому не прыйшлося. Сам працэс праходзіў вельмі цікава! Для аранжыровак трэкаў “здымалі” мікрафонам усё, што можа гучаць: ад скрыпучых дзвярэй да чайных лыжак у кубку.
Дэбютная плытка гурта “Intelligency” хутка стала папулярнай у кругах меламанаў, і рабят сталі запрашаць на розныя канцэрты і фестывалі. Музыкі ўжо не толькі аб’ехалі ўсе абласныя гарады Беларусі, але і пабывалі ва Украіне (Кіеў, Адэса, Чарнаморск, Львоў), у Расіі (Санкт-Пецярбург, Масква, Смаленск, Тула) і Польшчы (Беласток).


– Нам пашчасціла дзяліць сцэну з такімі вядомымі гуртамі і выканаўцамі, як “Несчастный Случай”, Дорн, Mujuice, Нино Катамадзе, “Nizkiz”, “Onuka” і іншымі, – зазначае Міхаіл Станевіч. – А два гады таму ігралі на Дні горада Мінска ля гарадской ратушы перад тысячным натоўпам. Перажытыя тады эмоцыі немагчыма перадаць словамі! Але мы любім выступаць і ў маленькіх клубах, а таксама ў незвычайных месцах: пад мастамі, ва ўнутраных дворыках і інш. Нядаўна, да прыкладу, сыгралі канцэрт на даху шматпавярховага дома ў Кіеве. Выступленне знялі на відэа і зманціравалі кліп. Яго вы можаце ўбачыць на ютубе і ў розных сацыяльных сетках.


Як высветлілася, гэта не першы відэакліп у скарбонцы гурта “Intelligency”. Таксама ў сеціве “гуляе” нямала відэазамалёвак, дзе калектыў выступае на адкрытых пляцоўках.
– Пакуль у нашай дыскаграфіі ўсяго два альбомы, аднак спыняцца на дасягнутым не збіраемся, – запэўнівае Міхаіл. –  Зараз актыўна працуем над новым матэрыялам, які на гэты раз плануем запісаць у прафесійнай музычнай студыі. Пастаянна ўдасканальваем аранжыроўкі. Бывае, скрып звычайных палавіц можа падштурхнуць да сачынення хітовага матыву. У бліжэйшы час плануем прэзентаваць некалькі новых трэкаў у сеціве.
Падчас гутаркі Міхаіл прызнаўся, што часам адкладвае ў бок свой бас і бярэ ў рукі звычайную акустычную гітару ці сядае за піяніна. А яшчэ ён выдатна малюе і піша вершы. Праўду кажуць, таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім!


– Любоў да творчасці мне прывіў шчучынскі мастак Міхаіл Чарнадзедаў, чыю студыю “Вытокі” будучы школьнікам я з задавальненнем наведваў. – прызнаецца Міхаіл Станевіч. – На занятках ён часта ўключаў джаз або аўдыякнігі знакамітых пісьменнікаў. Усё гэта станоўча паўплывала на наш густ і ўзбагаціла культурна. Не дзіва, што многія мае сябры-“вытокаўцы” таксама звязалі сваё жыццё з творчасцю. Мы і цяпер падтрымліваем паміж сабой цесны кантакт: часта “спісваемся” ў сацсетках і дзелімся апошнімі навінамі. 
Дзіву даешся, як удаецца Міхаілу Станевічу сумяшчаць напружаны канцэртны графік гурта “Intelligency” з работай інжынера сувязі ў адной з мабільных сетак краіны. 
– Я ўжо прынаравіўся, – прызнаецца зямляк. – З панядзелка па пятніцу добрасумленна працую, а на выхадных мы з сябрамі ездзім выступаць. Калі ёсць вольны час – рэпеціруем. Навошта я ўсім гэтым займаюся, спытаеце вы? Таму што без музыкі не ўяўляю сваё жыццё! Магчыма, настане час, калі мне прыйдзецца выбраць паміж працай і творчасцю. І я ўжо вызначыўся з адказам на гэтае пытанне!
Аляксандр КАСПЯРЧУК. 
Фота з архіва Міхаіла СТАНЕВІЧА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!