Прыём грамадзян і адначасова "прамую лінію" правяла сёння намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Наталля Іванаўна Крывіцкая сумесна з пракурорам Шчучынскага раёна Аляксандрам Уладзіміравічам Дзямідавым

Паступіла 6 тэлефонных зваротаў, а яшчэ два чалавекі захацелі быць выслуханымі непасрэдна на месцы прыёму. Свае пытанні агучылі перад службовымі асобамі жыхары райцэнтра, г.п. Астрына, аграгарадкоў Ражанка і Васілішкі.

Так,  адна з жанчын закранула важную пенсійную тэму. У 2017 годзе  гэта грамадзянка звярнулася ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама з заявай аб назначэнні пенсіі, але атрымала адмову. Як высветлілася, на законнай падставе. Бо ў адпаведнасці з заканадаўствам права на працоўную пенсію па ўзросце ў 2017 годзе прадастаўлялася пры наяўнасці стажу работы з уплатай абавязковых страхавых узносаў на працягу не менш за 16 год. А ў заяўніцы на той момант было толькі 9 гадоў працоўнага стажу і 4 -- страхавога…  Між тым сацыяльную пенсію яна зможа атрымаць толькі пры дасягненні 60-гадовага ўзросту.

 Здаецца, вяскоўка сітуацыю разумее, таму хоча знайсці работу. І намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю вобласці Н.І. Крывіцкая, і пракурор раёна А.У. Дзямідаў падтрымалі жанчыну ў гэтым жаданні, павялі з ёй размову пра магчымыя варыянты працаўладкавання.

Падчас прыёму не абышлося і без класікі жанру: мужчына сталых гадоў распавёў пра канфлікт з суседзямі. Па фактах праводзіліся праверкі, суседскія сутычкі ўжо неаднаразова "тушылі" суд і пракуратура. Прыняты рашэнні, вынесены пастановы… Толькі пагадзіцца з вывадамі аўтарытэтных інстанцый чалавеку аказалася складана. Уважліва выслухаўшы вяскоўца, пракурор раёна слушна заўважыў: "У ходзе асабістага прыёму мы не адменім рашэнне суда. Вывады – на чыім баку праўда, хто вінаваты – па словах не робяцца". Аляксандр Уладзіміравіч напомніў, што ёсць устаноўлены законам парадак абскарджання судовых рашэнняў, і яго трэба прытрымлівацца.

У тэлефонных дыялогах закраналіся пытанні сацыяльнага забеспячэння, землекарыстання, лазневага абслугоўвання, аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі, цэнаўтварэння на лекавыя сродкі і іншыя. Адным заяўнікам адразу дадзены вычарпальныя тлумачэнні, а другія атрымаюць адказы на свае звароты пасля больш дэталёвага разгляду і аналізу сітуацыі.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!