Працягваем праект "Фамільная каштоўнасць": новыя героі нашага праекта – носьбіты “прыродных” ці “дрэвавых” прозвішчаў

Менавіта так сцвярджае народная мудрасць. З пазіцыі “чалавека глядзі ў справах” мы і ацэнім сёння новых герояў нашага праекта – носьбітаў “прыродных” ці “дрэвавых” прозвішчаў. А таксама даведаемся, наколькі моцныя родавыя карані ў гэтых людзей і цікавыя іх сямейныя традыцыі. 

Трымайся за дубок, дуб у зямлю глыбок
Пра надзейнасць сваіх “дубкоў” з роду Дубоўскіх Галіна Міхайлаўна можа расказваць доўга. Першым з павагай прыгадвае свёкра Мікалая Андрэевіча – удзельніка Вялікай Айчыннай, потым мужа Мікалая, які некалі дабравольцам (мог застацца дома, бо сыну не было і года) паехаў служыць у Афганістан. І ажно свецяцца вочы жанчыны, калі расказвае пра сына. “Ён у нас Мікалай Трэці”, – жартуе.


 Так атрымалася, што сын Коля вельмі рана пасталеў, а потым стаў ці не галоўным мужчынам у сям’і. Яго геройскі тата, не справіўшыся з “афганскім сіндромам”, дачасна пайшоў з жыцця, калі сын скончыў першы клас. Сама Галіна Міхайлаўна зрабіла ўсё, каб ён вырас не пестуном, а талковым, з добрай душой, мэтанакіраваным хлопцам, архітэктарам уласнага жыцця. Важнымі “інструментамі” у выхаваўчым працэсе сталі не толькі любоў і ласка матулі, але і дапамога яе бацькоў – Яніны Станіславаўны і Міхаіла Гаўрылавіча Кугуцька. “І добрых людзей, якія сустракаліся на нашым шляху, – дадае Галіна Міхайлаўна. – Гэта педагогі Колі ў гуртках таэквандо і ракетамадэліравання – А.Ю. Натараў і Я.М. Чашчэвік, класны кіраўнік Т.М. Майко. Да гэтага часу захоўваю напісаны рукою Таісы Міхайлаўны падзячны ліст...”.
Малодшы Мікалай Дубоўскі, калі вырас, абраў мірную прафесію. Ён – будаўнік-мантажнік, працуе ў адной са сталічных арганізацый, часта за межамі Беларусі. “Не толькі на працы, але і дома пастаянна штосьці будуе, рэканструюе, – задаволена матуля. – Ды ў нас усе пры справе. Яго жонка, мая нявестка Ірына, займаецца хатнімі справамі, да таго ж разводзіць трусоў, а на мне агарод пры сядзібе. Разам з намі жыве мая 78-гадовая мама – яна мудры дарадца для ўсіх нас. А ўнучка Яна – крыніца агульнай радасці і гонару: ахвотна займаецца музыкай і верхавой яздой”. 
Вось так пад дахам аднаго дома, які, па словах жанчыны, заўжды адчынены для добрых людзей, дружна жывуць прадстаўнікі чатырох пакаленняў. У вольны час разам падарожнічаюць па славутых мясцінах Беларусі. А аднойчы ўдзячны і паважлівы сын падараваў матулі паездку ў Вену, Рым, Ватыкан і Венецыю...
Дарэчы, мая суразмоўца – выхавальнік дзіцячага сада са стажам работы больш за 35 год. У 1982 годзе пасля заканчэння з “чырвоным дыпломам” Гродзенскага педвучылішча прыехала на працу ў Дзяржынскі раён, дзе адразу ж стала загадчыцай калгаснага дзіцячага садка. Там, на Міншчыне, сустрэла свайго будучага мужа. І ўжо хутка “перацягнула” яго на сваю малую радзіму, у Шчучын. А з 1994 года Г.М. Дубоўская працуе ў яслях-садзе №7 г. Шчучына. Цяпер пад яе апекай група хлопчыкаў і дзяўчынак з парушэннямі зроку. “Вельмі люблю сваю работу, яна цікавая, жывая і высакародная. А яшчэ люблю дзяцей, іх бацькоў, дзядуль і бабуль, сваіх калег”, – шчыра дзеліцца субяседніца. Між іншым, звыш 15 год Галіна Міхайлаўна з’яўляецца старшынёй прафкама, за актыўную грамадскую работу адзначана Граматай ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Захапляецца Г.М. Дубоўская прыгажосцю прыроды. Ад бацькі ў спадчыну перадалася ёй любоў да лесу. “Асаблівыя пачуцці адчуваю ля дуба. Падыду, прытулюся да ствала, праз лістоту гляджу на неба, думаю...”.
І хаця даўно няма на гэтым свеце мужа жанчыны, сям’я не парывае сувязі з раднёй на Міншчыне. “І ў гэтыя выхадныя паедзем у Чэрнікаўшчыну, – дзеліцца жанчына. – Коля вельмі хоча пабыць на радзіме бацькі...”.
З павагай да зямлі і бацькаўшчыны
Намеснік начальніка землеўпарадкаваль­най службы раёна Генадзь Іосіфавіч Альховік родам з вёскі Дашкаўцы, што ў Мастоўскім раёне. Між тым Шчучыншчына для мужчыны не чужая – адсюль паходзіць яго матуля Францішка Рыгораўна. Будучы падлеткам, ён часта праводзіў лета ў шчучынскіх сваякоў. На жаль, маці надта рана пайшла з жыцця. Ад усведамлення вялікай і незваротнай страты, прызнаецца Генадзь Іосіфавіч, і сёння часта шчыміць сэрца. Як памяць пра роднага чалавека захоўвае ён матуліну швейную машынку. А яшчэ многія эпізоды з дзяцінства ажываюць у памяці, калі пераступае парог роднага дома, дзе застаўся 70-гадовы бацька Іосіф Пятровіч. Генадзь стараецца па магчымасці часта наведвацца ў Дашкаўцы, разумее: роднаму чалавеку неабходна падтрымка сыноў – яго, старэйшага, і двух малодшых.


