Шчучынцы – каралі балотнага футбола

Наша футбольная каманда “ШчучынЛесКам” нядаўна вярнулася з Польшчы, дзе адстойвала гонар Шчучыншчыны на міжнародных спаборніцтвах па балотным футболе ў горадзе Чарамша. За чэмпіёнскі тытул акрамя 13 польскіх зборных змагаліся таксама беларускія футбольныя дружыны з Кобрына і Высокае.

Каманды-ўдзельніцы спачатку прайшлі строгі групавы адбор, у ходзе якога ў фінальную частку спаборніцтваў прабіліся восем мацнейшых зборных – у тым ліку тры беларускія. Шчучынскія футбалісты прадэманстравалі на полі выдатную фізічную падрыхтоўку і зладжаную камандную гульню. У фінальным матчы з фаварытамі турніру – беластоцкай футбольнай дружынай – нашы спартсмены ўпэўнена абыгралі сапернікаў “усухую” з лікам 2:0 і заваявалі чэмпіёнскі тытул. Да ўсяго шчучынскі варатар Вадзім Калечыц, які за ўсе матчы прапусціў усяго тры галы, быў прызнаны лепшым галкіперам спаборніцтваў і ўдастоены асобай узнагароды.

– У балотны футбол мы гуляем ужо чацвёрты год, – зазначае капітан каманды “ШчучынЛесКам” Валерый Блюднік. – У 2016 годзе на спаборніцтвах па балотным футболе ў польскім горадзе Чарамша мы заваявалі “бронзу”. Тады ў паўфінале па пенальці саступілі чэмпіёнам міру – камандзе з Беластока. Сёлета ўзялі рэванш! Вялікі дзякуй за фінансавую падтрымку дырэктару прадпрыемства “ШчучынЛесКам” Яну Генрыхавічу Комару, які зрабіў нашу паездку магчымай.

Вярнуўшыся з Польшчы, шчучынскія футбалісты працягваюць актыўна трэніравацца. Ужо заўтра яны прымуць удзел у чарговым туры чэмпіянату Гродзенскай вобласці па пляжным футболе, які стартуе ў 10.00 на пляцоўцы па пляжных відах спорту ў Шчучыне. А 11 жніўня каманда “ШчучынЛесКам” адправіцца на Аўгустоўскі канал, дзе пройдуць абласныя спаборніцтвы па балотным футболе. Хварэем за нашых!

Аляксандр КАСПЯРЧУК. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!