Прывітанні з шасцідзясятых

Сёння наш прыпынак - 1969 год. Менавіта ў гэтым годзе амерыканскі касмічны карабель “Апалон-11” упершыню ў гісторыі чалавецтва прызямліўся на паверхні спадарожніка Зямлі. Савецкія дзеці паглядзелі першыя серыі мультфільма “Ну, пачакай!”. Упершыню ў свеце састыкаваліся два пілатуемыя касмічныя караблі — савецкія “Саюз-4” і “Саюз-5”. 

У гэтым жа годзе шчучынцы святкавалі важныя юбілейныя даты: 50-годдзе стварэння Беларускай ССР, 50-годдзе першага камуністычнага суботніка, 25-годдзе вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, рыхтаваліся да 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Леніна.
У канцы шасцідзясятых гадоў Шчучынская раённая газета выходзіла пад назвай “Савецкая вёска” перыядычнасцю тры разы на тыдзень. Яе тыраж складаў 8700 экзэмпляраў, кошт - 2 капейкі за нумар. Рэдактарам ​​у той час быў Абрам Данілавіч Змудзяк. Газета была органам Шчучынскага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных.

Газета “Савецкая вёска”, 1969 год

Святочныя ўрачыстасці ў Шчучыне
Радасна і ўрачыста адзначылі залаты юбілей рэспублікі і кампартыі Беларусі працоўныя Шчучына і раёна. Ва ўсіх калгасах і саўгасах, на прадпрыемствах і ўстановах адбыліся ўрачыстыя сходы і вечары. 31 снежня другі сакратар абкома партыі тав. Фамічоў па даручэнню ЦК КПБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі, Савета Міністраў БССР і Белсаўпрофа ўручыў раёну памятны сцяг. 

 Лічбы і факты
У нашым раёне працуе 110 агульнаадукацыйных школ, 2 школы-інтэрнаты, дзіцячы дом і 13 дзіцячых садкоў. У вячэрніх школах і завочным аддзяленні Шчучынскай школы рабочай моладзі павышаюць свой агульнаадукацыйны ўзровень 1200 рабочых, калгаснікаў і служачых. У школах і дашкольных установах працуюць 1200 настаўнікаў і выхавацеляў. Трынаццаць настаўнікаў носяць званне заслужанага настаўніка БССР, 47 з’яўляюцца выдатнікамі народнай асветы. У 1967-68 навучальным годзе атэстат сталасці атрымалі 579 выпускнікоў сярэдніх школ раёна.
Сацыялістычныя абавязацельствы
Рыхтуючы дастойную сустрэчу 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна, вытворчы ўчастак Героя Сацыялістычнай Працы А.У. Гічана калгаса “1 Мая” ўзяў высокае сацыялістычнае абавязацельства атрымаць у гэтым годзе з кожнага гектара па 32 цэнтнеры збожжавых, 270 цэнтнераў бульбы, 550 цэнтнераў цукровых буракоў, 530 цэнтнераў кармавых караняплодаў.


Працоўныя рапарты
Рытмічна, без зрываў працуе калектыў Жалудоцкага рамонтнага завода. Таму намечаны графік паспяхова выконваецца. З пачатку года да Першамайскага свята да жыцця вернута 200 трактароў. Лепшых поспехаў дабіўся кавальска-слясарны ўчастак. У першамайскім сацыялістычным спаборніцтве ён выйшаў пераможцам. 
У памяці народнай
У Дзень памяці змагароў за народнае шчасце працоўныя раёна ўшанавалі памяць тых, хто беззаветна змагаўся з ворагам. Да велічнага абеліска прыйшлі рабочыя завода “Аўтапровад”, райбыткамбіната, будаўнічых арганізацый, усіх устаноў і арганізацый райцэнтра. Тут адбыўся мітынг, прысвечаны светлай памяці загінуўшых. Затым адбылося ўскладанне вянкоў да помніка-абеліска. Ганаровую вахту неслі піянеры. У гэты дзень ляглі вянкі і букеты жывых кветак да падножжаў помнікаў, устаноўленых у калгасах і саўгасах раёна.


