Працоўнае даўгалецце Альфонса Палейчыка: 48 год – агульны стаж, 36 з іх – у “Аграхіме”

Не так даўно Альфонс Альфонсавіч Палейчык, праходжваючыся па сваёй Ляшчанцы, сустрэў старшыню назіральнага савета ААТ “ШчучынАграхімСэрвіс” Юрыя Мечыслававіча Вашчылу. Размова атрымалася шчырая і доўгая. Бо ёсць тэма, якая аб’ядноўвае гэтых мужчын, і яна – пра прадпрыемства, што для Ляшчанкі стала, так бы мовіць, вёскаўтваральным і з якім звязаны лёсы многіх людзей. А.А. Палейчыка – таксама.

 

 “Агульны стаж у мяне сорак восем год”, – расказвае Альфонс Альфонсавіч. Усмешка кранае вусны мужчыны, калі я выказваю захапленне такім працоўным даўгалеццем. Варта сказаць, што і жыццёвы шлях гэтага чалавека набліжаецца да чарговай юбілейнай меткі. Праўда, сёння Альфонс Альфонсавіч не афішуе набліжэнне свайго 80-годдзя. А вось пра тое, што яму, на той час начальніку аддзела аўтаперавозак ААТ “Аграхім”, споўнілася шэсцьдзясят, ведала і Ляшчанка, і ваколіцы. На юбілей Палейчыка, які адзначалі ў мясцовай сталоўцы, прыйшлі ўсе вадзіцелі і калегі-спецыялісты. “Банкет ладзілі двойчы, – усміхаецца жонка Марыя Рышардаўна. І з гонарам падкрэслівае: – Адзін з вадзіцеляў, гаворачы тост, прызнаўся: “Альфонсавіч, Вы былі для мяне як родны бацька. Каб не Вы – жыццё пад адкос пайшло б”. І не адзін ён так казаў”.

 

Марыя Рышардаўна ўладкоўваецца побач з мужам і дапамагае яму ва ўспамінах “прайсціся” па дарозе жыцця. Бо яна, гэта дарога, у абаіх бярэ пачатак у вёсачцы Паперня, што на Лідчыне. Спачатку былі землякамі, а потым сталі сямейнай парай – самымі блізкімі людзьмі. Восенню іх шлюбу споўніцца 50 “залатых” год.

 

Альфонс Палейчык з маленства умеў і любіў працаваць. У 15 год ужо стаў учотчыкам у калгасе. Потым вывучыўся на шафёра і прызваўся ў армію. Пасля вяртання са службы ўладкаваўся на працу ў Скрыбаўскую машынна-трактарную станцыю. А пасля работы ішоў на заняткі ў вячэрнюю школу. Дарэчы, тады ж лёс “пасадзіў” з ім за адну парту прыгожую аднавяскоўку Марыю – будучую жонку. Без адрыву ад вытворчасці здольны хлопец авалодваў ведамі і ў Бабруйскім аўтатранспартным тэхнікуме. Таму калі са Скрыбаўцаў машыны перамясцілі ў Ражанку на аўтабазу “Сельгастэхнікі”, Альфонс Палейчык быў прызначаны, як ён кажа, тэхнікам па рызіне. Спакойны, старанны і адказны хлопец у хуткім часе дарос да старшага дыспетчара, а потым прыняў пад кіраўніцтва трактарную брыгаду. Калі ж у 1967 годзе аўтабаза перабралася на другі бок Шчучына – у Ляшчанку, дзе было створана спецаддзяленне “Сельгастэхніка”, адукаванага спецыяліста прызначылі загадчыкам гаража. З гэтага моманту пачаўся самы насычаны перыяд работы, які запатрабаваў вялікай адказнасці і самааддачы.

