Пажарная трывога

Павелічэнне гібелі людзей на пажарах (у нашым раёне з пачатку года агонь паглынуў сем чалавечых жыццяў) усур’ёз трывожыць не толькі раённую і мясцовую ўладу, але і абласныя структуры. На мінулым тыдні на Шчучыншчыну прыбыў своеасаблівы дэсант па адпрацоўцы рэгіёнаў з мэтай эфектыўнай прафілактычнай работы. Супрацоўнікі Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС разам са сваімі шчучынскімі калегамі з РАНС, прадстаўнікамі ўсіх зацікаўленых службаў раёна, членамі аглядавых камісій наведалі дзясяткі вёсак і вёсачак, мноства дамоў сяльчан – састарэлых, інвалідаў, адзінока пражываючых грамадзян, а таксама сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці. Суботні дзень журналіст “Дзянніцы” правяла менавіта ў такім рэйдзе па населеных пунктах Васілішкаўскага сельсавета.

Намеснік начальніка аддзела нагляду і прафілактыкі абласнога ўпраўлення МНС А.П. Курдупель асаблівую ўвагу праявіў яшчэ і да ведамаснага жылля. Аляксандра Пятровіча цікавіла, як выконваецца даручэнне губернатара абсталяваць ведамасныя памяшканні, дзе пражываюць работнікі прадпрыемстваў і гаспадарак, аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі. Увогуле, літаральна кожны з членаў аглядавай камісіі нефармальна вывучаў сітуацыю ў сваёй сферы. Адрасы, куды накіроўвалася рэйдавая брыгада, знаходзіліся як у саміх Васілішках, так і вёсках Аляксандраўка, Кронькі, Мякішы, Арцюшы.


Начальнік РАНС А.Д. Малюгін асабіста правяраў спраўнасць АПА ў кожным з дамоў, якія мы наведвалі. Калі здаралася так, што ў прыборы адслужылі батарэйкі, іх тут жа замянялі. І старшыня Васілішкаўскага сельвыканкама Т.І. Зубрыцкая, і дырэктар ТЦСАН С.У. Шанчук са сваёй камандай прадстаўнікоў сацыяльнай службы з кагорты тых, хто імкнецца прадугледзець і папярэдзіць усемагчымыя жыццёвыя сітуацыі. Сцвярджаюць, што ў іх запасныя элементы сілкавання для АПА заўжды пад рукой. А афіцэры МНС маглі аператыўна ўмяшацца, калі адышоў кантакт, і АПА з вывадам сігнала на вуліцу зноў набываў пры падставе свой гучны “голас”.
Не толькі дамы, не праміналі абследаваць гарышчы, упэўніцца, што з комінам усё ў парадку. У спецыяліста РЭС – асаблівая цікавасць да праводкі: па некаторых адрасах ужо на гэтым тыдні выедуць майстры. Г.А. Клімовіч, галоўны інжынер “Шчучынрайгаза”, пераконваў гаспадароў у неабходнасці замяніць старыя газавыя пліты на новыя і здаць “лішнія” балоны ў залік кошту звадкаванага газу. Хтосьці раздаваў памяткі з правіламі бяспекі, хтосьці адказваў на пытанні вяскоўцаў. 


Каардынатарам такой калектыўнай работы выступала старшыня сельвыканкама Т.І. Зубрыцкая, якая даступна і проста тлумачыла людзям, што неабходна зрабіць для яшчэ большай бяспекі іх жылля: падмазаць глінай печ, замяніць прыпаліўны ліст на стандартны, парамантаваць праводку і г.д. Гэтыя рэкамендацыі ўручаліся бабулям і дзядулям яшчэ і ў пісьмовым уведамленні пад асабісты подпіс.
– Знаходзячы парушэнні, мы тут жа тэлефануем дзецям старэнькіх гаспадароў сядзіб, – тлумачыць кіраўнік мясцовай вертыкалі, а сацыяльная служба адправіць ім яшчэ і пісьмы, каб паклапаціліся пра сваіх родных. 
Дарэчы, у кожным з такіх выпадкаў дадзены канкрэтныя тэрміны для ўстаранення выяўленых недахопаў. І самае галоўнае, на мой погляд, што аглядавая камісія не прамінула наведаць яшчэ і тыя дамы, дзе гэты самы тэрмін ужо сышоў. 


– У сакавіку мы рэкамендавалі жыхару вёскі Мякішы А.С. Навагродскаму, які пражывае адзін, атынкаваць і пабяліць дымаход, замяніць два прыпаліўныя лісты ля печак, – канстатуе Т.І. Зубрыцкая.
Адольф Станіслававіч запрашае ў хату, паказвае, што зроблена.
– Перадайце вялікі дзякуй вашаму сыну за разуменне і клопат пра вас, – гаворыць задаволеная вынікам Тамара Іванаўна, бо ўсе пункты прадпісання выкананы. 
А дзядуля, выслухаўшы пераканаўчыя аргументы начальніка РАНС А.Д. Малюгіна аб тым, што прыбор АПА не адно жыццё ўратаваў, вырашыў тут жа набыць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які яму без прамаруджвання ўстанавілі.
Адметна і тое, што ў вёсцы Аляксандраўка адной з сямей, дзе жыве інвалід, камісія прыняла рашэнне аб хадайніцтве прадаставіць матэрыяльную дапамогу на набыццё новай газавай пліты.
Рэйд атрымаўся рэзультатыўным. Яго ўдзельнікі наведалі амаль паўтара дзясятка домаўладанняў. Шчырыя гутаркі з людзьмі і адпрацаваны алгарытм дзеянняў, здольных паўплываць на тую ці іншую сітуацыю, не пройдуць бясследна. Але, як кажуць у народзе, беражонага Бог беражэ, таму вельмі важна кожнаму з нас зразумець ісціну: наша бяспека ў нашых руках. 
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара. 

Средняя: 5 (1 оценка)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)