Прадукцыю – высокай якасці!
Пад такім дэвізам працуюць рабочыя Жалудоцкага масласырзавода ў год ударнай ленінскай вахты. Асабліва добра ідуць справы ў члена КПСС, старшай апаратчыцы маслацэха Алены Хацук, якая нормы выпрацоўкі выконвае штодзённа на 115-120 працэнтаў. Выпушчанае заводам масла ідзе толькі на экспарт.
Выпуск повараў
На мінулым тыдні адбыўся чарговы выпуск у абласной школе-сталовай, якая ўжо некалькі гадоў працуе на базе Шчучынскага рэстарана. Яе паспяхова закончылі 43 навучэнцы. Толькі за два апошнія гады школа падрыхтавала 140 кваліфікаваных работнікаў для сталовых і рэстаранаў Гродзенскай вобласці.
Каб прыгажэў горад
За апошнія гады праведзена немалая работа па добраўпарадкаванню Шчучына. Сёлета пасаджана 200 дрэў, 12 тысяч кустоў, прыведзены ў парадак многія агароджы, пачата брукаванне вуліцы Горкага, працягваецца пракладка тратуараў па вуліцы Савецкай.
Сустрэча баявых сяброў
У дзень святкавання 25-годдзя вызвалення Савецкай Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў з розных канцоў нашай краіны ў Шчучын з’ехаліся былыя партызаны, якія ў грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся ў радах народных мсціўцаў за выгнанне акупантаў з нашай зямлі. Прыехаў на свята і былы камандзір Шчучынскага партызанскага злучэння Сцяпан Пятровіч Шупеня. Гэтымі днямі былыя партызаны прайшлі па партызанскіх сцежках, пабывалі на месцах баёў, на магілах сваіх баявых таварышаў, сустрэліся з жыхарамі вёсак, дзе ў гады вайны прыходзілася бываць.
Выдатны падарунак
Працоўныя Шчучынскага раёна ў хуткім часе атрымаюць выдатны падарунак – новую тыпавую бальніцу на 135 ложкаў. Ужо ў гэтым годзе будзе здадзены ў эксплуатацыю галоўны корпус на 95 ложкаў, а таксама усе дапаможныя памяшканні і корпус паліклінікі.
Рэкордны ўраджай
У чацвёртым вытворчым участку калгаса “1 Мая”, дзе загадчыцай Ірына Карповіч, атрымана па 60 цэнтнераў азімай пшаніцы “міронаўская 808” з гектара на плошчы 6,5 гектара. У калгасны свіран паступіла з гэтай плошчы 21 тона збожжа. Такі рэкордны ўраджай калгас збірае ўпершыню.


Мовай фактаў
Да ўз’яднання з Савецкай Беларуссю ў Шчучынскім раёне звыш 10 працэнтаў складалі беззямельныя сялянскія гаспадаркі, 20 працэнтаў гаспадарак мелі надзелы ўсяго да аднаго гектара. Больш трэці сялянскіх гаспадарак не мелі коней, а чвэрць – нават кароў. Ужо у 1940 годзе па ініцыятыве саміх сялян у раёне было створана 11 калгасаў. Пасля выгнання фашыстаў зноў пачалі стварацца калгасы. Да 1951 года ў раёне была поўнасцю завершана калектывізацыя аднаасобных гаспадарак. 
У рытме жыцця
“Савецкай вёсцы” споўнілася 30 год. Нарадзілася наша раённая газета ў першыя дні ўстанаўлення Савецкай улады на Шчучыншчыне і адразу стала заклікаць працоўных на пабудову новага жыцця. А ў гады Вялікай Айчыннай вайны, выходзячы ў падполлі, газета разам з народнымі мсціўцамі змагалася супраць фашысцкіх акупантаў, заклікала працоўных уступаць у партызанскія атрады. Цяпер газета мабілізоўвае працоўных раёна на барацьбу за выкананне рашэнняў XXIII з’езда КПСС. У дзень 30-гадовага юбілея мы з глыбокай павагай успамінаем яе першага рэдактара Мікалая Харытонавіча Назарава, былых рэдактараў Рабцава, Шыдлоўскага і іншых.
Новабудоўля
Напярэдадні Кастрычніцкага свята будаўнікі ПМК-26 здалі новы аб’ект – дом састарэлых. У ім прадугледжаны ўсе выгоды. У гэтым факце – яркае сведчанне клопатаў Камуністычнай партыі і Савецкага ўрада аб дабрабыце народа.
Цікава, а як жа ў 1969 годзе шчучынцы бавілі час? Гэта зараз для нас тэлевізар у кватэры - рэч натуральная, а вось 50 гадоў назад ён быў яшчэ ў навіну, асабліва ў вёсках. Але ж тэхнічны прагрэс хутка распаўсюджваўся, і вось ужо ўладальніцай шчаслівага білета навагодняй латарэі аказалася жыхарка вёскі Патока Леаніда Станіславаўна Жвірбля. Яна выйграла тэлевізар “Рэкорд” коштам 210 рублёў. У той час на адзіным (!) канале тэлебачання можна было паглядзець у адзін дзень: навіны, адзін мастацкі фільм, пазнавальныя перадачы, канцэрт класічнай музыкі. Ну а тыя вяскоўцы, якія яшчэ не набылі тэлевізары, бавілі вольны час (калі такі быў у сельскіх жыхароў) у бібліятэках і сельскіх клубах. 
Вось такім, спадзяюся, цікавым атрымалася наша падарожжа ў мінулае, у 1969 год.
Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!