– Мой тата некалі быў брыгадзірам рыбалавецкай брыгады, – расказвае Генадзь Іосіфавіч. – Мяне ж водная стыхія не вельмі прываблівала. Хіба што ў маленстве. Помніцца, як аднойчы, акурат на свой пяты дзень нараджэння, незаўважна ад дарослых дайшоў да Немана і... паскідваў у ваду рыбалоўныя сеткі. За такія “забавы” атрымаў ад дарослых, як кажуць, на арэхі. З таго моманту на ўсё жыццё засвоіў важную бацькоўскую навуку: “Не нашкодзь!”.
Генадзь Іосіфавіч вось ужо 16 год працуе ў раённай землеўпарадкавальнай службе. Перад гэтым была вучоба ў Навагрудскім сельгастэхнікуме і сельгасакадэміі ў Горках.
– Прафесію выбраў па волі выпадку, – прызнаецца суразмоўца. – Хацеў стаць гісторыкам, але пры паступленні не дабраў балаў. Каб не губляць год, старшыня мясцовага калгаса параіў падаць дакументы ў тэхнікум і нават даў накіраванне. Так я стаў спецыялістам землеўпарадкавальнай службы. Работы хапае, зямельная тэма цяпер надзвычай актуальная. 
На службе Г.І. Альховік займаецца дакладным улікам галоўнага прыроднага багацця і пытаннямі рацыянальнага выкарыстання зямлі. А дома ў вольную хвіліну мае цікавасць і ахвоту да работы з дрэвам. І паліцу адмысловую, і шафку самастойна змайстраваць можа. Маўляў, нічога тут асаблівага – рукі ж ёсць, а інтэрнэт – у дапамогу. 
Лічы, выпадак і з будучай жонкай пазнаёміў. У Сняжаны тады зламаўся камп’ютар, а Генадзя папрасілі яго адрамантаваць... Хлопец і дзяўчына пагутарылі, спадабаліся адно аднаму, хутка і адносіны ўзаконілі.
Сям’я Альховікаў пакуль невялікая – тата, мама і пяцігадовы сынок Данііл. Між іншым, Генадзь Іосіфавіч лічыць нараджэнне маленькага прадаўжальніка роду Альховікаў самай важнай падзеяй у сваім жыцці. А гаспадыня іх утульнага дома, Сняжана Віктараўна, працуе ў СШ №3 г. Шчучына – у групе падоўжанага дня. Паколькі па адукацыі яна яшчэ і музыкант, дома часам бярэ ў рукі баян ці гітару. Праўда, малога Данііла пакуль не прывабліваюць ні бацькава захапленне сталяркай, ні матуліна – музыкай. Хлопчыка найбольш цікавіць канструктар “Лего”. Зрэшты, сыну яшчэ расці і расці, потым ён сам выбера шлях у жыцці, перакананы бацькі. 
І хаця Генадзь Іосіфавіч не стаў гісторыкам, як хацеў, імкнецца як мага больш пазнаць багатую спадчыну роднай зямлі. Сям’я пабывала ўжо ў многіх цікавых мясцінах, марыць расшырыць перыметр сваіх падарожжаў.
“Гісторыя – не адзінае, 
да чаго ляжыць мая душа”

