Пара Хвайніцкіх – гэта адзінае цэлае. 50 год таму – 26 красавіка 1969 года – яны ўступілі ў шлюб

“Мы з табой два берагі ў адной ракі”. Так, паўтараючы радкі вядомай песні, могуць па праве сказаць пра свае адносіны Алена Пятроўна і Іосіф Станіслававіч Хвайніцкія. А рака гэта, што сярэбранай стужкай звязала іх лёсы, носіць назву Жыццё. Абодва нарадзіліся ў год вызвалення роднай Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і адпаведна – у год утварэння Гродзенскай вобласці. Дарэчы, у знакавы час: Іосіф Станіслававіч будзе сустракаць сваё 75-годдзе 9 мая, у Дзень Перамогі, а Алена Пятроўна – 15 ліпеня, калі ўсё яшчэ дыхае святочнай атмасферай з нагоды вызвалення нашага гродзенскага краю ад гітлераўскіх акупантаў. 
Хвайніцкія адзначылі яшчэ адзін юбілей – сваё залатое вяселле. Роўна 50 год таму – 26 красавіка 1969 года – яны ўступілі ў шлюб, і з тае пары жывуць у ладзе ды згодзе, многа працуюць, умеюць радавацца жыццю, ганарацца дзецьмі, якіх выхавалі сапраўднымі людзьмі, і ўнукамі, што апраўдваюць лепшыя спадзяванні. 
Іх юнацтва не было пазначана чорнай меткай вайны, але прыпала на нялёгкія гады аднаўлення народнай гаспадаркі пасля суцэльнай разрухі. Іосіф Станіслававіч родам з вёскі Плёткі, што на Астрыншчыне. Рана застаўся сіратою, яшчэ падлеткам пайшоў працаваць у калгас імя Якуба Коласа. Запомнілася, як у гаспадарцы не было транспарту, і жывёлу ў Гродна на мясакамбінат з Новай Нявішы гналі … пешшу. На лузе ля Котры, ля пасёлка Азёры ды спадарожных вёсак тры ночы спыняліся на начлег і толькі на чацвёрты дзень траплялі з рагулямі ў Гродна. 
Вучобу Іосіф Хвайніцкі працягваў у Казлоўшчынскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы, пасля якога стаў адмысловым трактарыстам. Праходзячы армейскую службу ў Падмаскоў’і, дапытлівы юнак набыў яшчэ тры рабочыя спецыяльнасці – вадзіцеля, газаэлектразваршчыка і аператара газавай кацельні. Як потым пацвердзіла жыццё, усё аказалася запатрабаваным. 
На малую радзіму пасля трох гадоў у войску Іосіф вяртаўся ўзмужнелым, загартаваным, самадастатковым. Не адна дзяўчына заглядвалася на прыгожага, працавітага юнака, а ён паклаў вока на абаяльную выкладчыцу біялогіі Пугачоўскай школы – Алену Пятроўну, у якой вабіла літаральна ўсё – і мілая ўсмешка, і стройная постаць, і інтэлігентныя манеры, і паважлівыя адносіны да людзей. 
 – У нас з Іосіфам былі агульныя погляды на жыццё. Я таксама вырасла ў вёсцы, у дружнай і працавітай сям’і, – узгадвае Алена Пятроўна. – Мая вёска Галубы раскінулася ў Прынёманскім краі. Больш за ўсё я люблю лес, які нас карміў у галодныя гады. Бывала, я па 200 баравікоў у дзень набірала, вёдрамі чарніцы насіла. І зімою лес на дзіва прыгожы. Тата браў мяне з сабою нарыхтоўваць тонкастволыя бярозы, каб потым вязаць іх у плыты і з надыходам сезона сплаўляць па Нёмане лес. Так, бацька быў сплаўшчыкам лесу, мама вяла хатнюю гаспадарку і выхоўвала нас – шасцярых дзяцей. Усе атрымалі добрую адукацыю. Я ганаруся і сваімі бацькамі, і сваімі братамі ды сястрой. Сама біёлагам стала, таму што расла сярод неверагодна прыгожай прыроды. І сыну – нашаму з Іосіфам першынцу – выбрала прафесію, звязаную з лесам, а потым дужа перажывала, хоць бы не расчараваўся ён. Наш Сяргей закончыў сталічны тэхналагічны інстытут і зараз займае пасаду галоўнага ляснічага Шчучынскага лясгаса. А дачка Ларыса працуе бухгалтарам у сферы адукацыі. 
Калі Хвайніцкія ўтварылі сям’ю, то праз нейкі час вырашылі будаваць свой дом. Так склалася, што ўчастак узялі ў Ражанцы. Іосіф Станіслававіч пайшоў працаваць вадзіцелем, а потым і газаэлектразваршчыкам у райсельгастэхніку. Яму як высокакваліфікаванаму зваршчыку давяралі самыя адказныя ўчасткі работы, зачастую тэрміновыя і экстрэмальныя.
 – Не раз даводзілася вайскоўцаў выручаць, а неяк у лютыя маразы не вытрымалі камунікацыі ў Ражанкаўскім доме-інтэрнаце, – узгадвае ветэран працы. – Стаяла задача парамантаваць цепласістэму як мага хутчэй, мы ад цямна да цямна працавалі без адпачынку, але справіліся своечасова. 
Дарэчы, пры пераездзе ў Ражанку Алена Пятроўна пайшла працаваць у той самы дом-інтэрнат выхавацелем, заўжды з душой адносілася да абяздоленых дзетак, успрымала іх нялёгкі лёс, як уласную бяду і імкнулася дапамагчы. 
Сёння супружная пара Хвайніцкіх – гэта адзінае цэлае: падтрымліваюць і падбадзёрваюць адзін аднаго, будуюць планы, саджаюць дрэвы і радуюцца квецені сада ля адбудаванага ўласнымі рукамі дома. Усё жыццё трымалі вялікую падсобную гаспадарку, а зараз толькі козачка Міла ды курачкі – карміцелькі дыетычнымі і карыснымі прадуктамі. Здаровы лад жыцця, праца на роднай зямлі, шчырая малітва, узаемаразуменне і ўзаемапавага – вось “рэцэпт” моцнай сям’і ад юбіляраў Хвайніцкіх.
 – А яшчэ мы вельмі любім нашу раёнку, многа чытаем. Усе цікавыя артыкулы выразаем і захоўваем, каб іншы раз вярнуцца да надрукаванага. Вось гэта публікацыі па краязнаўстве – пра Ражанку, Жалудок, вось тут – замалёўкі пра нашых блізкіх, вершы, якія кранулі да глыбіні душы, – паказваюць свой важкі дамашні архіў Алена Пятроўна і Іосіф Станіслававіч. – “Дзянніца” стала нашай любімай газетай. 
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!