Пра баявую знаходку паведаміць дарослым!

Днямі ў СШ №3 г. Шчучына адбылася сустрэча начальніка Шчучынскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Д.А. Апановіча з вучнямі пачатковых класаў.

Пачаліся канікулы, і галоўная задача дарослых – зрабіць усё магчымае, каб дзеці адчувалі сябе ў поўнай бяспецы. З гэтай нагоды і накіраваўся Дзмітрый Анатольевіч на сустрэчу з вучнямі. 
– Напэўна, яшчэ многія памятаюць два мінулагоднія выпадкі, калі ў выніку выбуху ўзрыўных устройстваў пацярпелі дзеці, – гаворыць Дзмітрый Анатольевіч. – І наша задача – максімальна даступна растлумачыць рабятам, якую небяспеку ўяўляюць такія рэчы, і як дзейнічаць, калі яны выпадкова з імі сутыкнуцца. А зямля захоўвае шмат розных боепрыпасаў яшчэ з часоў Вялікай Айчыннай вайны. І на тэрыторыі нашага раёна яны знаходзяцца нават у нашы дні. 
Д.А. Апановіч пры дапамозе відэапраектара прадэманстраваў школьнікам, як выглядаюць артылерыйскія снарады, авіяцыйныя бомбы, патроны, гранаты, ракетніцы, самаробныя ўзрыўныя ўстройствы, дэтанатары. Ён патлумачыў, наколькі небяспечна іх трывожыць.
– Калі вы знайшлі дзесьці які-небудзь боепрыпас або ўзрыўное ўстройства – адразу паведамце пра гэта дарослым, – звярнуўся да вучняў Дзмітрый Анатольевіч. – І ні ў якім разе не датыкайцеся да гэтага прадмета. Такія небяспечныя рэчы праляжалі ў зямлі дзесяцігоддзі і могуць узарвацца ад аднаго толькі дакранання. Не рызыкуйце сваім жыццём! Будзьце вельмі асцярожнымі!
Паважаныя бацькі! Пагутарыце са сваімі дзецьмі і яшчэ раз нагадайце ім, наколькі небяспечнай можа быць баявая знаходка. Папрасіце іх не прадпрымаць самім ніякіх дзеянняў, а абавязкова паведаміць пра яе дарослым. 
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!