Поле нашага клопату

Вы сапраўды думаеце, што ўсе дарогі вядуць у Рым? Аднак, праехаўшы ў чарговы раз з рэйдавай брыгадай, гатова аспрэчваць крылатае выслоўе: у гэтыя напружаныя дні ўборкі ўраджаю ўсе дарогі вядуць ў поле!

Так, на жніве яравога ячменю ў "Жалудоцкім агракомплексе" мы сустрэліся не толькі з камбайнавымі экіпажамі ў складзе Івана Календы і Уладзіміра Ханько, Аляксандра Барысевіча і Алега Радзюка, але і з аграномам Вольгай Дзікевіч, якая была адказнай за работу звяна. Толькі распачалі гутарку аб ходзе жніва і ўраджайнасці зерневых, якая, дарэчы, дасягае 55 цэнтнераў з гектара, як на поле прыехалі дырэктар філіяла Станіслаў Гузень, старшыня прафкама ААТ "Агракамбінат "Скідзельскі" Вольга Кавалевіч, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Святлана Куцкель і старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Мацюк. У кожнага -- свая задача: падтрымаць хлебаробаў словам і справай, уручыць прэмію за добрую працу, выказаць словы падзякі.

У гэтай нечакана святочнай для поля атмасферы не гублялі пільнасці члены рэйдавай брыгады ў складзе старшага інжынера аддзела нарматыўна-тэхнічнай работы і папярэджання надзвычайных сітуацый Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Андрэя Швалюка, інспектара інспекцыі нагляду і прафілактыкі Шчучынскага РАНС Артура Малмыгі і старшага памочніка пракурора Алены Адаміцкай.

Перш-наперш удзельнікі рэйда папрасілі Міхаіла Красочку, вадзіцеля машыны з цыстэрнай, уключыць ваду. Літаральна некалькі секунд, і магутны струмень біў са шланга. Вогнетушыцелі, адпаведны інвентар, аптэчкі -- усё гэта з неад'емнай часткі камплектацыі камбайнаў таксама было ў поўным парадку.

-- Менавіта таму, што пажарнай бяспецы надаецца вялікая ўвага, у вобласці ўборачная кампанія праходзіць без надзвычайных сітуацый, -- каменціруюць спецыялісты.

Рэйдавая брыгада наведала таксама палеткі саўгаса "Вялікае Мажэйкава", дзе, як і ў папярэдняй гаспадарцы, ужо ўбрана каля 60% плошчаў зерневых культур.

-- У нас у саўгасе дзейнічае ў дадатак і свая пажарная служба, -- заўважае адказны за работу ўборачных звенняў Валянцін Сакалоўскі. -- Аднак мы робім стаўку на прафілактыку. Асаблівую ўвагу надаём падрыхтоўцы камбайнаў перад іх выхадам у поле. Нашы механізатары разумеюць, наколькі важна ачысціць бункер ад рэшткаў, прасачыць за тэхнічным станам машыны, выконваць усе правілы аховы працы.

-- Работа па пажарнай бяспецы на жніве ў Шчучынскім раёне сапраўды на высокім узроўні, -- лічыць Андрэй Швалюк. -- Камбайны ўкамплектаваны ўсім неабходным, працаўнікі валодаюць трывалымі ведамі. Вялікі плюс, што абсталяваны полымягасіцелямі выхлапныя сістэмы сельскагаспадарчай тэхнікі, што выходзіць у поле. Словам, да жніва комплексна і  добрасумленна рыхтаваліся, таму яно і праходзіць паспяхова.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.   

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)