Працоўных раёна аб’яднаў спорт

У мінулыя выхадныя на гарадскім стадыёне “Алімп” было надзвычай людна: тут праходзілі Х юбілейныя спартыўныя гульні сярод працоўных. Званне мацнейшых спартсменаў раёна аспрэчвалі восем каманд, якія прадстаўлялі розныя прадпрыемствы і арганізацыі Шчучыншчыны.

img_2936.jpg

Спартсменаў вітала намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пасюта:

– Здорава, што ў працоўных калектывах раёна папулярны заняткі спортам! Сёння не будзе прайграўшых, бо кожны, хто прыйшоў на стадыён, прысвяціў яшчэ адзін дзень свайму здароўю.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Уладзімір Раманавіч Дубок, які таксама прысутнічаў на спартыўным свяце, зазначыў, што колькасць удзельнікаў спартыўных гульняў сярод працоўных штогод павялічваецца, што не можа не радаваць! Ён пажадаў спартсменам удачы і перамог!

І вось пачалася ўпартая барацьба!

З вялікім напружаннем і пры гарачай падтрымцы балельшчыкаў праходзілі спаборніцтвы па армрэслінгу. Сярод спартсменаў, вага якіх не перавышае 80 кг, самым моцным аказаўся прадстаўнік Шчучынскага масласырзавода Вадзім Бясецкі. У вагавой катэгорыі звыш 80 кг пераможцам стаў Антон Судак са Шчучынскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.

У падняцці гіры не было роўных асілкам РУП ЖКГ. У вагавой катэгорыі да 80 кг больш за ўсіх “кінуў” 24-кілаграмовую гіру Міхаіл Пашкель. Сярод цяжкавагавікоў мацнейшым прызнаны яго калега па камунальнай службе Віктар Лышчык: яго вынік – 101 падыманне.

– З гірай я неразлучны ўжо 16 гадоў, – зазначае Віктар Лышчык. – Пакуль мой асабісты рэкорд – 151 падыманне. Аднак упэўнены, мне па сіле яго пабіць!

Больш за ўсіх падцягнуўся на перакладзіне прадстаўнік Шчучынскага масласырзавода Дзмітрый Догель. У лёгкаатлетычным прабегу самымі хуткімі аказаліся работнікі цэнтральнай раённай бальніцы Юлія Бакун і Уладзімір Філіпчык.

– Я пераадолела кіламетр усяго за 3 хвіліны і 40 секунд, – гаворыць Юлія Бакун. – Бегам захапляюся са школы і не перастаю трэніравацца. Як вынік, сёлета стала пераможцай у лёгкаатлетычным прабегу сярод арганізацый аховы здароўя Гродзеншчыны. Акрамя таго, трэнірую жаночую валейбольную зборную нашай бальніцы. Адным словам, са спортам на “ты”!

З асаблівым запалам спаборнічалі спартыўныя сем’і. Дзеткі разам з бацькамі гулялі ў дартс, пераадольвалі лёгкаатлетычную эстафету. Найбольш фізічна падрыхтаванай і ўдачлівай аказалася сям’я Бясецкіх, якая прадстаўляла Шчучынскі масласырзавод.

Кульмінацыяй спаборніцтваў стала традыцыйнае перацягванне каната. У гэтым відзе не было роўных волатам РУП ЖКГ.

У агульным жа заліку пераможцамі Х спартыўных гульняў працоўных стала зборная Шчучынскага масласырзавода. Другое і трэцяе месцы занялі адпаведна каманды Шчучынскага РЭС і завода “Аўтапровад”. Прызёры былі ўзнагароджаны граматамі, кубкамі і медалямі, спонсарскую дапамогу ў набыцці якіх аказала раённае аб’яднанне прафсаюзаў.

Аляксандр КАСПЯРЧУК.  Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!