Працягваем праект "Фамільная каштоўнасць": Богданаў у Шчучынскім раёне многа

Праект “Фамільная каштоў­насць” мае працяг. А ў які бок пайсці, каб знайсці цікавых суразмоўцаў, падказала… свята Божага Нараджэння, якое праз некалькі дзён адзначаць жыхары раёна каталіцкага веравызнання. Сапраўды, як не пагутарыць з людзьмі, чые прозвішчы, так бы мовіць, пазначаны божым іменем. Дарэчы, Богданаў, а мы выбралі менавіта іх, у Шчучынскім раёне многа. А тыя, з кім давялося пазнаёміцца, – адкрытыя, добразычлівыя, працавітыя і з высокімі духоўнымі памкненнямі людзі.

“Мы заўсёды былі з Богам”, –
сцвярджае жыхарка вёскі Амбілеўцы Лілія Казіміраўна Богдан. І хаця яна носіць прозвішча мужа амаль 40 год – даўжэй, чым сваё дзявочае Маціевіч, але ўсё больш гаворыць пра свайго спадарожніка жыцця.
– Ён у мяне вельмі адказны, добразычлівы чалавек і сем’янін, якіх пашукаць, – ганарыцца мужам Казіміраўна. – І мой найпершы памочнік. Усе хатнія справы, а гаспадарка ў нас заўжды была спраўная, не дзелім на жаночыя і мужчынскія, а робім з ім у чатыры рукі.


Станіслаў Станіслававіч Богдан цяпер працуе слесарам у ААТ “Дэмбрава”. А Лілія Казіміраўна ўвогуле унікальны спецыяліст: мае тры прафесіі, пацверджаныя пасведчаннямі вучылішча, сельгастэхнікума і каледжа мастацтваў, – партніхі, агранома і бібліятэкара. “Я увесь час некуды імкнуся, – смяецца жанчына. – Сем год таму навучылася кіраваць легкавушкай”. У яе біяграфіі было 18 год работы сакратаром у калгасе “Бальшавік”, пяць – у Амбілеўскай бібліятэцы. Потым перайшла ў школьны храм кнігі ў Ляшчанцы. Акрамя гэтага, працуе санітаркай на ФАПе, даўно з’яўляецца старастай у сваёй вёсцы.
 Так, Амбілеўцы для яе сапраўды свае. “Вясной споўніцца 38 год, як прыйшла сюды замуж, – расказвае жанчына. – Стась некалі на матацыкле да нас у Ляйкі на танцы прыязджаў. Я яго чакала са службы ў арміі, а потым пажаніліся. Ніколі не пашкадавала, што Бог даў мне майго Богдана. Ён сапраўды дастойны чалавек”.
Лілія Казіміраўна з удзячнасцю прыгадвае, як Станіслаў Станіслававіч прыняў рашэнне дагледзець у іх доме бацькоў жонкі. “Ён сам прывёз і маму, і тату, – расказвае жанчына. – Яны моцна хварэлі і 9 год пражылі разам з намі – да сканчэння свайго зямнога шляху. А потым мы і свякроў да апошніх яе дзён дагледзелі…”. І тут, як кажуць, каментарыі лішнія... 
Гледзячы на цёплыя ўзаемаадносіны ў сям’і, паважлівымі і спагадлівымі раслі і дзеці Богданаў. Сын Андрэй закончыў ВНУ, па прафесіі ён заатэхнік, але працаваў у лясной гаспадарцы. А цяпер, кажа матуля, хоча змяніць сферу дзейнасці – паклікалі яго далёкія дарогі. Жонка сына Надзея – педагог у гімназіі, да таго ж вельмі творчы чалавек. Дачка Наталля – галоўны бухгалтар упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, зяць Дзмітрый – у мінулым праваахоўнік, цяпер водзіць велікагрузы. “А галоўнае наша шчасце – чацвёра ўнукаў”, – з цеплынёй у голасе зазначае жанчына. Дарэчы, Богданы і Няцецкія (гэта прозвішча цяпер носіць Наталля) жывуць на адной вуліцы ў Шчучыне, што толькі мацуе сваяцкія адносіны. Вось і на Божае Нараджэнне абавязкова сустрэнуцца за святочным сталом. 
А сама Казіміраўна вельмі любіць сустрэчы ў родных Ляйках: былыя жыхары вёскі з’язджаюцца сюды ў першую нядзелю мая. Заказваюць імшу, потым доўга і душэўна гамоняць, і развітваюцца, каб праз год сабрацца зноў…
Зайшла размова і пра рарытэтныя рэчы, якія могуць служыць фамільнымі каштоўнасцямі. “Ёсць такія, – запэўніла Лілія Казіміраўна. – Драўляны крыж, які некалі падарыла маёй маме гаспадыня маёнтка Шоркіна, дзе яна служыла, калі зусім малой засталася сіратой… Можа таму, што сама зведала гора, мая мамачка так моцна аберагала нас, сямёра сваіх дзяцей. І ўсе мы – браты і сёстры – такія дружныя!”.
 Лілія і Станіслаў Богданы ідуць па жыцці з Богам. Бралі шлюб, хрысцілі дзяцей (за што, прызнаецца Казіміраўна, нават вымову атрымала). Старэйшы ўнук ужо хадзіў да першай споведзі, яшчэ адзін рыхтуецца… Муж і жонка наведваюць набажэнствы ў вясковай каплічцы, а па вялікіх святах едуць у Лядскі касцёл. Што ж, шчасця і дабра ў ваш цёплы дом, шаноўныя!