 

Тут, у Ляшчанцы, А.А. Палейчык працаваў з 1967-га па 2003-ы год. На яго вачах праходзілі рэарганізацыі, мяняліся назвы прадпрыемства і яго кіраўнікі. Так, у 1979 годзе на базе мясцовага спецаддзялення “Сельгастэхніка” стварылі раённае вытворчае аб’яднанне “Сельгасхімія”. У 1994-ым яно стала адкрытым акцыянерным таварыствам “Аграхім”, пазней гэту назву акружылі з бакоў словы “Шчучын” і “Сэрвіс”.

 

– Быў час, што ў нас толькі аўтамашын налічвалася ажно 136. Адных бензавозаў-запраўшчыкаў 12, – расказвае Альфонс Альфонсавіч. – Нашы трактарныя брыгады працавалі па ўсім раёне – вапнавалі глебу, уносілі арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, таму патрэба ў паліве была заўжды. А калектыў які вялікі! Каля дзясятка “лятучак” збіралі нашых работнікаў раніцой з усіх куточкаў раёна – з Дубрава, Астрыны, Новага Двара, Гурнофеля, Дэмбрава і іншых – і развозілі пасля працоўнага дня дамоў.

 

Парк аўтамабільнай тэхнікі ўвесь час папаўняўся, аб’ём работы толькі рос і расслабляцца А.А. Палейчыку не даводзілася. За спраўнасць машын, рамонт, стан кіроўцаў перад выездам, выкананне вытворчых планаў – за ўсё гэта нёс адказнасць Альфонс Альфонсавіч. З цягам часу з загадчыка гаража стаў старшым інжынерам па эксплуатацыі аўтатранспарту, потым – начальнікам аддзела аўтаперавозак. Дабаўлялася не толькі важнасці ў гучанні пасады, але і абавязкаў. Найцяжэй, кажа, было ў гады перабудовы: то грошай няма, то запчастак. Шукалі людзям работу, браліся за ўсё… 

 

Варта адзначыць: на прадпрыемства прыходзілі новыя кіраўнікі і часам мянялі кадры. Тым не менш тое, як працуе А.А. Палейчык, задавальняла ўсіх – Ракуця, Іоча, Радаўца, Рачынскага, Вашчылу. Такі вось феномен. Як пацвярджэнне сумленнай працы гэтага чалавека – стос ганаровых грамат ад кіраўніцтва роднай арганізацыі, абласнога і рэспубліканскага ведамстваў.

 

– Мне пашанцавала працаваць з добрымі людзьмі і спецыялістамі, – гаворыць А.А. Палейчык. – Я ж, перш чым кіраваць, чатыры гады сам за рулём ад’ездзіў, усё ў гэтай рабоце ведаў. Здараліся розныя сітуацыі, але нікога, як кажуць, не закладваў, стараўся сам разабрацца, пагаварыць з чалавекам. Злосці на людзей не трымаў. І цяпер пры сустрэчы былыя падначаленыя не адварочваюцца. А былы мой кіраўнік Юрый Мечыслававіч Вашчыла ўвогуле чалавек ад душы: не забывае, абавязкова і са святам, і з юбілеем павіншуе.

 

Поспехі на працы ў многім залежаць ад ладу ў сям’і. Тут Альфонсу Альфонсавічу пашанцавала: разумная жонка і добрая гаспадыня Марыя Рышардаўна зрабіла ўсё для камфорту ў іх доме, для захавання павагі адзін да аднаго і цеплыні ва ўзаемаадносінах. “Некалі ў сем гадзін раніцы пойдзе на працу, у сем вечара вернецца, – гаворыць Марыя Рышардаўна. – Добра што я непадалёку ад дома працавала – у бібліятэцы, мела магчымасць дзяцей дагледзець”.

 

Цяпер Палейчыкі з нецярпеннем чакаюць прыезду дочак. Яны, як і бацькі, добрыя спецыялісты: Наталля – старшы фельчар на “хуткай” у Шчучыне, Марыя – таксама фельчар, толькі ў Лідзе. І вядома ж дзядуля з бабуляй вельмі любяць сваіх дваіх унукаў і ўнучку і ганарацца імі. 

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!