Пераможны “Каласок” – у шчучынскіх футбалістаў

У Навагрудку прайшоў фінал абласных спаборніцтваў па футболе ў рамках спартакіяды “Каласок” сярод сельскіх юнакоў 2003-2005 гадоў нараджэння. За званне мацнейшых футбалістаў Гродзеншчыны змагаліся восем каманд, у тым ліку і зборная Шчучынскага раёна, у склад якой уваходзілі вучні Ражанкаўскай, Ракавіцкай, Ляшчанскай, Астрынскай і Першамайскай сярэдніх школ. 

Спачатку фаварытамі спаборніцтваў лічыліся зборныя Гродзенскага, Карэліцкага, Дзятлаўскага і Мастоўскага раёнаў, аднак шчучынскія спартсмены хутка парушылі ўсе “прагнозы” балельшчыкаў. Яны ўпэўнена абыгралі ўсіх сваіх сапернікаў у падгрупе і выйшлі ў фінал, дзе ва ўпартай барацьбе перамаглі карэліцкіх футбалістаў з лікам 1:0. Наш варатар Максім Бяляўскі, абаронца Максім Сарока і нападаючы Сяргей Здановіч былі прызнаны лепшымі ігракамі спаборніцтваў.
Вярнуўшыся дадому, шчучынскія футбалісты працягваюць інтэнсіўна трэніравацца, бо ўжо 4 верасня адпраўляюцца ў Ліду, дзе пройдзе рэспубліканскі этап спартакіяды “Каласок”. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!