Пытаеце – адказваем. Змяненні па адказнасці за эканамічныя злачынствы

“Хацеў бы заняцца бізнесам. Стрымлівае тое, што такая дзейнасць не застрахавана ад пралікаў, а гэта цягне за сабой не сусім прыемныя наступствы. Праўда, кажуць, ёсць новы закон, які змяніў санкцыі асобных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, і цяпер дапушчаныя пры вядзенні бізнесу неістотныя памылкі не будуць фатальнымі для саміх бізнесменаў і іх сем’яў. Раскажыце, калі ласка, пра гэта”.
(Са звароту ў рэдакцыю) 

 

Тлумачэнні дае старшыня суда Шчучынскага раёна Ірына Уладзіславаўна ТОДАРАВА:

 

– Сапраўды, 19 ліпеня ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2019 года “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь”: такім чынам праведзена маштабная карэкціроўка крымінальнага заканадаўства. Ключавыя палажэнні закона накіраваны на змякчэнне крымінальнай адказнасці за злачынствы супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці. А галоўнай інавацыяй стала практычна поўная адмова ад так званай агульнай канфіскацыі. Раней такі від пакарання дазваляў судам пры пастанаўленні прыгавору па шэрагу крымінальных артыкулаў канфіскаваць у даход дзяржавы маёмасць асуджанага, якая ніяк не была звязана з учыненым злачынствам. І гэта было балючае пытанне не толькі для асуджанага, але і для яго сям’і. Цяпер жа замест агульнай канфіскацыі ў санкцыі шэрагу артыкулаў Асаблівай часткі КК уведзена дадатковае пакаранне ў выглядзе штрафу. Памер штрафу за злачынствы супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці і супраць інтарэсаў службы – ад 300 да 5000 базавых велічынь. 

 

Законам вызначана паняцце і пашырана сфера прымянення спецыяльнай канфіскацыі (ч.арт.46, арт. 46-1 КК), якая прымяняецца пры ўчыненні злачынства як разам з крымінальнай адказнасцю, так і пры вызваленні асобы ад крымінальнай адказнасці па падставах, прадугледжаных Крымінальным кодэксам.

 

Гэта значыць, суды будуць накіроўваць у даход дзяржавы не ўсю ўласнасць фізічнай асобы, а толькі маёмасць, атрыманую злачынным шляхам або набытую на сродкі, здабытыя такім шляхам, і даходы ад выкарыстання такой маёмасці, а таксама прадметы злачынства, калі яны не вяртаюцца пацярпеламу або іншай асобе. Падпадаюць пад спецканфіскацыю прылады і сродкі ўчынення злачынства, напрыклад, аўтамабіль, на якім яно ўчынена.

 

Важны момант: прыгаворы суда, якія прадугледжваюць дадатковае пакаранне ў выглядзе агульнай канфіскацыі, але не ўступілі ў сілу да 19 ліпеня 2019 года, у гэтай частцы выконвацца не будуць.
Таксама ў новым законе павышаецца парог буйнога і асабліва буйнога памеру па эканамічных злачынствах.

 

Так, эканамічныя артыкулы Крымінальнага кодэкса прадугледжваюць адказнасць ці павышаную адказнасць, калі ўрон нанесены ў буйным памеры, а гэта цяпер 1000 базавых велічынь (25500 рублёў) і больш, што ў разы перавышае паказчык, які прымяняўся раней. Асабліва буйны памер цяпер роўны 2000 базавых велічынь (51000 рублёў) і больш – пры ранейшых 1000 б.в. (25500 руб).

 

Ёсць і іншыя палажэнні, якія пацвярджаюць дэкрыміналізацыю эканамічнай дзейнасці. Так, за прадпрымальніцтва без рэгістрацыі ІП або юрыдычнай асобы парушальнікі будуць несці адказнасць толькі ў рамках адміністрацыйнага працэсу. А вось за дзейнасць без ліцэнзіі, у тых выпадках, калі закон абавязвае яе атрымаць, крымінальная адказнасць застаецца.

 

Падрыхтавала Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!