Амаль кожны дзень сярод пасажыраў ранішняга рэйса аўтобуса, які напраўляецца ў аграгарадок Орля, можна сустрэць стройнага, прыемнай знешнасці маладога чалавека. Гэта Аляксандр Бярозкін – настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Орлеўскага дзіцячага сада-СШ. Маршрут з горада ў сельскую школу ён асвоіў некалькіх год таму. А адразу пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы малады спецыяліст працаваў у СШ №2 г. Шчучына.


 Дарэчы, у сям’і шчучынцаў Бярозкіных усе педагогі. Мама Святлана Віктараўна – мастак, загадчык аддзялення дзіцячай школы мастацтваў, а тата Ігар Мікалаевіч – выкладчык па класе ігры на баяне. Між тым гэта людзі рознабаковых інтарэсаў. Любоў да прыгожага, хоць і ўскосна, перадалася і сыну. “Пра жывапіс я магу гаварыць гадзінамі”, – кажа Аляксандр.
– Заўжды прываблівала гісторыя – за магчымасць аналізаваць падзеі, даць сваю ацэнку факту, дакапацца да ісціны – чым кіраваліся людзі пры прыняцці таго ці іншага важнага для грамадства і краіны рашэння... Гісторыя ў нейкім сэнсе – люстэрка ўсяго таго, што адбылося, – разважае Аляксандр Ігаравіч.
 А педагогіка, лічыць, стала адным са спосабаў яго самавыражэння. У яго атрымліваецца выкладаць свой прадмет. Як і знаходзіць агульную мову з вучнямі. Яны не горшыя за сваіх папярэднікаў, перакананы настаўнік. Усё такія ж гарэзы і вельмі дапытлівыя. Калі даводзіцца весці ўрок у класе, дзе ўсяго чатыры вучні, А.І. Бярозкін радуецца – можна даць большы аб’ём ведаў. Як задаволены і тым, што побач працуюць ўважлівыя і вопытныя калегі.
У сур’ёзнага і адукаванага маладога чалавека ўласны погляд на прафесіянальную дзейнасць. Так, ён кіруецца прынцыпам: “Дом для дома, а работа для работы”:
– Аднойчы пачуў, як знаёмая казала: “Я аддала чужым дзецям больш, чым сваім”. Ніколі не пагаджуся з такім падыходам. Усё ж сям’я – гэта галоўнае. Па-сутнасці, дзяржава пачынаецца з сям’і.
Аляксандр ахвотна кантактуе з людзьмі, умее сябраваць, а абраная ім прафесія дапамагае ў гэтым. Між тым педагогіка – не адзінае, да чаго ляжыць яго душа. Малады чалавек вельмі любіць чытаць. Любоў да кнігі – ад мамы, якая ў маленстве чытала сыну паэзію і прозу і абудзіла такое жаданне і ў яго. Цяпер Аляксандр найчасцей бярэ ў рукі творы еўрапейскіх аўтараў, у якіх адлюстроўваюцца важныя маральныя і філасофскія аспекты. Кажа, што сэнс і глыбіня класічных твораў, такіх, да прыкладу, як “Майстар і Маргарыта”, раскрываецца не адразу, а з цягам часу. Шчыра прызнаецца: і сам робіць першыя крокі ў літаратурнай творчасці. Цяпер, напрыклад, піша расказ… пра журналіста. Увогуле ідэі для яго твораў падкідвае жыццё. А яшчэ Аляксандр займаецца бегам, наведвае трэнажорную залу.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!