Праект "Фамільная каштоўнасць": расказваем пра жыхароў Шчучыншчыны, якія маюць прозвішчы, сугучныя з прафесіямі, відам дзейнасці ці рамяством

На гэты раз героямі нашага творчага праекта сталі людзі, якім лёсам наканавана насіць прозвішчы, сугучныя з прафесіямі, відам дзейнасці ці рамяством. Дарэчы, такіх на Шчучыншчыне многа: Кузняцовы, Мельнікі, Шкляры, Ткачы, Бондаравы, Ганчарыкі, Бортнікі... З такімі прозвішчамі не сорамна і на пір, і ў мір, і ў добрыя людзі. З траімі прадстаўнікамі “працоўнай суполкі” мы пагутарылі пра вытокі любві да малой радзімы, шляхі-дарогі, захапленні і простыя жыццёвыя рэчы. 

Як Пекар дэбіт з крэдытам зводзіў
Жыхар Шчучына Іван Дзеанізавіч Пекар і сёння з усмешкай успамінае даўні эпізод, звязаны з рэакцыяй людзей на ўласнае прозвішча:
– Было гэта ў 1980 годзе. Прызвалі мяне на службу ў армію, калі вучыўся ў Маладзечанскім улікова-планавым тэхнікуме, набываў спецыяльнасць бухгалтара. Салдат з такім профілем якраз і запатрабаваўся ў фінансавай частцы воінскага падраздзялення. Суправаджаючы даставіў мяне да месца службы і кажа: “Вось вам і Пекар!”. А там здзівіліся: “Мы ж прасілі не пекара, а бухгалтара”. 
Дарэчы, не здрадзіў Іван Пекар бухгалтарскай прафесіі і потым. Пасля заканчэння тэхнікума быў накіраваны на працу ў Шчучын. Першая службовая пасада – намеснік галоўнага бухгалтара мясцовай нарыхтоўчай канторы. Напрыканцы 80-х граматны спецыяліст працаваў ужо галоўным бухгалтарам у сельскім спажыўтаварыстве, пазней – старшынёй рэвізійнай камісіі і намеснікам старшыні праўлення па эканоміцы гэтай кааператыўнай арганізацыі. Без адрыву ад работы скончыў Гомельскі кааператыўны інстытут. 
Кажуць, на некалькіх крэслах не ўседзіш. Мой субяседнік не пагаджаецца: і такое бывае. І распавядае, як аднойчы давялося займаць, лічы, адначасова, тры пасады – дырэктара, намесніка галоўнага бухгалтара і таваразнаўцы. Было гэта ў 1986 годзе, калі выбухнуў Чарнобыль. Спецыяліст са Шчучына ў статусе ліквідатара аварыі апынуўся ў Брагіне. Мясцовы люд стараўся як мага хутчэй і далей ад’ехацца ад небяспечнага месца, апусцелі кабінеты ва ўстановах і арганізацыях. Але жыццё патрабавала, каб работа не спынялася. Тады і прыйшоўся дарэчы прафесіяналізм бухгалтара І.Д. Пекара.


