Шчучынец Дзмітрый Дарашкевіч стаў героем Warface (+ВІДЭА)

Шчучынскі геймер Дзмітрый Дарашкевіч у складзе зборнай каманды “Repulse” стаў чэмпіёнам XIII міжнароднага турніру «Open Cup» па Warface, які прайшоў у сталічным спартыўна-забаўляльным комплексе Falcon Club.

Перад спаборніцтвамі ў сеціве адбылася прэзентацыя міні-фільма пра нашага земляка, знятага расійскімі журналістамі па ініцыятыве арганізатараў Lan-финала ў Мінску.

-- Турнір доўжыўся тры дні і выдаўся вельмі напружаным, -- дзеліцца  Дзмітрый Дарашкевіч. – Першая гульня ў нас была з перспектыўнай камандай “CrowCrowd”: мы прайгравалі па паядынках 7:9, але потым сабраліся і перамаглі з лікам 11-9. Затым сустрэліся з мацнейшай камандай «Young» і з-за дапушчаных памылак саступілі, вылецеўшы ў лузерсетку. Там зноў выйшлі на зборную “CrowCrowd”, з якой змагаліся за выхад у плэй-офф. Нам удалося знайсці слабыя месцы праціўніка і перамагчы яго на дзвюх картах з лікам 11-7 і 11-6. У паўфінале паспяхова разабраліся з камандай “8Bit”. У фінале сустрэліся з сур’ёзнымі прэтэндэнтамі на чэмпіёнскі тытул – зборнай “AG”. Згуляўшы на чатырох розных картах, мы пераможна завяршылі паядынак з лікам 3:1. На мой погляд, гэта быў самы захапляльны і відовішчны Lan-финал ў гісторыі Warface.

 

Радасць перамогі з Дзмітрыем раздзялілі яго мама Марыя Уладзіславаўна і малодшы брат Аляксандр, якія таксама прыехалі ў Мінск на Lan-финал. Яны былі моцна ўражаны высокім узроўнем арганізацыі спаборніцтваў і вялікай колькасцю балельшчыкаў, якія гучна падтрымлівалі любімыя каманды. Дадому сям’я Дарашкевічаў вярнулася з мноствам яскравых эмоцый.

-- Ніколі не думала, што захапленне майго сына гульнёй Warface прывядзе яго да такіх вышынь, -- гаворыць мама Дзмітрыя Марыя Уладзіславаўна Дарашкевіч. – Спачатку адносілася да гэтага хобі з насцярожанасцю: прасіла Дзіму не заседжвацца падоўгу за камп’ютарам, каб не “пасадзіць” зрок. Але ён не толькі паспявае рабіць усе хатнія справы, але і вучыцца “на выдатна”. Упэўнена: у наступным годзе ён закончыць школу з залатым медалём.

Шчыра радуецца за поспехі Дзмітрыя і яго настаўніца геаграфіі Таццяна Ігараўна Пекар.

-- Дзіма – вельмі мэтанакіраваны і адказны юнак, які актыўна ўдзельнічае ў жыцці школы, -- характарызуе свайго вучня Таццяна Ігараўна. – Ён заўсёды дабіваецца пастаўленай мэты. Неяк яго сябар паказаў мне відэа, дзе Дзмітрый выступае ў турніры па Warface. Ніколі не думала, што спаборніцтвы па кап’ютарнай гульні могуць быць арганізаваны з такім размахам. Тут усё як у сапраўдным спорце: каментатары, балельшчыкі, аналітыкі, анлайн трансляцыі.

-- Сёння кіберспорт актыўна развіваецца і набывае ўсё большую папулярнасць сярод моладзі, -- зазначае шчучынскі геймер. – Калі падыходзіць да яго прафесіянальна і з поўнай аддачай, можна дастойна зарабляць на жыццё. Выйграныя “прызавыя” я адкладваю на вучобу – у наступным годзе паспрабую паступіць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы або ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у Мінску. Упэўнены, у мяне гэта атрымаецца!

Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.