Салістка ўзорнай студыі “Апрель” Паліна Бекіш атрымала Гран-пры ў I-ым Адкрытым дзіцячым і юнацкім конкурсе выканаўцаў сучаснай папулярнай песні з аркестрам

Паліна Бекіш – салістка ўзорнай студыі “Апрель”, якою вось ужо шмат гадоў кіруе таленавіты педагог дадатковай адукацыі Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Святлана Іванаўна Аляксеева, атрымала Гран-пры ў I-ым Адкрытым дзіцячым і юнацкім конкурсе выканаўцаў сучаснай папулярнай песні з аркестрам “Super Hits with Orchestra”.

– Гэты конкурс праходзіў у Мінскім гарадскім палацы культуры ў рамках Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Мірны фэст. Мінск-2018”, – расказвае Паліна. – У канкурсантаў была ўнікальная магчымасць выступіць з прафесійным аркестрам (малы склад) і выканаць супер-хіты. Юныя артысты спявалі з кавер-бэндам “Versus” – гуртом, які заняў другое месца і атрымаў прыз глядацкіх сімпатый у інтэрактыўнай музычнай прэміі кавер-бэндаў 2018 года. У склад журы конкурсу ўваходзіў Віктар Бабарыкін – мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь, Святлана Стацэнка – мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя В. Мулявіна і іншыя.
Для таго, каб трапіць на конкурс, патэнцыяльным удзельнікам неабходна было папярэдне адправіць відэазапіс са сваім выступленнем. У выніку было адабрана 13 канкурсантаў.
– Перад выступленнем мы ездзілі ў Мінск на рэпетыцыю, – расказвае Святлана Іванаўна. – Ужо тады арганізатары сказалі нам, што музыканты прыкмецілі дзвюх дзяўчынак, адна з якіх была Паліна.
Вельмі задаволена сваёй перамогай і Паліна.


– Гэтыя музыканты з аркестра вельмі вясёлыя і прыемныя, – дзеліцца яна сваімі ўражаннямі. – Перад выступленнем нас размеркавалі на тры групы, я апынулася ў старэйшай, дзе было пяць чалавек. Выступала пад нумарам тры. Для далейшага ўдзелу мяне абрала сама група. Вельмі прыемным сюрпрызам стала вестка пра тое, што я стала лаўрэатам першай ступені разам з яшчэ адной дзяўчынкай. А вось Гран-пры – гэта было поўнай нечаканасцю! Са сцэны ішла з поўнымі рукамі падарункаў, галоўным з якіх быў ноўтбук. Падчас выканання песні “Sweet People” я зусім не думала аб тым, што спяваю на конкурсе. Толькі атрымлівала асалоду ад гучання свайго голасу разам з аркестрам.
Яркая перамога Паліны – гэта не адзінае дасягненне выхаванцаў Святланы Іванаўны Аляксеевай. Нядаўна ў Мінску адбыўся 4-ы Міжнародны фестываль-конкурс “Творчасць без межаў”, у якім прыняў удзел квартэт “Апрель” – Паліна Бекіш, Валерыя Кос, Кацярына Раманава і Надзея Санько. Фестываль-конкурс праходзіў у два туры: 1-ы тур – завочны, у ім прынялі ўдзел 480 творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў, а гэта больш за 3000 чалавек.


Па выніках завочнага тура былі адабраныя 267 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Літвы, Італіі, Германіі. У складзе журы знаходзіліся прадстаўнікі Беларусі і Італіі.
 Ва ўзроставай катэгорыі 14-17 гадоў у сур’ёзнай канкурэнцыі шчучынскія дзяўчаты выдатна справіліся з хваляваннем і дастойна прадставілі сваю ўзорную студыю! Квартэт “Апрель” – лаўрэат II ступені!
А вось на lll Міжнародным конкурсе мастацтваў “Хрустальны Васілёк” квартэт стаў лаўрэатам l ступені і атрымаў сертыфікат на бясплатны ўдзел у міжнародным фестывалі “На крылах лета - 2019” у Балгарыі. Малайцы!
Ганна РУДСКАЯ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!