“А мой жа Богдан з Багданоў“
 Кожнай нядзельнай раніцай, а палове сёмай, пры любым надвор’і на дарозе, якая вядзе з Тур’і ў Шчучын, можна сустрэць дзвюх жанчын. Адна з іх – Данута Богдан, а другая – яе суседка Тарэса Машкала. Місія ў іх асаблівая – патрапіць на першае набажэнства ў касцёл. Агульная малітва ў сценах храма прыносіць спакой душы і радасць сэрцу, кажа Данута Іосіфаўна. А потым можна і іншыя справы планаваць.


Канешне, нядзельным днём іх не так многа. А вось у будні хапае. На шэсць гадзін Данута Іосіфаўна спяшаецца ў дзіцячы садок у Тур’і, каб прыгатаваць смачныя стравы для маленькіх выхаванцаў. Гэта ёй, повару з 32-гадовым стажам, нескладана. За гады працы вывучыла, што ахвотней есць дзятва. Па асабістых назіраннях, раней малыя любілі запяканкі з рознымі начынкамі, а цяпер талеркі хутка пусцеюць, калі ў меню блінчыкі і аладкі.
Данута Іосіфаўна прызнаецца, што не толькі ўмее гатаваць, але і з ахвотай стаіць ля пліты. А гэта значыць, што стравы яе з асаблівым “смакам“, у якіх закладзены дадатковы і важны “інгрэдыент“ – добры настрой кухара. “Муж часам бурчыць: маўляў, што ты з кухні ніяк не выйдзеш, – смяецца жанчына. – А я там не стамляюся. Усё новыя рэцэпты шукаю…“.
Дарэчы, Пётр Францавіч – гаспадар дома – родам з вёскі Багданы. Так сышлося, што прозвішча чалавека пераклікаецца з назвай населенага пункта.
– Мы з ім на рабоце знайшлі адзін аднаго, – распавядае жанчына. – Працавалі на станцыі хімізацыі ў Шчучыне. Пеця – шафёрам. Потым ён перайшоў на працу ў калгас, атрымалі ў Тур’і кватэру. Добрым работнікам лічыўся, бо і граматы меў, і падарункі ад кіраўніцтва. А ўсяго яго стаж 25 год. Канешне, быў бы нашмат большы, каб раптоўна не падкасіла сур’ёзная хвароба. Праўда, мой муж не з тых, хто здаецца. Духам не падае, каб фізічна падужэць, практыкаванні робіць. Аказвае мне пасільную дапамогу дома.
Жонка падтрымлівае мужа, ведае: фізкультура патрэбна для здароўя. Сама некалі ў школе была спартсменкай, займалася лёгкай атлетыкай. Настаўнікі скіроўвалі здольную вучаніцу на сталічны інстытут фізічнай культуры, але Гасподзь падкарэкціраваў планы, паставіўшы на шляху дзяўчыны з Рэзаў Даны Чарняк Пецю Богдана…
Выпрабаванні, якія здарыліся ў сям’і, Данута Іосіфаўна прыняла стойка. Многа клопатаў легла на яе жаночыя плечы. Але наракаць на лёс не ў яе характары. Жыццё ж працягваецца, ёсць шмат падстаў для радасці. Цяпер яны з Пятром Францавічам ужо бабуля і дзядуля. Унук і ўнучка – дзеці сына Сашы, жывуць у Мінску. Другі сын, Віця, спадзяюцца, таксама папоўніць род Богданаў. Яго дом бліжэй – у Даўлюдаўшчыне, а служыць малады чалавек старшым прапаршчыкам на граніцы ў Радуні, мае вышэйшую юрыдычную адукацыю.“Дзякуй Богу – добрыя дзеці!“, – кажа субяседніца. Дарэчы, хутка ва ўсіх Богданаў і ў іх сяброў будзе нагода сустрэцца. Нядаўна Пятру Францавічу 60 споўнілася, а адзначаць дамовіліся на Новы год. 
І ў гэтай сям’і ад бацькоў дзецям перадаецца гісторыя іх роду. Так, старэйшыя часта расказваюць малодшым, якім майстрам на ўсю акругу быў некалі іх дзед Франак з Багданоў. Ён выбіваў помнікі з каменя. І сёння шмат яшчэ дзе стаяць гэтыя моцныя знакі людской памяці…


