“Памяць бацькі ніколі не здымала шыняля”

Осіпавы – адна з самых вядомых дынастый на Шчучыншчыне. Ветэран Вялікай Айчыннай Таццяна Сяргееўна і сёння, у свае 96, гатова расказаць моладзі і пра вогненнае ліхалецце, і пра тое, як людзі яе пакалення аднаўлялі разбураную вайной народную гаспадарку. На жаль, ужо няма ў жывых яе мужа – адважнага франтавіка-танкіста Івана Ціханавіча Осіпава, які прайшоў вайну з пачатку і да канца, а ў мірны час разам з сынамі працаваў на Шчучынскім заводзе “Аўтапровад”, памнажаючы славу роднага прадпрыемства. У гэтай сям’і заўсёды беражліва адносіліся да захавання памяці родных людзей – сведкаў гераічных старонак нашай гісторыі. Мы папрасілі дачку Осіпавых – Наталлю Іванаўну Белякову пагартаць разам з намі сямейны альбом і падзяліцца ўспамінамі.

 

Слаўны шлях танкіста

 

– Тата быў зусім нешматслоўны, і нас з братамі вучыў узважваць свае словы, – узгадвае Наталля Іванаўна. – Пра вайну гаварыць не любіў: было бачна, што для яго гэта вельмі балючая тэма, што ён шмат перажыў у танкавых баях, калі гарэлі баявыя машыны, плавіўся метал, але нязломным заставаўся дух чалавека. Тройчы цяжка паранены, ён выжыў. Нягледзячы на перанесенае, тата быў сапраўдным здаравяком, настойліва займаўся спортам, мог у экстрэмальнай сітуацыі ўтаймаваць любога забіяку.

 

Па біяграфіі Івана Ціханавіча Осіпава можна смела вывучаць гісторыю Вялікай Айчыннай. Бяру ў рукі ваенны білет афіцэра запасу. Першы запіс у графе аб ваеннай адукацыі – за 1939 год: курсы малодшых лейтэнантаў і ваентэхнікаў пры 4-й танкавай брыгадзе. А гэта значыць, што ў 1941-м ён ужо быў вопытным танкістам, удзельнічаў у самых складаных баявых аперацыях. У франтавым 1942-м І.Ц. Осіпаў уступае ў партыю: тады гэта сведчыла аб непадробным патрыятызме, непахіснай веры ў перамогу над ворагам. Вось што пісаў сам Іван Ціханавіч у аўтабіяграфіі: “Прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне з 22 чэрвеня 1941 года па 9 мая 1945 года, ваяваў на франтах: Паўночна-Заходні, Бранскі, Цэнтральны, 4-ты Украінскі, 1-шы Прыбалтыйскі, Паўднёвая група войск у Румыніі. Увесь гэты час знаходзіўся ў 19-м танкавым Чырванасцяжным ордэна Кутузава Перакопскім корпусе”.

 

У свой час пра Івана Ціханавіча шмат пісалі газеты – і наша раённая, і абласная “Гродзенская праўда” ды шматлікія рэспубліканскія. Наталля Іванаўна захоўвае тыя пажоўклыя ад часу старонкі, якія “дыхаюць” жывымі галасамі ўдзельнікаў вайны. І ўжо дзякуючы нашаму брату журналісту можна даведацца, якая любімая прыказка ў маёра Осіпава была: “Гвардейцы, не унывать!”, і праз якія крывавыя жорны давялося прайсці – бітва на Курскай дузе, танкавы пераход праз Сіваш, шлях з баямі на Сімферопаль, Бахчысарай, Тамань, Севастопаль, схватка за мыс Херсонес.

 

Камандзір танкавага батальёна І.Ц. Осіпаў вызваляў Беларусь, Польшчу, Румынію… За мужнасць і гераізм Іван Ціханавіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, мноствам медалёў.

 

Вайна – вайной, а каханне ніхто не адмяняў!

 

– Пры вызваленні Тулы ў таты надарылася магчымасць ненадоўга заскочыць да сваякоў. Вось там ён упершыню і ўбачыў нашу маму, – расказвае сямейную гісторыю Наталля Іванаўна. – Юная, пяшчотная дзяўчынка з мнагадзетнай сям’і насамрэч мела стойкі характар, узначальвала не толькі брыгаду на Тульскім абаронным заводзе, дзе выпускалі снарады для фронту, але і цэлую камсамольскую арганізацыю. Тата быў проста зачараваны яе абаяннем, пачуццём гумару, лідарскімі здольнасцямі, але наш дзядуля, бацька будучай нявесты, сказаў, як адрэзаў: “Таня ў нас малодшая, не аддам яе. Выбірай, маёр, любую са старэйшых сясцёр – іх у нас трое!” Дзіўны чалавек, нібыта каханне можна перапраграміраваць…

 

