Прыходзьце ў “Родны кут”: вам рады тут. Калектыў гэтай крамы па выніках работы прызнаны лепшым у сістэме спажыўкааперацыі раёна

Зялёны – колер камфорту і спакою. Менавіта ў такі афарбаваны аб’екты гандлю, якія належаць спажывецкай кааперацыі. У іх ліку і магазін “Родны кут”, які знаходзіцца на вуліцы Заводскай у Шчучыне. Працуе тут дружная каманда на чале з адказнай, кампетэнтнай і прыветлівай Юліяй Юр’еўнай Акуліч. Менавіта так характарызуюць маладога кіраўніка ў адміністрацыі Шчучынскага раённага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Дарэчы, калектыў гэтай крамы па выніках работы прызнаны лепшым у сістэме спажыўкааперацыі раёна.
Чаму пачынаем размову не пра эканоміку і тавараабарот, а пра чалавечыя якасці загадчыцы? Бо добразычлівасць і такт работніка гандлю – не менш важны складнік узорнага абслугоўвання, чым вялікі асартымент і зручная выкладка тавару, камфорт гандлёвай залы і якасць прадукцыі, якая рэалізуецца.

Дарэчы, усё пералічанае таксама прысутнічае ў “зялёнай краме” на Заводскай. Але ўвага да пакупніка тут асаблівы фірменны знак: як з боку загадчыцы, так і прадаўцоў. Агульная справа аб’яднала маладых і спорных да работы С.В. Бражнікаву, В.Д. Рудэнка, К.А. Мулярчык і Я.Р. Градзіцкую. Для чатырох членаў дружнага калектыву магазін стаў новым месцам працы. Толькі Кацярына Мулярчык працавала тут яшчэ да рэканструкцыі гандлёвага аб’екта. Напомнім: летась у лістападзе былы “пятнаццаты” адчыніў свае дзверы ўжо пад брэндавай назвай “Родны кут”. 
– Я перайшла сюды з магазіна, што ў Тапілішках, – расказвае загадчыца Юлія Акуліч. – Менавіта там, у маленькім “Спатканні”, была мая школа гандлю. На новае месца паклікала з сабой калегу Святлану Бражнікаву. Вікторыя Рудэнка, Кацярына Мулярчык таксама ўжо мелі пэўны вопыт работы – хто большы, хто меншы – у іншых крамах спажывецкай кааперацыі. А Ядзя Градзіцкая прыйшла з гродзенскага “сецевіка”. Спачатку была, так бы мовіць, прыцірка поглядаў, характараў, але хутка спрацаваліся! І сёння няма праблемы з узаемавыручкай, даверам і дапамогай.


“А мой дэвіз: “Не работа шукае чалавека, а чалавек работу”, – дзеліцца прыязная і гаваркая Святлана Васільеўна Бражнікава і спяшаецца ў гандлёвую залу – выставіць “свежы” тавар. Што і як рабіць, вучыць яе не трэба – за больш чым 15 год працы ў гандлі вопыту хапае. 
 Дарэчы, у выніку праведзенага рэбрэндынгу магазін стаў такім сучасным міні-маркетам. Размешчаны ён у крокавай даступнасці ад жылых дамоў. Насупраць расце новы мікрараён, таму да пакупнікоў са стажам дабавіліся і навасёлы, сярод якіх многа мнагадзетных сем’яў. З улікам пакупніцкага попыту – і асартымент, і графік работы магазіна. 
– Нездарма “Родны кут” з’яўляецца тэрыторыяй прыемных пакупак, – гаворыць Ю.Ю. Акуліч. – У нас шырокі выбар малочнай, мясной, рыбнай прадукцыі, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, агародніны і фруктаў – увогуле ёсць усё, каб можна было накрыць стол і накарміць сям’ю. Стараемся, каб чалавек, які прыйшоў толькі па малако, выйшаў з нашага “Роднага кута” з поўнай сумкай. Многіх ведаем у твар, што дапамагае ў зносінах. Дарэчы, гаспадыні ахвотна набываюць прадукцыю, вырабленую ў рэстране “Шчучын” і кафэ “Залаты бераг”, у тых жа рыбным цэху і цэху мясных паўфабрыкатаў… 


 У магазіне дзейнічае праграма дысконтных карт. Каб прывабіць пакупніка, зніжаюцца гандлёвыя надбаўкі. Кожны месяц на групу тавараў вызначаецца “Лепшая цана”: такія прапановы бываюць на алей, каўбасу, кураціну, кандытарскія вырабы і г.д. Гэты тавар заўважыць лёгка – ён пазначаны цэннікамі зялёнага колеру. Пра прывабныя акцыі раскажуць і яркія лістоўкі, якія можна ўзяць на ўваходзе ў магазін. “Канешне, людзі глядзяць і на абгортку, і на тэрмін годнасці, але ўсё ж цана тавару – галоўны арыенцір”, – пераканана Ю.Ю. Акуліч. Для зручнасці пакупнікоў – гарызантальная выкладка тавараў, у зале светла. Дарэчы, асобныя віды прадукцыі паступаюць на прылавак напрамую ад вытворцаў, штосьці – са склада. Усе гэтыя і іншыя “фішкі” дапамагаюць трымаць месячны тавараабарот у межах 80 тысяч рублёў.
Юлія Юр’еўна Акуліч – эканаміст па адукацыі, пачынала з прадаўца, таму ў арганізацыі гандлю ведае ўсё да драбніц. Маладая жанчына кажа, што ў адносінах да месца працы яна – адналюб. “ Чаму я застаюся ў спажывецкай кааперацыі?... – разважае загадчыца. – Бо наш раённы філіял – зладжаная структура. У адзіным рытме працуюць склады, гандлёвыя аб’екты, вытворчыя цэхі, розныя службы. А галоўнае – любое пытанне ў любы момант можна абмеркаваць з таваразнаўцамі і кіраўніцтвам. Дырэктар Вануш Рубікавіч Навасардзян і яго намеснікі заўсёды на сувязі: выслухаюць, параяць. Таму і хочацца тут працаваць”.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.