Прадукцыю кампаніі “Праймілк” цяпер ведаюць і ў Нігерыі

Спецыялісты завода “Праймілк” вярнуліся з горада Лагаса – эканамічнага цэнтра Нігерыі, дзе праходзіла міжнародная выстава сельскай гаспадаркі, прадуктаў харчавання і напояў “Agrofood”. Прадукцыя шчучынскага прадпрыемства была ўключана ў склад нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь.
У выставе “Agrofood” удзельнічалі кампаніі з 24 краін свету. Акрамя Беларусі нацыянальныя павільёны прадставілі Германія, Італія, Кітай, Нідэрланды, Турцыя, Францыя, Швейцарыя. У рабоце беларускай экспазіцыі прынялі ўдзел больш за 20 кампаній і арганізацый, якія прадстаўляюць сельскагаспадарчае машынабудаванне, навуковыя распрацоўкі ў сферы сельскай гаспадаркі, прадукты харчавання і харчовыя інгрэдыенты.
Завод “Праймілк” прывёз на выставу высакаякасныя функцыянальныя інгрэдыенты на аснове малочнай сыроваткі для харчовай і кармавой прамысловасці. Гэты прадукт актуальны для афрыканскага рынку дзякуючы ўмеранай цане і шматфункцыянальнасці выкарыстання. Не дзіва, што ён выклікаў вялікі інтарэс ва ўдзельнікаў мерапрыемства.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!