– Адпрацаваў 33 дні: з 15 чэрвеня па 18 ліпеня, – расказвае памятлівы на даты і лічбы (не будзь-то бухгалтар!) чалавек. – Аднак на здароўі яны адбітак пакінулі. Таму ў 2000 годзе давялося развітацца з кіраўніцкай пасадай і перайсці на больш спакойную – вядучага спецыяліста па інвентарызацыйнай рабоце раённага філіяла аблспажыўтаварыства.
“К табе ў думках залятаю і там душою спачываю”, – узнёсла напісаў некалі паэт пра родны кут. Для Івана Дзеанізавіча згадкі пра бацькоўскі хутар ля вёсачкі Курчоўцы ў Воранаўскім раёне шчымліва сумныя. “У школу хадзіў у Забалаць: спачатку паўтара кіламетра пехатой, а потым на аўтобусе... А летам пастаянна сваіх кароў пасвіў – жылі ж воддаль ад вёскі, і зайздросціў аднагодкам, якім чарга хадзіць з пугай выпадала раз на месяц. Каб заахвоціць мяне, тата купіў матацыкл “Мінскі”. Там, на хутары, даўно нікога не засталося”, – расказвае ён. Успамінае сясцёр: адна жыве ў вёсцы Гіркі на Воранаўшчыне, а другая ажно ў Казахстане. 
І на рабоце Дзеанізавічу спраў хапае, і дома часу на сум няма. Сям’я ў яго добрая. Жонку Надзею Аляксандраўну – ураджэнку Шклоўшчыны – спаткаў яшчэ падчас вучобы ў тэхнікуме. Дачка Наталля – выкладчык у Гродзенскім гандлёвым каледжы, падрастае і радуе ўнук. Любімы занятак гаспадара дома – паход па грыбы. А яшчэ ён можа стаць да пліты і спячы свой фірменны пірог. А вось жонка – заўзятар рыбалкі! Вось такія яны – шчучынскія Пекары.
Свой лёс ні на якім кані не аб’едзеш
“Што праўда, то праўда!”, – пагаджаецца з народным выслоўем жыхарка вёскі Танявічы Сальвіна Аляксандраўна Ганчарык. Як высветлілася, быў конь і ў тым цікавым выпадку, які стаў лёсавызначальным менавіта для гэтай жанчыны. Вось якую гісторыю яна мне паведала:
– Мой тата – Аляксандр Іосіфавіч Язэпчык – ехаў на падводзе на ферму, дзе працаваў. Спыняе яго на дарозе галоўны аграном калгаса. “Язэпчык, у цябе дачка ёсць?” – пытае. “Есць”, – адказвае тата. “Дык вазьмі на кватэру зяця”, – кажа і ківае ў бок маладога хлопца. Бацька пагадзіўся і прывёз дамоў... майго будучага мужа, чацвёртакурсніка Гродзенскага сельгасінстытута Станіслава Ганчарыка. Менавіта яго накіравалі ў наш калгас на практыку. Калі мы пазнаёміліся, мне тады і васямнаццаці не было. Спадабаліся адно аднаму, а ў 1965 годзе і пажаніліся, дачушка нарадзілася.
Калі малады аграном атрымаў дыплом, накіравалі яго на працу на Віцебшчыну. Паехаў туды адзін, а жонка засталася ў бацькоўскім доме. “Ох, і пагаварылі тады мясцовыя кумкі, – смяецца Сальвіна Аляксандраўна. – Маўляў, аддалі Язэпчыкі дачку за чужога хлопца – Стась быў з Валожынскага раёна, вывучылі зяця, а ён збег.... Не спраўдзіліся іх словы. Аднойчы пад’ехаў мой Стась на бартавой машыне, загрузіў пажыткі, пасадзіў у кабіну мяне з месячнай дачкой і ў дарогу...”.


Сальвіне Аляксандраўне не проста было прывыкаць да чужога месца. Хаця жыццё ладзілася: яе Станіслаў Канстанцінавіч па службе павышэнне атрымаў – з галоўнага агранома да дырэктара саўгаса вырас, яшчэ адна дачка і сын нарадзіліся, сама завочна інстытут скончыла, стала калегай мужу... Але нітачка з родным домам аказалася надзвычай моцная. А тут аднойчы мама з Танявічаў праведаць прыехала, солі на рану, сама таго не хочучы, падсыпала. “Ах дачушка, – засмуцілася вясковая кабета, – сюды ж ні адна птушачка з нашага краю не прылятала...”. І даччынае сэрца зашчымела.
На Віцебшчыне Ганчарыкі пражылі 16 год. А калі бацькі Сальвіны Аляксандраўны пастарэлі і запатрабавалі догляду, яна стала “цягнуць” мужа ў Танявічы. І той пагадзіўся вярнуцца. Балазе з работай праблем не было.
Так Сальвіна Аляксандраўна спатрэбілася там, дзе нарадзілася. Сям’я Ганчарыкаў купіла ў калгасе цагляны дом. “Але цяпер ён пустуе. Калі не стала мужа і бацькоў, перайшла жыць у родны дом, – уздыхае субяседніца. – А сваю вёсачку я вельмі люблю! Яна мне такая дарагая! Шкада толькі, што не гамоніць, як раней. Мала, ой як мала землякоў збіраецца цяпер ля вясковай капліцы ці на сход”. Між іншым, вяскоўка верш сваім родным Танявічам прысвяціла. Проста і душэўна атрымалася.
Дарэчы, Сальвіна Аляксандраўна Ганчарык у сваіх Танявічах чалавек паважаны: землякі даверылі ёй быць старастай. Актыўная і спагадлівая жанчына не акідае пажылых і нямоглых людзей. Яна – першы памочнік сельсавецкай улады, ініцыятар многіх добрых спраў.
Хаця гэта прыязная, гаваркая і душэўная жанчына і сама ў паважаным узросце – ёй 70, але пасіўнасць не для яе. Трымае ў гаспадарцы шмат жыўнасці. Багатая на радню: унукаў шасцёра і праўнукаў пяцёра. Калі збіраюцца разам, ёсць што ўспомніць. У прыватнасці, пра даўніну. Як жыла мнагадзетная сям’я Язэпчыкаў (акрамя Сальвіны, былі яшчэ тры браты). І ўсе як адзін – самадзейныя музыкі! Бацькі і дзеці гралі і спявалі – заслухаешся! Зрэшты, гаворыць дружная радзіна і пра іншае з насычанага падзеямі жыцця.
“Сыны мае – мой рухавік жыцця!”
Сярод носьбітаў, так бы мовіць, масцеравых прозвішчаў – яшчэ адзін цікавы чалавек. Знаёмцеся: Алег Мікалаевіч Ткач – начальнік аддзела матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад”. Але наша з ім размова – не пра вытворчасць. “З чаго і ў якіх колерах саткаў сваё жыццёвае палатно Алег Ткач?”, – спытала ў субяседніка.


