Першае інтэрв’ю на новай пасадзе з пракурорам Шчучынскага раёна – саветнікам юстыцыі Аляксандрам Дзямідавым

У красавіку прыступіў да выканання службовых абавязкаў новы пракурор Шчучынскага раёна – саветнік юстыцыі Аляксандр Уладзіміравіч Дзямідаў. За плячыма ў 36-гадовага кіраўніка важкі багаж ведаў – скончыў ВНУ з чырвоным дыпломам – і вопыту. Мы папрасілі яго адказаць на некалькі пытанняў.

– Аляксандр Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, пра свой шлях у прафесію.
– Я – ураджэнец горада Баранавічы. Скончыў там ліцэй №1 і стаў студэнтам юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Я.Купалы. У 2005 годзе паступіў на службу ў органы пракуратуры. Пачынаў стажорам у Лідскай міжрайпракуратуры, а з красавіка 2006 года па ліпень 2007-га працаваў памочнікам пракурора Шчучынскага раёна. Затым была служба ў пракуратуры Кастрычніцкага раёна Гродна, з лістапада 2010 года займаў розныя пасады ў пракуратуры Гродзенскай вобласці. Ажыццяўляў нагляд за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па крымінальных справах, выступаў у судзе ў якасці дзяржаўнага абвінаваўцы. 
Дарэчы, у нашай сям’і я – трэці чалавек у пагонах: вайскоўцамі былі дзед і бацька.
– Значыць, гэта Ваша другое вяртанне ў Шчучын. Якія змены найбольш заўважныя для вока?
– Той будынак пракуратуры на вуліцы Леніна, дзе цясніліся па некалькі чалавек, і цяперашні – рэчы непараўнальныя. Умовы для працы проста шыкоўныя. У кожнага супрацоўніка – асобны кабінет, сучасная камп’ютарная і аргтэхніка. Ведаеце, пракурорская прафесія накладвае адбітак на лад жыцця. Графік работы ў нашых супрацоўнікаў надзвычай напружаны. Таму добра, што ёсць пакой для адпачынку і прыёму ежы, нават тэнісны стол... Праўда, часу, каб узяць у рукі ракетку, не стае (усміхаецца).
– Як вядома, пракуратура – інструмент абароны інтарэсаў дзяржавы, грамадства і чалавека. Якія напрамкі дзейнасці сёння ў прыярытэце?
– Усе сферы пракурорскага нагляду аднолькава важныя, яны накіраваны на устанаўленне законнасці і правапарадку. Каардынацыя дзейнасці ў барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю, нагляд за захаваннем законнасці, ахова правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх і пажылых людзей, падтрыманне дзяржаўнага абвінавачання, ажыццяўленне нагляду за папярэднім расследаваннем, аператыўна-вышуковай дзейнасцю, законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах – гэтым і іншым пытанням удзяляем вялікую ўвагу. 


Надзвычай важнае значэнне мае прафі­лактыка злачыннасці і права­парушэнняў. Лепш папярэдзіць магчымыя праяўленні супрацьпраўнай дзейнасці, чым потым прымаць рашэнні аб прыцягненні да адказнасці. Сёння агульная злачыннасць на Шчучыншчыне практычна на адным узроўні з мінулым годам. Між тым ёсць рост рэцыдыўнай. Таму акцэнт робіцца на рэсацыялізацыю асоб, якія яшчэ нядаўна знаходзіліся ва ўмовах строгай ізаляцыі. Тут важная роля органаў унутраных спраў, выканаўчай улады па аказанні гэтай катэгорыі грамадзян дапамогі ў працаўладкаванні, арганізацыі быту. Пракуратура ажыццяўляе свой кантроль і нагляд. 
 – Часам кожны з нас стаіць перад выбарам: паступіць па законе ці справядлівасці... Як суадносяцца гэтыя паняцці ў дзейнасці пракурора?
– З вопыту ведаю: разуменне справядлівасці ў кожнага сваё. Да прыкладу, у пацярпелага і абвінавачанага. Таму і ёсць трэці бок – суд, пракурор, які прадстаўляе інтарэсы дзяржавы. Закон дазваляе знайсці мяжу, калі прынятае рашэнне будзе і законным, і абгрунтаваным, і справядлівым. Дарэчы, выраз, якім кіруюся ў службовай дзейнасці, гучыць так: “Сем разоў адмерай – адзін адрэж». 
– Пракурор раёна – не кабінетны работнік...
– Канешне. Я ужо выязджаў на месцы рэзанансных здарэнняў – у вёску Танявічы, дзе адбыўся пажар з гібеллю людзей, і ў Жалудок – па факце замаху на забойства. Органы пракуратуры не вядуць расследаванне, галоўнае для нас – устанавіць прычыны і ўмовы, якія сталі каталізатарам трагедый з цяжкімі наступствамі. Асабіста пабываў і на аб’екце, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. На жаль, стан будынка нездавальняючы, ён дрэнна захоўваецца, ёсць пытанні па бяспецы... Пракуратура ўнесла прадпісанне, яно разгледжана, і прыняты меры, каб не пацярпелі людзі.
– Аляксандр Уладзіміравіч, з якімі пытаннямі прыходзілі на прыём жыхары раёна?
– Выслухаў 9 чалавек. Звароты датычыліся аховы працоўных правоў, выканання судовых рашэнняў, правядзення органамі ўнутраных спраў праверак, сямейных узаемаадносін... У прыватнасці, пажылая матуля скардзілася на свайго сына – п’яніцу і дэбашыра. Нашчадак быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Ад грамадзян прыняты заявы, праводзіліся праверкі на прадмет парушэння іх законных правоў і інтарэсаў. Даводзілася і заканадаўства тлумачыць.
– Якім пазітывам кампенсуеце напружанасць у працы?
– Зносінамі з роднымі, блізкімі і сябрамі, заняткамі спортам. Адчуваю моцную падтрымку жонкі. Яна па прафесіі ўрач, пакуль што жыве ў Гродне, выхоўвае нашых дачку і сына.
– Ці патрабавальны Вы кіраўнік?
– Патрабавальны я ў першую чаргу да сябе. Увогуле задаволены калектывам пракуратуры. Калегі – удумлівыя, скрупулёзныя, кампетэнтныя, юрыдычна адукаваныя, ініцыятыўныя і вопытныя спецыялісты, здольныя вырашаць пастаўленыя задачы. Гэта мой намеснік Д.Ю. Гайдукевіч, старшы памочнік пракурора А.В. Адаміцкая, памочнікі пракурора В.В. Аўсейчык і Д.В. Сініла. Даўно і плённа працуюць загадчык канцылярыі І.В. Вінча і вадзіцель В.С. Варац. Усіх – з прафесійным святам! Плёну ў рабоце, здароўя, асабістага шчасця і ўсіх зямных даброт вам, калегі!
Гутарыла Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.