Працягваем наш праект “Куточак сэрцу дарагі”: на гэты раз накіраваліся ў Відаўку

Усё ж такі ніхто не ведае лепш жыхароў свайго сельсавета, як яго старшыня. Нездарма Тамара Іванаўна Зубрыцкая – старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама, параіла мне накіравацца ў вёсачку Відаўка. Шчыра прызнацца, не чакала, што акажуся ў такім райскім куточку. А стварыла яго гаспадыня адной з сядзіб Тарэса Антонаўна Рудская – чалавек вельмі прыемны, добразычлівы і творчы.

Саму вёсачку знайсці аказалася не так проста. Даволі доўга прабіраліся мы ляснымі дарогамі. А даехалі – і, здаецца, трапілі на дзіўны астравок спакою і прыгажосці. Складвалася такое ўражанне, што людзі тут жывуць у поўнай гармоніі з прыродай. А як тут дыхалася лёгка!


Крэатыўная гаспадыня квітнеючай сядзібы
Тарэса Антонаўна нас ужо чакала. Я з цікавасцю агледзелася навокал і не магла не залюбавацца ўсімі паробкамі, якія ўпрыгожылі дворык гаспадыні. Тут і лебедзі, і зебра, і конік, і грыбкі, і розныя пальмы, і цюльпаны, і званочкі, і іншыя мілыя прыгожыя рэчы, якія, як аказалася, Тарэса Антонаўна стварыла сваімі рукамі. А ўжо колькі тут кветак, кустоў і розных раслін, якія з любоўю садзіць і даглядае гэта жанчына, напэўна, не пералічыць! З ранняй вясны да позняй восені дворык пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі.
– Штосьці сею сама, – расказвае Тарэса Антонаўна. – Бывае, купляю расаду ў Васілішках або дочкі прывозяць, а нешта, як напрыклад, сваю любімую калінку, перасадзіла пад акенца з лесу. Бачыце, як прыгожа цвіце куст!
І Тарэса Антонаўна, нібы гід, паказвае мне ўсе свае насаджэнні. А ў гэтым цуда-кветніку – такая разнастайнасць і ні зялінкі! 


– Я не ўяўляю, як можна не любіць кветкі! Кожная з іх – гэта ж шэдэўр прыроды! – разважае мая суразмоўца. – У маім агародчыку месца для іх ужо не хапае, таму я пачала распрацоўваць зямлю за яго межамі. 
Мы ўладкаваліся ва ўтульнай альтанцы, і Тарэса Антонаўна пачала мне расказваць пра сваё жыццё-быццё. Без перабольшвання скажу, адразу нават не паверыла, што праз два гады яна будзе адзначаць сваё 80-годдзе! Вось што значыць чыстае лясное паветра! 
– Сваю родную Відаўку я ніколі не пакідала, – гаворыць Тарэса Антонаўна. – Тут нарадзілася, тут замуж пайшла, і з мужам усё жыццё тут пражылі. Ён таксама быў родам з гэтай вёскі. У школе я закончыла толькі пяць класаў, і мама рашыла, што гэтага дастаткова. Яна аддала мяне ў суседнюю вёску да краўчыхі шыць вучыцца. Хадзіла я да яе два гады, і то толькі зімою. У астатні час трэба было працаваць ў мясцовай гаспадарцы. У маіх бацькоў было трое дзяцей – я і двое сыноў. Адзін мой брат паехаў у Расію, а другі ажаніўся і, як кажуць, пайшоў у прымы. І толькі я засталася з бацькамі. Гаспадарку заўсёды вялікую трымалі: і кароў, і свіней. Мае бацькі людзі працавітыя былі. 
У Тарэсы Антонаўны з мужам таксама нарадзілася трое дзетак: сынок і дзве дачушкі. Сына, на жаль, ужо даўно няма на гэтым свеце, а дочкі часта прыязджаюць да матулі. Адна з іх жыве ў Лідзе, а другая – у Вайшчуках. Не нарадуецца бабуля на ўнукаў і праўнукаў. 
– Цяпер я трымаю толькі курэй, ды яшчэ два сабакі жывуць у мяне, – гаворыць Тарэса Антонаўна. – Часу свабоднага хапае, вось і майструю розныя паробкі. Са старых крэслаў і шубы, якая мне не падабалася, атрымаўся алень. Пластыкавыя бутэлькі ператварыліся ў прыгожыя кветкі, якія я пафарбавала рэшткамі рознакаляровай фарбы. З гумавых колаў “нарадзіліся” прыгажуны-лебедзі. Многа падказак знаходжу ў розных часопісах. Часам патрэбны матэрыял, напрыклад, незвычайнай формы сукі дрэў, трапляе на вочы ў лесе. А бывае, цікавыя ідэі падгледзіш у іншых людзей. 


