Сельскі сход, прысвечаны надзённай і актуальнай тэме бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва прайшоў у Вялікім Мажэйкаве

Асцерагайся бяды, пакуль яе няма - такая думка рэфрэнам гучала падчас шырокамаштабнага сельскага сходу ў Вялікім Мажэйкаве, прысвечанага надзённай і актуальнай тэме бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва. Удзел у зацікаўленай размове прыняла старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк.
– Мы даражым жыццямі ўсіх жыхароў раёна і кожнага чалавека паасобку. Хочацца, каб усе былі здаровыя і пражывалі ў бяспецы, – агучыла пазіцыю ўлады і суб’ектаў прафілактыкі Ганна Станіславаўна. – Нам трэба разам непакоіцца пра сябе і тых, хто нам дарагі.
“Бяспека – гэта не тое, на чым можна эканоміць”, – пераконваў мажэйкаўцаў першы намеснік начальніка РАНС С.В. Якімовіч. Сяргей Валер’евіч напомніў: летась на пажарах у раёне загінула 8 чалавек, 7 з якіх – у стане алкагольнага ап’янення. Алгарытм трагедый бы пад капірку: чалавек п’е, курыць у пасцелі, засынае і гіне. С.В. Якімовіч параіў вяскоўцам ні на хвіліну не пакідаць дзяцей адных дома, асабліва падчас вясновых канікулаў, вучыць іх правілам бяспекі на ўласным прыкладзе. Напомніў і пра тое, што надыход цёплых дзён актуалізуе праблему вясновых палаў.

Асцерагацца бяды, пакуль яе няма, заклікалі і іншыя службовыя асобы, упаўнаважаныя навучыць людзей бяспецы жыццядзейнасці. Так, участковы інспектар міліцыі А.У. Арцюх перасцярог людзей быць празмерна даверлівымі да чужых і малазнаёмых “гасцей”. А майстар раёна газазабеспячэння А.М. Яцкевіч зрабіла акцэнт на тым, што выпадкі атручвання ўгарным газам часта адбываюцца па віне саміх уладальнікаў дамоў і кватэр, якія парушаюць правілы усталявання і эксплуатацыі газавых прыбораў. Начальнік інспекцыі Энерганагляду С.А. Куроўскі, разважаючы пра бяспеку жыцця, настойліва раіў выкарыстоўваць аўтаматычныя пробкі і ні ў якім разе не даручаць “народным умельцам” рамонт і абсталяванне электраправодкі.
 “Дзяржава мае магчымасць аказваць матэрыяльную дапамогу людзям, якія патрапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю”, – запэўніў прысутных начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Навіцкі і падрабязна расказаў аб відах такой дапамогі, сацыяльных паслугах для сацыяльна ўразлівых катэгорый насельніцтва. Ён жа засяродзіў увагу на пытанні занятасці. Па словах Андрэя Іванавіча, летась у раёне былі створаны 243 рабочыя месцы пры заданні 106. Сёння наймальнікі прапануюць 480 вакансій.
Г.С. Хвядзюк праінфармавала аўдыторыю пра дасягненні і перспектывы развіцця вытворчасці і сацыяльнай сферы ў раёне, расказала пра дэмаграфічную сітуацыю, заклікала актыўна ўключыцца ў навядзенне парадку на зямлі, а таксама адказала на пытанні ўдзельнікаў сходу.
Варта сказаць, што гарманічнай “запеўкай” для сходу стала выступленне школьнай агітбрыгады. Мовай паэзіі і казкі рабяты напомнілі пра тое, што нельга грэбаваць правіламі пажарнай бяспекі. Дарэчы, вучні гэтай школы Ілона Запаснік, Герман Саўко, Вераніка Будрэвіч і Анастасія Карповіч сталі прызёрамі раённага тура рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Ратавальнікі вачамі дзяцей”. У прысутнасці педагогаў, бацькоў, землякоў С.В. Якімовіч уручыў рабятам граматы і прызы.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!