Іскарка, запаленая ў Туле, у сэрцы маёра Осіпава не згасала. У пераможным 45-м яго назначылі камендантам аднаго з вызваленых у Румыніі гарадоў, і ўжо ў першы свой водпуск Іван Ціханавіч паспяшаўся не на малую радзіму, а ў Тулу, каб папрасіць рукі Таццяны. Цяпер ужо строгі родзіч зразумеў, што не варта ставіць перапоны двум закаханым людзям, тым больш, што пачуцці іх правераны суровым часам. Так Таццяна Сяргееўна аказалася ў Румыніі, працавала там, нават магла гаварыць па-румынску. Напрыканцы 40-х сям’я Осіпавых прыехала ў Шчучын. Пайшоўшы ў адстаўку, Іван Ціханавіч спачатку выкладаў у першай гарадской школе ваенную падрыхтоўку, а потым перайшоў на завод “Аўтапровад” у аддзел кантролю за якасцю прадукцыі. Доўгі час ён паспяхова ўзначальваў раённы савет ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, дапамагаючы вырашаць праблемы, з якімі іншы раз сутыкаліся ў мірным жыцці былыя франтавікі і партызаны.

 

Таццяна Сяргееўна працавала ў гандлёвай сферы. Падраслі сыны Анатоль і Эдуард, а ў Шчучыне ў іх з’явіліся сястрычка Наталля і брат Сяргей. Осіпавы ўсіх дзяцей выхавалі добрымі, працавітымі і спагадлівымі людзьмі.

 

Родныя людзі

 

– Тата ніколі на нас не павышаў голас, – узгадвае Наталля Іванаўна. – Але ў сям’і была армейская дысцыпліна: аднаго погляду строгіх бацькоўскіх вачэй хапала, каб мы, дзеці, зрабілі ўсё належным чынам – і вучыцца стараліся, і жыць так, каб намі бацькі ганарыліся.

 

 

Сапраўды, на заводзе “Аўтапровад” да гэтага часу памятаюць свайго слаўнага салаўя – Анатоля Іванавіча Осіпава, якога, на жаль, рана не стала. Ён спяваў, як сапраўдны артыст і быў гонарам не толькі заводскай мастацкай самадзейнасці, але і ўсяго раёна. Папулярныя песні ў выкананні Анатоля Осіпава гучалі на рэспубліканскіх і ўсесаюзных фестывалях, па радыё і тэлевізары. Па ўспамінах сястры, за яго ўнікальны, магутны голас Анатоля Іванавіча неаднаразова запрашалі ў кансерваторыю і на прафесійную сцэну, аднак абставіны складваліся на карысць сямейных каштоўнасцей і любімага Шчучына.

 

Другі сын Івана Ціханавіча Осіпава – Эдуард – таксама ўвайшоў у гісторыю завода “Аўтапровад” як ударнік вытворчасці, чалавек з залатымі рукамі, чыя праца адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, шэрагам іншых узнагарод. Эдуард Іванавіч і сёння жыве ў нашым горадзе, як і яго сястра і брат, падтрымлівае сваю 96-гадовую матулю.

 

– Самы малодшы з нас – Сяргей – выліты тата, – працягвае аповед Наталля Іванаўна, – і знешне, і па слядах бацькоўскіх пайшоў, стаўшы кадравым афіцэрам. Падпалкоўнік у адстаўцы, ён нёс службу ў гарачых кропках планеты, добрасумленна выконваў інтэрнацыянальны абавязак, служыў у Архангельску, Севераморску, а зараз жыве ў Смаленску, але Шчучын займае асаблівае месца ў ягоным сэрцы. Тут у яго мы з мамай, тут магілка таты, – з самотнай ноткай у голасе зазначае Н.І. Белякова.

 

Што тычыцца самой Наталлі Іванаўны, то гэта добразычлівая і надзвычай актыўная жанчына не адзін дзясятак год прыходзіла на дапамогу землякам у самых складаных сітуацыях у якасці старшага фельчара хуткай медыцынскай дапамогі. Больш таго, яны з мужам, інжынерам-будаўніком, на працягу шэрагу гадоў працавалі ў Манголіі. Дарэчы, пэўны час У.М. Белякоў займаў адказную пасаду намесніка старшыні Шчучынскага райвыканкама і паспяхова курыраваў будаўнічую галіну.

 

 

– На жаль, Уладзімір Мікалаевіч рана пайшоў з жыцця і не можа расказаць нашым маладым сучаснікам пра сваіх бацькоў – легендарнага камісара Мікалая Мікітавіча і адважную разведчыцу-партызанку Таццяну Паўлаўну Беляковых. Іх ваенны шлях заслугоўвае, бадай, асобнай кнігі, – лічыць Наталля Іванаўна.
А мы ў сваю чаргу абяцаем працягваць нашу газетную рубрыку, прысвечаную 75-годдзю Вялікай Перамогі, і праз успаміны родных і блізкіх расказаць пра дастойных людзей раёна. Каб ведалі нашчадкі, каб помнілі і цанілі мір, здабыты ў гарачых баях…

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага альбома Н.І. Беляковай.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!