Шчучынцы Вадзім Бясецкі і Андрэй Умецкі сталі пераможцамі страйкбольнага турніру з удзелам малых штурмавых груп

На палігоне ля вёскі Глушнева, што на Гродзеншчыне, прайшоў страйкбольны турнір з удзелам малых штурмавых груп. За перамогу змагаліся 12 каманд з розных куточкаў краіны, у тым ліку і са Шчучына.

 Гонар нашага раёна абараняла “двойка” у складзе начальніка дзяжурнай змены ПАВЧ-1 Шчучынскага РАНС Андрэя Умецкага і старшага пажарнага гэтай жа часці Вадзіма Бясецкага.
– Спаборніцтвы праходзілі ў чатыры этапы, – гаворыць Вадзім Бясецкі. – Падчас першага мы з маім напарнікам Андрэем павінны былі аказаць першую медыцынскую дапамогу нашым саюзнікам, якія трапілі пад шквальны агонь умоўнага ворага і атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Для прыдання спаборніцтвам рэалістычнасці арганізатары выкарыстоўвалі штучную кроў і іншыя “хітрыкі”, якія дапамагалі стварыць атмасферу сапраўдных баявых дзеянняў. 
Другі этап праходзіў не менш захапляльна. Штурмавыя групы накіраваліся на нейтральную тэрыторыю ў пошуках улік, якія б пацвердзілі намер тэрарыстаў арганізаваць тэракт з прымяненнем хімічнай зброі. Нечакана стала вядома, што члены тэрарыстычнай групоўкі ўтрымліваюць на сваёй базе заложніка, якога неабходна вызваліць. Пры правядзенні выратавальнай аперацыі высветлілася, што палонны з’яўляецца добраахвотным інфарматарам баевікоў, таму была пастаўлена задача разабрацца са здраднікам і як мага хутчэй вярнуцца ў кропку эвакуацыі. Лепш за ўсіх з гэтымі заданнямі справіліся шчучынцы Вадзім Бясецкі і Андрэй Умецкі, якія і сталі пераможцамі спаборніцтваў. 
– Напярэдадні страйкбольнага турніру мы з Андрэем уважліва вывучалі сцэнарый і дэталёва прапрацоўвалі ўсе магчымыя варыянты развіцця падзей, – дзеліцца Вадзім Бясецкі. – Асноўны ўпор рабілі на фізічную падрыхтоўку. Аказанне першай медыцынскай дапамогі і эвакуацыя параненых – увогуле наш прафесійны абавязак, таму з гэтым праблем не было. А паколькі мы не першы год працуем разам, то і дзейнічалі вельмі зладжана. Безумоўна, будзем і далей гуляць у страйкбол, а атрыманы каштоўны вопыт дапаможа нам перамагаць!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.