Рыхтуемся да чарговага перапісу насельніцтва

У кастрычніку наступнага года ў Беларусі пройдзе чарговы перапіс насельніцтва. Такое даследаванне праводзіцца ў нашай краіне адзін раз у 10 гадоў. Для хуткага і паспяховага правядзення гэтай адказнай дзяржаўнай кампаніі важным пытаннем з’яўляецца дакладнае абазначэнне вуліц і нумарацыя будынкаў. У гэтым напрамку актыўна працуюць работнікі РУП ЖКГ сумесна са спецыялістамі аддзела статыстыкі Шчучынскага раёна, а таксама кіраўніцтвам сельсаветаў, арганізацый і прадпрыемстваў, на балансе якіх знаходзяцца неабазначаныя аншлагамі дамы і пабудовы.

– Кожны будынак павінен мець свой адрас, – зазначае загадчык аддзела статыстыкі Шчучынскага раёна Марына Іосіфаўна Каляда. – Існуе мноства аб’ектыўных прычын, чаму неабходна абавязкова абазначаць вуліцы, завулкі і домаўладанні ў кожным населеным пункце. Без гэтага невядома як называць нерухомасць у дакументах. Работнікам хуткай дапамогі, міліцыі, аварыйных і выратавальных службаў будзе складана знайсці адрас, па якім іх выклікалі. А гэта можа абярнуцца бядой! Вельмі важна, каб аншлагі і таблічкі з назвамі і нумарамі адказвалі ўсім устаноўленым патрабаванням, размяшчаліся на бачных месцах і служылі сапраўдным навігатарам. Дарэчы, з 6 лістапада ў Шчучыне і гарадскіх пасёлках Астрына і Жалудок будуць працаваць рэгістратары, якія выйдуць на вуліцы з планшэтамі, каб пераканацца ў наяўнасці занесеных на электронныя картаграммы домаўладанняў.
У РУП ЖКГ для абазначэння будынкаў ужо закупілі 150 аншлагаў, з якіх каля 100 будуць усталяваны ў мікрараёнах прыватнай жылой забудовы, а астатнія – ў райцэнтры. Аналагічную работу на сяле праводзяць сельвыканкамы сумесна з гаспадаркамі і іншымі зацікаўленымі арганізацыямі.
– Звычайна мы аддаём аншлаг гаспадарам дома, і тыя самі яго акуратна замацоўваюць на фасадзе, – гаворыць начальнік участка добраўпарадкавання РУП ЖКГ Дзмітрый Тадэвушавіч Місюк. – Таблічкі з нумарацыяй шматкватэрных дамоў і пад’ездаў у іх устанаўліваем самі. 
Між іншым, адказнасць за ўстаноўку і стан дамавых знакаў нясуць самі ўладальнікі жылых дамоў і адміністрацыйных будынкаў, таму ім варта паклапаціцца пра наяўнасць аншлагаў, каб пазбегнуць непрыемных сітуацый у будучым. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!