Працоўны лагер “Наготак” аб’яднаў старшакласнікаў з трох гарадскіх школ

У СШ №3 г. Шчучына дзейнічае працоўны лагер “Наготак”, які аб’яднаў старшакласнікаў з трох гарадскіх школ. 

– З кожным з нашых рабят кіраўніцтва саўгаса “В. Мажэйкава”, дзе мы працуем сёлета, заключыла дагавор падраду, – расказвае дырэктар лагера Святлана Якаўлеўна Калеснік. – Школьнікі займаюцца праполкай рамонку, відавой праполкай зерневых культур, збіраюць наготкі. Трэба сказаць, што дзеці адказна ставяцца да даручанай справы і выконваюць заданні на сумленне. Кожнаму хочацца зарабіць уласны рубель. 
…Мы засталі рабят на полі непадалёку Скрыбаўцаў. Крок за крокам яны абследавалі кожны метр, каб выдаліць каласкі “непатрэбных” культур, якія выпадкова трапілі на насеннае ячменнае поле. 


– У працоўным атрадзе я ўпершыню, – гаворыць вучань СШ №2 г. Шчучына Алег Тарасевіч. – Не магу сказаць, што мне прыходзіцца цяжка. Уся работа па сілах. Добра, што ёсць такая магчымасць папрацаваць. І гаспадарцы дапаможам, і нейкую капейчыну заробім на уласныя расходы. Што куплю за сваю першую ў жыцці зарплату пакуль не рашыў. 
А вось у Наталлі Гарбіна ўжо ёсць вопыт работы ў працоўным лагеры. У мінулым годзе дзяўчынка збірала суніцы ў “Клубніка-Плантс”. 
– Атрымаць сваю ўласную зарплату – гэта здорава! – гаворыць Наталля. – Не трэба прасіць у бацькоў на кішэнныя расходы. Ды і працаваць не цяжка. Вось толькі каб сонца крыху менш пякло, а то чатыры гадзіны прабыць на полі пад гарачымі промнямі не вельмі прыемна.


Сапраўды, з надвор’ем рабятам не надта падфарціла. Ужо колькі дзён з самага рання стаіць жара. 
– За час работы ў гаспадарцы нашы юныя памочнікі выканалі відавую праполку азімых культур амаль на 60-ці гектарах, – гаворыць галоўны аграном КСУП “Саўгас “Вялікае Мажэйкава” Генадзій Міхайлавіч Каляда. – Яны выдалялі з насенных пасеваў азімага ячменю культурныя прымесі – каласкі трыцікале і пшаніцы, а з трыцікале – каласкі пшаніцы. Заўтра школьнікі ўжо пачнуць збіраць кветкі наготак. Аплачваецца іх работа згодна з расцэнкамі гаспадаркі і будзе залежаць ад вырабаткі – колькі назбіраў, за столькі атрымаў аплату. 
У працоўным лагеры рабяты маюць магчымасць і адпачыць. 
– Кожны дзень мы праводзім для нашых юных працаўнікоў палёў розныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, – расказвае Святлана Якаўлеўна. – Аб’яднаны яны адной агульнай тэмай – “Малая радзіма: ад вывучэння да дзеяння”. Дзень эрудытаў, Дзень спорту, Дзень здароўя, Дзень правапарадку і іншыя дні ўжо прайшлі ў лагеры. Усе яны былі пазначаны цікавымі мерапрыемствамі. Паколькі праграма разнастайная – кожны можа знайсці тое, што яму па душы. 
Што ж, у школьнікаў ёсць выбар, як правесці канікулы. Хтосьці аддае перавагу адпачынку, а хто не хоча сядзець склаўшы рукі. Гэта – справа кожнага. Але згадзіцеся, сустрэцца з сябрамі, разам папрацаваць, пагутарыць і прынесці карысць сваёю працай – больш цікава, чым застыць на ўвесь дзень перад маніторам камп’ютара. Ці не так?
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.