– Я аналізаваў, з чым падышоў да 50-гадовага юбілею, – гаворыць субяседнік. – Пабудаваў дом, дрэвы пасадзіў, доўг Радзіме аддаў, род свой прадоўжыў, нічога паганага людзям, здаецца, не зрабіў”.
Скажаце, нічога асаблівага... Гэта калі не ведаць, што ў А.М. Ткача чацвёра цудоўных сыноў. Артуру ўжо 20 год, працуе і вучыцца ў Мінску. Уладзіславу – 11, ён прафесіянальна займаецца каратэ, неаднаразовы пераможца міжнародных спаборніцтваў. Бацька марыць адправіць яго на вучобу ў сувораўскае вучылішча. Ведае: жыццё па вайсковым статуце загартуе дух і цела. У свой час ён сам годна адслужыў на адным з ваенных караблёў Паўночнага флоту. А два гады таму яго любімая Святлана дабавіла колераў шчасця ў іх сямейны пейзаж – нарадзіла блізнят Платона і Мацвея. Малодшыя Ткачы з твару на бацьку падобныя, як кажуць, усе рысачкі пабралі! Маленькія ў цэнтры ўсеагульнай увагі, іх песцяць, з іх рады.
– Звычайна, калі бацькі ў такім узросце, як я, то і дзеці ў іх ужо дарослыя, ад’ехаліся ад дому. А мне ў 50 няма калі адпачываць, і я шчаслівы! – задаволены Алег Мікалаевіч. – Сыны мае – мой рухавік жыцця!
Трэба сказаць, не толькі бацьку з прадаўжальнікамі роду пашанцавала, але і дзецям з ім. Прыстойны і працавіты – гэтыя рысы Алег Мікалаевіч пераняў у спадчыну ад сваіх бацькоў, разумны і пазітыўны, а яшчэ спартыўны! Згадвае, як з дзяцінства прафесійна займаўся футболам, у 1986 годзе выходзіў на поле за зборную рэспублікі. Іграў у футбол за зборную Барысава, ды і цяпер у складзе ветэранскай футбольнай дружыны. Ганарыцца, што на піку спартыўнай кар’еры трэніраваўся ў знакамітым “БАТЭ”. А яшчэ ён вельмі любіць музыку. “31 снежня мы з жонкай абавязкова едзем у Мінск, каб наведаць тэатр – гэта наша сямейная традыцыя”, – усміхаецца Алег Мікалаевіч.
Дарэчы, у Шчучыне А.М. Ткач жыве і працуе амаль пяць год. Прыехаў сюды адначасова з тагачасным дырэктарам завода Г.В. Скітавым – сваім земляком, сябрам і калегам. Кажа, што сам ён лёгкі на пад’ём, змену месца работы ўспрыняў нармальна. У кампактным і чыстым Шчучыне падабаецца цішыня і размераны лад жыцця, заводскі калектыў і кіраўніцтва, умовы працы і зарплата, бытавы камфорт у інтэрнаце... Дарэчы, пэўны час на заводзе працавала і жонка, цяпер яна выхоўвае малых. Што цікава: у Шчучыне – карані роду Святланы. Так што Алег Мікалаевіч у пастаянным руху – між двума гарадамі. Але і ў Шчучыне паспявае згуляць у футбол з мясцовымі хлопцамі, пакатацца на веласіпедзе па былой “узлётцы”... І гэта таксама, як у песні пяецца, яго лёсу простае палатно.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.