Работнікі бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі адзначаюць сваё прафесійнае свята

Сёння немагчыма ўявіць камфортнае жыццё без чыстай вады, гарачага водазабеспячэння і каналізацыі. І за ўсё гэта адказвае служба водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі РУП ЖКГ, якую вось ужо 11 гадоў узначальвае Віктар Іванавіч Бачко.

 

– Сюды я ўладкаваўся пасля службы ў арміі, – дзеліцца Віктар Іванавіч. – Пачынаў слесарам, затым працаваў машыністам, майстрам, пэўны час быў намеснікам начальніка водаканала, а ў 2009 годзе стаў яго начальнікам.

 

Пад кіраваннем Віктара Іванавіча Бачко служба водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі РУП ЖКГ зрабіла значны крок наперад у сваім развіцці. Істотна вырас і аб’ём работ. І гэта пры тым, што штат арганізацыі з-за непазбежнай аўтаматызацыі вытворчых працэсаў скараціўся амаль удвая і сёння налічвае каля 80 спецыялістаў.

 

– Раней мы забяспечвалі вадой і абслугоўвалі каналізацыйныя сеткі толькі Шчучына, Астрыны, Жалудка і Тапілішак, але паступова прынялі на свой баланс і іншыя населеныя пункты раёна, і сёння іх колькасць складае 26, – адзначае наш суразмоўца. – Паслугамі водазабеспячэння карыстаюцца амаль 26 тысяч чалавек, а водаадвядзення – звыш 22 тысяч абанентаў. Каб спраўляцца з такой нагрузкай, мы пастаянна ўмацоўваем матэрыяльна-тэхнічную базу, закупаем энергаэфектыўнае абсталяванне.

 

У мэтах памяншэння страт вады, якія згодна з даведзенымі нормамі не павінны перавышаць 12%, работнікі водаканала актыўна замяняюць зношаныя металічныя трубы на сучасныя поліэтыленавыя, у якіх тэрмін эксплуатацыі значна большы. Летась у раёне было адноўлена 1200 метраў водаправода і 600 метраў каналізацыі. Сёлета плануецца замяніць столькі ж.

 

– Працягласць водаправодных сетак, якія мы абслугоўваем, складае амаль 170(!) кіламетраў, – зазначае Віктар Іванавіч Бачко. – З такім аб’ёмам работ справіцца няпроста. Безумоўна, здараюцца парывы. Для іх аператыўнай ліквідацыі дыспетчарская служба працуе кругласутачна, і пасля трывожнага званка на месца аварыі адразу выязджае рамонтная брыгада. Звычайна праблему ўдаецца вырашыць за пару гадзін. Помніцца, два гады таму мы прама ў навагоднюю ноч мянялі згарэлую помпу ў Галавічполі. Спрацавалі настолькі хутка і якасна, што жыхары аграгарадка нават не адчулі нязручнасцей.

 

Яшчэ адным важным паказчыкам працы службы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі РУП ЖКГ з’яўляецца забеспячэнне насельніцтва чыстай пітной вадой. І ў гэтым напрамку зроблена таксама нямала: за апошнія некалькі гадоў было пабудавана 14 станцый абезжалезвання. Летась такія аб’екты запрацавалі ў аграгарадках Ляшчанка і Ражанка, дзякуючы чаму ўтрыманне жалеза ў вадзе ў гэтых населеных пунктах знізілася прыкладна з 3% да 0,03% пры ўстаноўленай норме 0,3%. Сёлета дзве аналагічныя станцыі абезжалезвання будуць пабудаваны ў Скрыбаўцах і Мураванцы. Увогуле ў рамках рэалізацыі рэспубліканскай праграмы “Чыстая вада” да 2025 года якаснай пітной вадой будзе забяспечана 100% насельніцтва Шчучыншчыны. Пакуль гэты паказчык складае 89,7%.

 

– Мы дапамагаем людзям правесці ваду і каналізацыю ў іх дамы: штогод рэалізуем каля 150 такіх праектаў, – працягвае Віктар Іванавіч. – Сёлета запусцілі пілотны праект па абсталяванні аднаго з дамоў па вуліцы Пушкіна ў Шчучыне электроннымі лічыльнікамі з дыстанцыйным зніманнем паказчыкаў. У будучым такія прыборы будуць усталёўвацца паўсюдна. Зразумела, для рэалізацыі ўсіх нашых амбіцыйных планаў патрэбны высокакваліфікаваныя кадры. І ў гэтым нам сапраўды пашанцавала! У арганізацыі працуюць такія прафесіяналы, як інжынер Ганна Анатольеўна Тамковіч, майстар Уладзімір Іосіфавіч Урбановіч, слесары Юрый Мікалаевіч Ляшчук, Валерый Янавіч Куроўскі і іншыя. Напярэдадні прафесійнага свята нашы перадавыя работнікі атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

 

Дарэчы, вызначыўся добрасумленнай працай і сам Віктар Іванавіч Бачко, за што быў удастоены Ганаровай граматы Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!