Першая работніца Жалудоцкага медвучылішча -- Марыя Іванаўна Моцевіч

Пра тое, што калісьці ў Жалудку было адкрыта медыцынскае вучылішча, я ведала даўно. А вось сустрэцца з чалавекам, які меў непасрэднае дачыненне да гэтай навучальнай установы, а да таго ж і адпрацаваў там з першага да апошняга дня, раней не даводзілася. Пакуль старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзій Іванавіч Цывінскі падчас нашай паездкі ў в. Фарны Канец не прапанаваў наведацца да Марыі Іванаўны Моцевіч. Расказам пра няпросты лёс гэтай жанчыны мы і завяршаем публікацыі, прысвечаныя жыхарам вёскі.
Марыя Іванаўна была дома не адна: праведаць сваю падапечную і дапамагчы ёй па гаспадарцы прыйшла сацыяльны работнік Марыя Бенедыктаўна Мароз. Уладкаваўшыся ў невялікім утульным пакойчыку, мы ўсе разам уважліва слухалі ўспаміны Марыі Іванаўны.

– У маёй працоўнай кніжцы толькі два запісы аб прыёме на работу, – расказвае Марыя Іванаўна. – Першы – машыністкай у Жалудоцкі райваенкамат, а другі – у Жалудоцкае медвучылішча. Увогуле на Шчучыншчыну я трапіла выпадкова, а нарадзілася і вырасла ў Лідскім раёне. Аднойчы ў нашай вёсцы праверку ваеннаабавязаных з выездам на месца праводзілі работнікі Жалудоцкага ваенкамата, а ў той час яшчэ існаваў Жалудоцкі раён. Тады ваенком і прапанаваў мне ісці да іх працаваць машыністкай, паколькі я закончыла адпаведныя курсы. 
У ваенкамаце Марыя Іванаўна працавала да таго часу, пакуль Жалудоцкі раён не далучыўся да Шчучынскага. Якраз тады было прынята рашэнне аб адкрыцці ў пасёлку медвучылішча. Адказную, працавітую, акуратную работніцу парэкамендавалі Гродзенскаму абласному аддзелу аховы здароўя. 
– Згодна з самым першым загадам №1 былі прыняты на работу ў Жалудоцкае медвучылішча дырэктар, бухгалтар і я, – успамінае Марыя Іванаўна. – Было гэта ў 1962 годзе. Я працавала і сакратаром, і машыністкай, і загадчыкам аддзела кадраў, а яшчэ займалася справаводствам. Нагрузка была вельмі вялікая. Толькі праз некалькі год частку маіх абавязкаў сталі выконваць іншыя работнікі. А пачыналася медвучылішча з таго, што я два тыдні прымала дакументы ў Гродне, а потым мяне разам з усёй гэтай маёмасцю прывезлі ў Жалудок. 
За 36 год існавання вучылішча, а сёлета спаўняецца дваццаць год, як гэту ўстанову адукацыі зачынілі, яго ўзначальвалі чатыры дырэктары. Першым быў назначаны Антон Юльянавіч Барэйша – вядомы ўрач-неўрапатолаг з Гродна. Затым на гэтай пасадзе працавалі Мікалай Фёдаравіч Губарэвіч, Іван Іосіфавіч Ягораў і Леанід Пятровіч Скурашэўскі.
– Першы год, калі адкрылі прыём, нам дазволілі набіраць толькі адну групу фельчараў – 30 чалавек, – расказвае Марыя Іванаўна. – Былі і групы медыцынскіх сясцёр, але гэта спецыяльнасць не карысталася такою папулярнасцю. Конкурс для патэнцыяльных фельчараў тады склаў 30 чалавек на месца. Для паступлення было пададзена каля 900 заяў. І іх жа ўсе трэба было прыняць і аформіць. Нават сын мне дапамагаў, таму што адной было не справіцца. Дакументацыю заўсёды трымала ў поўным парадку. Гэтаму я навучылася яшчэ падчас работы ў ваенкамаце. 
А паспяваць усюды Марыі Іванаўне было ой як няпроста. На той час у яе ўжо была свая сям’я, гаспадарка, агарод. Жыць з бацькамі мужа не хацелася, і яны купілі ў суседняй вёсцы дом, а затым перавезлі яго ў Фарны Канец. Свайго мужа яна сустрэла тут жа, на Жалудоччыне. Пражыла з ім без двух гадкоў паўстагоддзя – ён пайшоў з жыцця ў 2005-ым. 
Сёння Марыя Іванаўна часта ўспамінае тыя часы, калі ў пасёлку было многа моладзі. 
– У нас кожны год вучылася амаль па трыста чалавек, – гаворыць яна. – А за ўвесь час існавання вучылішча выпусціла больш за шэсць тысяч спецыялістаў. Нашых выпускнікоў можна сустрэць усюды: і ў бальніцах, і ў санаторыях. Многія мяне пазнаюць, расказваюць, як склалася іх жыццё. А якія ўрачы тут выкладалі! 
Яшчэ да гэтай пары, хоць і мінула шмат часу, Марыя Іванаўна так і не змагла да канца аправіцца ад гора, якое яе напаткала: трагічна загінуў сын. Яму было толькі трыццаць два…
Цяпер яна жыве адна. Другі яе сын абуладкаваўся ў Гродне, у яго двое дзяцей. Матулю не забывае, прыязджае, дапамагае па гаспадарцы. 
– Я вельмі ўдзячна нашаму старшыні сельвыканкама Генадзію Іванавічу Цывінскаму, – шчыра прызнаецца Марыя Іванаўна. – Ніколі не адмовіць, калі мне штосьці патрэбна. Не магла даехаць па лякарствы ў Шчучын – ён прывёз, неяк святло ў доме прапала – зноў жа Генадзій Іванавіч замяніў пробку. Вельмі важна, калі ёсць да каго звярнуцца сталаму нямогламу чалавеку. 
А здароўе Марыю Іванаўну пачало падводзіць. 
– Раней вельмі любіла вязаць, а цяпер не магу – перанесла чатыры аперацыі на вочы, добра, што і так бачу, – расказвае жанчына. – Дый і ціск пастаянна “скача”. 
І ўсё ж такі занятак яна сабе знайшла – вырошчвае памідоры, а перавагу аддае сартам “Бычье сердце”, “Чёрный принц” і іншым. Мясцовыя знаўцы кажуць, што расада атрымліваецца выдатная, а затым і памідораў не абабрацца. 
– І бульбачкі крыху саджу, – гаворыць Марыя Іванаўна. – Праўда, апрацаваць людзі добрыя дапамагаюць. Затое і мне ёсць занятак, без работы зусім не магу. 
Развітваючыся з Марыяй Іванаўнай, я пакінула ёй свае нумары тэлефонаў. На ўсялякі выпадак… Як кажа жанчына, калі ёй становіцца зусім адзінока, яна бярэ тэлефон і звоніць сыну, знаёмым, сябрам, сацыяльнаму работніку Марыі Бенедыктаўне, якая, як аказалася, некалі не толькі вучылася з сынам Марыі Іванаўны, але і сядзела з ім за адной партай. І нават спісвала матэматыку. Ім ёсць пра што пагаварыць… І мне зусім не складана адказаць на яе званок і пагутарыць некалькі хвілін, калі гэта дапаможа Марыі Іванаўне знайсці душэўны спакой…
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!