Самыя розныя пытанні разглядаліся падчас пасяджэння раённага савета па дэмаграфічнай бяспецы

Падчас пасяджэння раённага савета па дэмаграфічнай бяспецы, якое праходзіла на выездзе – у Жалудоцкай гарбальніцы, разглядаліся самыя розныя пытанні. Адно з іх – формы работы для павышэння якасці і даступнасці медыцынскага абслугоўвання, паляпшэння, прама скажам, не самай лепшай дэмаграфічнай сітуацыі, якая склалася на Шчучыншчыне ў першым паўгоддзі 2019-га года.

 

Лячэбны алгарытм медыцыны

Кіраўніцтва ЦРБ шчыра зацікаўлена ва ўкараненні фармату комплекснага медыцынскага агляду пацыента ўрачом агульнай практыкі – незалежна ад таго, з якой праблемай ён прыйшоў на прыём. Практыкуецца ратацыя кадраў: урачы паліклінікі ідуць працаваць у стацыянар, а калегі адтуль – на іх месца. Удзяляецца ўвага забеспячэнню эфектыўнымі медпрэпаратамі. Так, у “аптэчцы” аддзялення рэанімацыі з’явіўся прэпарат “арыкстра” , неабходны для пацыентаў з вострым інфарктам міякарда. Сем жыхароў раёна ужо адчулі яго лекавую сілу – людзі працягваюць жыць… Таксама ўведзены шэраг скрынінгавых праграм па раннім выяўленні анкалагічных захворванняў. Набыты новы апарат і пачата праграма скрынінгу рака прастаты: толькі за два тыдні пяць пацыентаў з павышаным ПСА накіраваны на кансультацыю ў Гродна. 

Распрацаваны і алгарытм дзеяння для дапамогі пацыентам з вострым парушэннем мазгавога кровазвароту. 

 

– Мы цяпер такіх пацыентаў, канешне, калі дазваляе іх стан, адразу ж транспартуем у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, у гродзенскую ўніверсітэцкую клініку для правядзення камп’ютарнай тамаграфіі і аказання дапамогі, – паведаміў галоўны ўрач УАЗ “Шчучынская ЦРБ” І.У. Загароўскі. – За паўгода туды дастаўлены 43 пацыенты.

Да таго ж у ЦРБ актыўна ўкараняюць электронную сістэму аховы здароўя: каля 20 % насельніцтва раёна ўжо мае электронныя карткі. Камп’ютарамі забяспечваюцца ўрачы агульнай практыкі і ўрачы паліклінікі, устанавілі новую тэхніку і ў дзіцячай кансультацыі, цяпер пракладваюць туды камп’ютарную сетку. На чарзе 5-павярховы корпус. А ў планах – поўная камп’ютарызацыя сістэмы аховы здароўя раёна. Гэтыя новаўвядзенні дапамагаюць у арганізацыі прыёму і лячэння пацыентаў. “Днямі падключылі да камп’ютарнай сеткі лабараторную дыягностыку: урачу паліклінікі цяпер не трэба чакаць, пакуль медсястра прынясе рэзультаты аналізаў, ён бачыць іх у сваім камп’ютары”, – задаволены галоўны ўрач. 

 

Але перафарматаваць медыцыну, ліквідаваць яе “балявыя кропкі” ў адно імгненне не атрымаецца, прызнае І.У. Загароўскі. Патрэбны сур’ёзныя сродкі, да таго ж пакуль не знята кадравая праблема. Да прыкладу, у жніўні ў рамках рэарганізацыі хуткай медыцынскай дапамогі ўводзіцца брыгада інтэнсіўнай тэрапіі, таму існуе патрэба ў фельчарах.

Несумненна, медыцына робіць многае, каб людзі былі здаровыя. І ўсё ж у гэтым найперш павінен быць зацікаўлены пацыент, перакананы І.У. Загароўскі. 

 

Самае галоўнае ў жыцці – жыццё

 Каб было зразумела, чаму кіраўніцтва раёна і ЦРБ так зацікаўлена ў рэфармаванні сістэмы аховы здароўя раёна, выступае за інавацыі ў медабслугоўванні, звернемся да лічбаў і фактаў. Так, за паўгода ў рамках дыспансерызацыі медагляд прайшлі 59,8 % пацыентаў ад тых 22 тысяч, якім належала гэта зрабіць.

 

Упершыню захворванні выяўлены ў 1354 чалавек, а прыкладна 59 % асоб працаздольнага ўзросту маюць хранічныя захворванні, якія вядуць да інваліднасці ці да смерці. “А між тым самае галоўнае ў жыцці – жыццё”, – слушна заўважыла намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта.

 

Увогуле дэмаграфічная сітуацыя ў раёне складаная, і такой яна можа заставацца працяглы час. Рэгіён старэе: жыхароў ва ўзросце да 18 год менш за 20 працэнтаў, пенсіянераў – больш за 35 %, а людзей, старэйшых за 70 год, – 18,5 %. Сярэдняя працягласць жыцця складае 73,7 года пры 75,1 – летась. Гэта звязана з тым, што вырасла смяротнасць сярод працаздольнага насельніцтва: калі за паўгоддзе 2018-га дачасна пайшлі з жыцця 76 землякоў, то сёлета ўжо 90. Да таго ж трэць з гэтых людзей памерла ад знешніх прычын: патанулі, згарэлі, учынілі суіцыд… 

Важны арыенцір у рабоце медыкаў – Дзяржаўная праграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016 – 2020 гады. За паўгоддзе 2019-га з 15 паказчыкаў выкананы 9, адзначыў І.У. Загароўскі. Ёсць і станоўчы момант.

 

– За першае паўгоддзе гэтага года сумеснымі намаганнямі ўсіх службаў атрымалася знізіць агульную смяротнасць насельніцтва, – заўважыў Іван Уладзіміравіч. – У раёне нарадзілася 159 немаўлят, што крыху больш, чым летась.

 

На пасяджэнні былі абмеркаваны і іншыя, не менш важныя пытанні. 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!