Партнёрства дзеля добрай справы

Сёння Шчучынскую раённую арганізацыю Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа наведала праграмны каардынатар Швейцарскага Чырвонага Крыжа для Беларусі, Кыргызстана і Арменіі Брыгіта Мюллер-Шмід. Падчас візіту ў наш горад яе суправаджалі намеснік Генеральнага сакратара Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, член Савета Рэспублікі Нацыянальнагага сходу Рэспублікі Беларусь Р.Р. Скамарошка і краінавы каардынатар Швейцарскага ЧК  у Беларусі Т.І. Гаплічнік.

– Швейцарскі Чырвоны Крыж аказвае падтрымку службе міласэрнасці Беларускага Чырвонага Крыжа, – адзначыла Брыгіта Міллер-Шмід. – Мэта майго візіту – больш падрабязна пазнаёміцца з дзейнасцю гэтай службы. У бліжэйшыя тры гады плануецца рэалізаваць праект, у рамках якога будзе пашырана і  ўдасканалена сістэма па аказанні медыка-сацыяльных паслуг і расшырэнні магчымасцей БТЧК у тым, каб такія паслугі магла атрымаць як мага большая колькасць людзей.

– Дзяржава ў нас сацыяльна арыентаваная. Многа робіцца дзеля дабрабыту пажылых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Разам з тым старэнне насельніцтва – жыццёвая рэальнасць. І нам проста неабходна развіваць новыя тэхналогіі і перабудоўваць сваё мышленне, – выказалася Р.Р. Скамарошка. – Трэба думаць, як расшырыць спектр аказання паслуг, пры гэтым рацыянальна выкарыстоўваць свае рэсурсы.

 Догляд – гэта прафесія, а Беларускі Чырвоны Крыж – гэта эксклюзіўная арганізацыя, якая валодае многімі перадавымі методыкамі догляду. У тым ліку дзякуючы Швейцарскаму Чырвонаму Крыжу, падкрэсліла Раманія Раманаўна. У прыватнасці, беларускія сёстры міласэрнасці абучаны формам догляду на даму з элементамі кінестэтыкі. Гэта новая і дарагая методыка. Яна індывідуальная для пацыента і прапануецца тым з іх, чыя сям'я гатова аплаціць такія паслугі.

У дружалюбнай абстаноўцы за кубачкам гарбаты ў памяшканні раённай арганізацыі БТЧК госця і гаспадары абмеркавалі самыя розныя пытанні, у тым арганізацыю каманднай работы і валанцёрскай дзейнасці. Сваім прафесійным і жыццёвым досведам падзяліліся старшыня раённай арганізацыі БТЧК Г.С. Мацюк, яе папярэдніца на гэтай пасадзе В.М. Урсул,  былая медыцынская сястра Д.М. Шпаковіч, гараджане, якія па дабраце душэўнай сталі валанцёрамі – ажыццяўляюць догляд сваіх пажылых суседзяў, калег і знаёмых. "Галоўнае, каб нашы людзі не адчувалі сябе адзінокімі", – лічыць Валянціна Мікалаеўна Урсул. "У нашай рабоце ключавое слова – міласэрнасць", – слушна заўважыла сястра міласэрнасці Л.С. Візгалава. – Гэта ціхае і простае слова, напоўненае вялікім сэнсам".

– У любой арганізацыі ёсць місія. У нашай – таксама. Яна гучыць, як паляпшэнне якасці жыцця праз рэалізацыю гуманітарнага патэнцыялу грамадства. Менавіта апошняе выходзіць сёння на пярэдні план, – зрабіла акцэнт Р.Р. Скамарошка. – Увесь свет працуе, каб частку работы па догляду ўзяла на сябе дзяржава, частку – грамадская арганізацыя прафесіяналаў, частку – валанцёры, а частку – самі людзі.  

Работа Брыгіты Мюллер-Шмід – гэта менеджмент, і ёй цікава было даведацца, як беларускія калегі працуюць з падапечнымі, таму госця са Швейцарыі наведала іх на даму.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.