Шчучынец Дзмітрый Шмідт перамог у двух міжнародных турнірах па спартыўнай хадзьбе

Шчучынец Дзмітрый Шмідт займаецца спартыўнай хадзьбой у Гродзенскім вучылішчы алімпійскага рэзерву ўжо другі год. За гэты час ён перамагаў на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Наступнай прыступкай да поспеху сталі выдатныя вынікі ў турніры міжнароднага ўзроўню. 
Фестываль спартыўнай хадзьбы напрыканцы жніўня ў польскім Гданьску сабраў спартсменаў з пяці краін. Беларусь у сваёй узроставай катэгорыі 2003-2004 гг. н., прадставіў шчучынец Дзмітрый Шмідт. На дыстанцыі 5 кіламетраў, якую ён прайшоў упершыню, спартсмен стаў лепшым з вынікам 23:50. 
У першай палове верасня падобны старт чакаў у літоўскім Друскінінкаі. 
– Умовы надвор’я для хадзьбы былі выдатныя – ніякай спякоты, – расказвае Дзмітрый. – У Літве дыстанцыя была трохі менш, тры кіламетры. Нягледзячы на тое, што я прыйшоў першым, мой уласны вынік быў не вельмі добры – да кандыдата ў майстры спорту не хапіла пяці секунд.
Займаецца Дзмітрый у трэнераў Алены Яўгенаўны Мазоўкі і Сяргея Рыгоравіча Следзя. У хуткім часе ў Гродне адбудуцца спаборніцтвы па спартыўнай хадзьбе памяці Пятра Пачынчука, у якіх шчучынец таксама прыме ўдзел. У планах і падрыхтоўка да чэмпіянатаў Еўропы і свету.
Юлія ЦІМАШЧУК.