Шчыра прызнацца, пакуль размаўляла з Тарэсай Антонаўнай, проста душой адпачыла. Дзіўная прырода, чыстае паветра і навокал – такая прыгажосць! А гутарыць з такім адкрытым творчым чалавекам – адно задавальненне.
– Там раней поле было, – паказвае ў бок лесу гаспадыня крэатыўнай сядзібы. – Яго паступова дрэвамі засадзілі. Цяпер тут і грыбоў, і ягад багата. Грыбнікі ўсю восень мне сумаваць не даюць. У нашай жа Відаўцы толькі я засталася ды мае суседзі праз некалькі хат. А больш нікога і няма...
Мне вельмі не хацелася развітвацца з Тарэсай Антонаўнай. Гэты прыгожы куточак яе малой радзімы нечым нагадваў мне мой, дзе я вырасла, дзе прайшло маё шчаслівае дзяцінства, з якім заўсёды застаецца часцінка майго сэрца…
З Ніжняга Ноўгарада … ў Відаўку
А вось для Ніны Барысаўны Маісеевай наша сінявокая Беларусь стала другой радзімай. Яна жыла ў Ніжнім Ноўгарадзе, калі пазнаёмілася са сваім будучым мужам – беларусам Віктарам Васільевічам. У той воінскай часці, дзе працавала дзяўчына, ён праходзіў тэрміновую ваенную службу. Адслужыў і вярнуўся за сваёй каханай разам з мамай. Маладыя пажаніліся і пераехалі ў горад Чэрыкаў Магілёўскай вобласці. Думалі, што асталяваліся там назаўсёды, аднак не атрымалася. Наступствы выбуху на Чарнобыльскай АЭС адчулі і жыхары Чэрыкава. У Ніны Барысаўны і Віктара Васільевіча захварэў малодшы сын. Медыкі параілі змяніць месца жыхарства. І ім прыйшлося пакінуць і кватэру, і работу, каб выратаваць сваё дзіця. Разам з іншымі сем’ямі яны пераехалі ў вёску Мелехавічы Зельвенскага раёна. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла ім дом. Ніна Барысаўна працавала малаказборшчыцай, а муж – механізатарам. 


Так атрымалася, што іх малодшы сын Аляксей ажаніўся і пасяліўся ў Васілішках. Ён пастаянна клікаў бацькоў пераехаць. І калі гаспадарку, у якой яны працавалі, аб’ядналі з іншай, а дабірацца на работу стала далёка, усё ж такі рашыліся. Купілі домік у Відаўцы і пераехалі. І вось ужо дзесяць год яны жывуць у гэтым цудоўным месцы і паціхеньку ўладкоўваюць сваё жыллё. Віктар Васільевіч яшчэ працуе начным вартаўніком на ферме, а Ніна Барысаўна займаецца хатняй гаспадаркай. Дарэчы, і старэйшы сын жыве непадалёку, у Ляхаўцах. У Аляксея падрастаюць чацвёра дзяцей, у Дзмітрыя – двое. 
– Ведаеце, мы вельмі задаволены, што пасяліліся ў Відаўцы, цудоўнае месца, і нам тут так падабаецца, – гаворыць Ніна Барысаўна. – Рэгулярна прыходзіць аўталаўка. Спецыяльна купілі “Ніву”, каб і зімой, хоць дарогу заўсёды чысцяць, можна было ўсюды даехаць. Перавезлі лазню і тут пабудавалі. Трымаем цяпер курачак-нясушак і бройлераў, качак. 
Ніна Барысаўна таксама вельмі любіць кветкі. Толькі цяпер здароўе не дазваляе працаваць у кветніку – баляць ногі. На агародзе муж дапамагае даглядаць і агурочкі, і памідоркі, і капустку. А колькі ў яе розных закатак! 
– Заўсёды старалася, каб было ўсяго ўдосталь, – гаворыць Ніна Барысаўна. – Таму і паліцы ў падвале ломяцца ад слоікаў з рознымі марынадамі. Толькі цяпер мы ўжо не паспяваем удваіх з мужам гэта ўсё з’ядаць за сезон, хоць дапамагаюць і дзеці, і ўнукі. 
А ў свабодны час гаспадыня вельмі любіць чытаць, асабліва розныя часопісы, і гатаваць розныя прысмакі. 
Мы развіталіся з гэтымі гасціннымі людзьмі. Як прыемна, што маленькі куточак нашай цудоўнай радзімы стаў дарагім і блізкім і для Ніны Барысаўны, якая нарадзілася і вырасла ў суседняй краіне. 
Жыві, Відаўка, прыгожая лясная вёсачка! Пакуль будуць стаяць дамы і даглядацца сядзібы, будзе жыць і памяць пра тваіх жыхароў.
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара. 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.