Шчаслівае “сёння” ўчарашніх “стобальнікаў”

Адзіная сістэма цэнтралізаванага тэсціравання дзейнічае ў Беларусі з 2004 года. За 14 год шмат выпускнікоў прайшлі гэта выпрабаванне. Самыя паспяховыя атрымалі найлепшы рэзультат – сто балаў.

Сярод выпускнікоў устаноў адукацыі Шчучыншчыны за гэты час восем юнакоў і дзяўчат здалі цэнтралізаванае тэсціраванне па адным з прадметаў на сто балаў. Гэта Марыя Антончык – выпускніца Навадворскага дз/с–СШ 2009 года, якая атрымала сто балаў па беларускай мове, Яўгеній Рымко – выпускнік гімназіі 2010 года – па матэматыцы, выпускнікі-гімназісты 2015 года Аляксандр Якусік – па рускай мове, Наталля Лісоўская – па англійскай мове і Людміла Ціцяк – па матэматыцы. Самы высокі бал атрымала ў мінулым годзе на цэнтралізаваным тэсціраванні па біялогіі выпускніца Жалудоцкай СШ імя В. Урублеўскага Алеся Вянсковіч. А сёлета гэту суполку “стобальнікаў” папоўніла гімназістка Анастасія Каспярчук, якая прадэманстравала выдатныя веды па англійскай мове.

Чым сёння займаюцца гэтыя юнакі і дзяўчаты, ці спраўдзіліся іх мары? Гэта мы і паспрабавалі высветліць.

Марыя АНТОНЧЫК:

– У нашай школе была створана сур’ёзная база для вывучэння беларускай мовы, таму, напэўна, і я атрымала такі вынік, нягледзячы на тое, што па сутнасці сваёй я больш “тэхнар”. Вырашыла паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы на факультэт будаўніцтва і транспарту. Падчас вучобы яго перайменавалі ў інжынерна-будаўнічы факультэт. Цяпер займаюся праектаваннем – працую інжынерам-канструктарам у ААТ “Гроднажылбуд”. Работу сваю люблю і вельмі рада, што калісьці мае сто балаў дапамаглі атрымаць жаданую спецыяльнасць.

Яўгеній РЫМКО:

– Са сваімі 370-цю баламі, якія я набраў падчас цэнтралізаванага тэсціравання, на будаўнічы факультэт, дзе марыў вучыцца, мог паступаць у любую вышэйшую навучальную ўстанову нашай краіны, дзе рыхтавалі спецыялістаў будаўнічых спецыяльнасцей, – прахадныя балы у кожнай былі значна ніжэйшыя за мае. Таму не магу сказаць, што такі рэзультат па матэматыцы стаў для мяне лёсавызначальным. Для атрымання вышэйшай адукацыі абраў будаўнічы факультэт БНТУ.

Сёння я працую ў філіяле Гродзенскае мантажнае ўпраўленне ААТ “Прамтэхмантаж” інжынерам-канструктарам, займаюся праектаваннем будаўнічых канструкцый.

Аляксандр ЯКУСІК – студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, займаецца на факультэце камп’ютарных сістэм і сетак па спецыяльнасці “інжынер-праграміст”. Закончыў тры курсы. Звязацца з Аляксандрам нам не ўдалося – пасля заканчэння абучэння на ваенным факультэце ён знаходзіцца на ваенных зборах. Як расказала яго мама Галіна Эдуардаўна, сын заўсёды вызначаўся вялікім жаданнем вучыцца. На цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы ён атрымаў 96 балаў, па фізіцы – 91. Нягледзячы на схільнасць да дакладных навук, добра ведаў і мовы. А як інакш, калі чытаць ён пачаў з трох годзікаў, а вялікія творы ў 600 старонак, як, напрыклад, “Гары Потэр”, праглынаў за суткі! Таму і цяпер ён паспяховы студэнт, імкнецца пастаянна асвойваць штосьці новае.

Наталля ЛІСОЎСКАЯ сур’ёзна займаецца вывучэннем замежных моў – англійскай і французскай. Каб атрымаць добрую практыку па французскай, накіравалася ў міжнародны летні лагер у Францыю. Разам з іншымі студэнтамі ў якасці валанцёра яна дапамагае аднаўляць форт у французскім горадзе Дзюнкерк. Па словах яе мамы Алены Яўгеньеўны, Наталля – студэнтка факультэта міжнародных бізнэс-камунікацый Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Глыбокія веды, атрыманыя ў гімназіі, пра якую заўсёды ўспамінае з цеплынёй, і сёння дапамагаюць дзяўчыне добра вучыцца. За гэта яна вельмі ўдзячна сваім былым настаўнікам, а асабліва Антаніне Міхайлаўне Злачэўскай, з якой да гэтай пары падтрымлівае сувязь.

Людміла ЦІЦЯК:

– Я ўжо закончыла трэці курс будаўнічага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “экспертыза і кіраванне нерухомасцю”. Дзякуючы 100 балам, атрыманым на тэсціраванні, мяне выбралі старастай групы. Вучыцца вельмі падабаецца. Заўсёды добрым словам успамінаю свайго педагога Тамару Васільеўну Уласаву, якая дала мне грунтоўныя веды па матэматыцы. Ва ўніверсітэце мне нашмат лягчэй разбірацца ў многіх прадметах, звязаных з матэматыкай, чым маім аднагрупнікам. Цяпер на працягу тыдня я працую важатай у хрысціянскім лагеры непадалёку Смаргоні. Выдатная магчымасць адпачыць, пазнаёміцца з іншымі студэнтамі і цікава бавіць час.

Алеся ВЯНСКОВІЧ:

– Вельмі шчаслівая ад таго, што спраўдзілася мая запаветная мара: я стала студэнткай лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Ужо паспяхова здала дзве сесіі, прайшла практыку ў адной з гродзенскіх бальніц. Вучыцца мне сапраўды цікава, хоць аб’ём інфармацыі вельмі вялікі. Дый гэта зразумела: каб стаць выдатным спецыялістам, трэба ведаць усё дасканала. За год вучобы ва ўніверсітэце канчаткова пераканалася ў тым, што выбрала правільны шлях.

Анастасія КАСПЯРЧУК:

– Гэты год стаў для мяне надзвычай паспяховым: я паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт сацыякультурных камунікацый па спецыяльнасці “сучасныя замежныя мовы” (перакладчык). Глыбокім вывучэннем англійскай мовы займаюся ўжо некалькі год, таму вельмі прыемна ўсведамляць, што ўсе затрачаныя намаганні не аказаліся дарэмнымі. Думаю, вучыцца будзе цікава, тым больш, што мне гэта вельмі падабаецца.

Ганна РУДСКАЯ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!