“Самы прыгожы гук – стук маленькага сэрца”
– Даўно зразумела, што ў мяне прыгожае прозвішча. Богдан – дадзены Богам, – дзеліцца Вераніка Вячаславаўна Богдан. – Будзе шкада яе мяняць…
Між тым дзяўчына пагаджаецца, што не ад гучання прозвішча, а ад самога чалавека залежыць, як складзецца яго жыццё. Вераніка ўжо зрабіла першыя крокі, каб яе будучыня была светлай, напоўненай добрымі падзеямі. Скончыла Слонімскі медыцынскі каледж, паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы, дзе без адрыву ад асноўнай працы набывае спецыяльнасць “медыцынская рэабілітацыя”. Цяпер ужо вучыцца на 4 курсе.


– Люблю медыцыну, – прызнаецца Вераніка. – А сваю работу на іншую не прамяняю!
Мая новая знаёмая ахвотна распавядае, як стала першым медыцынскім работнікам, а дакладней – акушэркай, у сваёй радзіне, як упершыню самастойна прымала роды ў пацыенткі. “Тады на свет з’явілася дзяўчынка, – успамінае дзяўчына. – А потым і хлопчыкі пайшлі. Канешне, я хвалявалася. Адказнасць была вялізная! Але з кожным днём ўпэўненасці дабаўлялася“. 
Пасля таго, як радзільнае аддзяленне ў Шчучынскай ЦРБ закрылі, спецыяліст перайшла на працу ў гінекалагічнае аддзяленне. І тут прывыкла хутка. Прызнаецца, што з асаблівым задавальненнем і нават пяшчотай апякуе цяжарных жанчын. А сэрцабіцце маленькага чалавечка – самыя прыемныя гукі для вуха ўлюбёнай у сваю работу акушэркі. 
Планета сям’я. На ёй мы напаўняемся мудрасцю, жыццёвай сілай. Ёсць свая маленькая, але такая надзейная і прыцягальная планета і ў Веранікі. Яе арбіта ў Ляшчанцы, дзе жывуць тата з мамай – Вячаслаў Баляслававіч і Ірэна Здзіславаўна. А старэйшая сястра Крысціна, з якой у дзяцінстве і паспрачацца маглі, цяпер самы блізкі чалавек. Душой прыкіпела і да маленькага пляменніка.
Вераніка – чалавек спартыўны. Яшчэ школьніцай займалася валейболам, удзельнічала ў спаборніцтвах. Кажа, адстойваць гонар бальніцы пакуль не выпадала з-за графіка работы, а вось у конкурсе маладых спецыялістаў свае сілы ўжо спрабавала: разам з калегай прадстаўляла радзільнае аддзяленне. Журы дастойна ацаніла выступленне Веранікі, як і букет з цукерак, зроблены рукамі здольнай дзяўчыны.
Вераніцы Богдан толькі крыху за дваццаць. Наперадзе вельмі шмат падзей, сустрэч і тое галоўнае спатканне з адзіным і любімым, дзеля якога яна лёгка, без шкадавання зменіць сваё прыгожае, пазначанае божым іменем прозвішча.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. 
Фота аўтара 
і з архіваў герояў публікацыі.