Разам многае па сіле

У Шчучыне адбылася ўрачыстасць, прымеркаваная да 30-годдзя Беларускага таварыства інвалідаў.

З нагоды знамянальнай падзеі на сустрэчу з членамі раённай арганізацыі прыйшлі ганаровыя госці – старшыня праўлення Гродзенскай абласной арганізацыі ГА "БелТІ" В.В. Лукашэвіч, намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама А.В. Пасюта, іншыя службовыя асобы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

– На працягу 30 год наша арганізацыя знаходзіцца ў пошуках магчымасцей зрабіць жыццё людзей з інваліднасцю больш разнастайным і цікавым. Стараемся дапамагчы ім вырашаць надзённыя праблемы, арганізуем адпачынак, аказваем падтрымку ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Таварыства наша жыве, мы актыўныя! – падкрэсліла старшыня раённай арганізацыі ГА "БелТІ" Рэгіна Адольфаўна Сарока, якая дастойна выконвае свае абавязкі кіраўніка вось ужо 16 год.

Рэгіна Адольфаўна назвала прозвішчы тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння раённай структуры БелТІ – першага старшыні А.С. Бякрэнева, яго паслядоўнікаў М.І. Салкевіча, Г.П. Рыжковай, М.М. Сасноўскага, а таксама сваіх надзейных і нераўнадушных паплечнікаў, якія цяпер шчодра аддаюць любоў і клопат іншым. Гэта К.С. Марук, Р.Ю. Макей, В.М. Фіцава, М.В. Ракевіч, Р.І. Рагінская, Л.І. Ліпская і іншыя.      

  У сваёй рабоце раённая арганізацыя адчувае паўсядзённую і істотную дапамогу кіраўніцтва Шчучынскага райвыканкама, абласнога ГА "БелТІ", ТЦСАН, святароў гарадскіх храмаў, падкрэсліла Р.А. Сарока. Вялікая ўдзячнасць за падтрыманне жыццядзейнасці арганізацыі спонсарам, за ўзаемадзеянне – кіраўніцтву прадпрыемства "ШчучынСпецПашыў".

Па словах старшыні, многія члены арганізацыі (а ўсяго ў ёй каля 300 чалавек) не замыкаюцца ў чатырох сценах: актыўна ўдзельнічаюць у спартыўных і культурных мерапрыемствах, развіваюць свае творчыя таленты. І разам падарожнічаюць – аб'ехалі практычна ўсю Беларусь. Увогуле, планаў і ідэй у дружнай каманды многа.

Эксурс у гісторыю стварэння Беларускага таварыства інвалідаў зрабіў старшыня абласнога ГА "БелТІ" В.В. Лукашэвіч. Сацыяльная абарона інвалідаў – сярод прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі, падкрэсліў Васіль Васільевіч. Аб гэтым сведчыць і прыняцце Закона аб безбар'ерным асяроддзі,  рэалізацыя  палажэнняў якога ідзе паўсюдна. Кіраўнік абласной структуры БелТі выказаў удзячнасць кіраўніцтву Шчучынскага райвыканкама за разуменне надзённых праблем людзей з інваліднасцю і іх вырашэнне.

Дарэчы, за актыўную дзейнасць па паляпшэнні якасці жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі і ў сувязі з 30-годдзем БелТІ раённая арганізацыя адзначана падзякай райвыканкама. Уручыла ўзнагароду намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта. Пры гэтым Алена Васільеўна надзвычай душэўна звярнулася да прысутных:

– Вельмі прыемна назіраць за поспехамі вашага таварыства. Новых ідэй вам, натхнення і сіл, каб дайсці да кожнага чалавека нашага рэгіёна, якому неабходны дапамога і падтрымка. Калі мы будзем адчуваць падтрымку з боку, калі мы ведаем, што побач людзі нераўнадушныя, тады і жыццё па-іншаму праходзіць, хочацца радавацца ранішняму сонцу, жыць і марыць...

 А.В. Пасюта пажадала ўсім здароўя, не падаць духам, а працягваць тварыць, сустракацца, будаваць планы, прапаноўваць ідэі і ўдзельнічаць у рэалізацыі дзяржаўных праграм.

Добрыя словы і пажаданні ў адрас арганізацыі-юбіляра і яе членаў выказалі таксама начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Навіцкі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Т.В. Ганчарук, дырэктар ТЦСАН С.У. Шанчук, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Э.С. Дзікевіч.

Расчуленыя цёплым прыёмам і душэўнасцю, выказаліся і непасрэдныя віноўнікі ўрачыстасці – члены шчучынскай раённай арганізацыі.

– Мы разам, і гэта так цудоўна! – падзялілася Галіна Рыгораўна Герасімчык. – Мы маем магчымасць удзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах, адправіцца ў цікавыя паездкі... Падтрымку свае арганізацыі, грамадства і дзяржавы я адчуваю заўжды.

Салідарна з жанчынай і старшыня ражанкаўскай пярвічкі Раіса Юльянаўна Макей:

– Для мяне грамадская арганізацыя БелТі – гэта дружба і падтрымка. Вялікая справа, што ў нас ёсць такі калектыў. А 30 год – гэта толькі ўзрост маладосці!

Многія ўдзельнікі святочнай імпрэзы пакідалі ўтульную залу з кветкамі, падарункамі і ўзнагародамі ў руках – Ганаровымі граматамі і Падзячнымі пісьмамі абласной і раённых структур БелТІ.

Душэўнасці ў надзвычай цёплую атмасферу свята дадалі вядучая імпрэзы Алена Барэль і таленавітыя артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Іх прыгожым галасам дружна апладзіравалі.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!