Палац Незалежнасці – сімвал суверэнітэту Беларусі

Дэлегацыя Шчучынскага раёна з ліку прадстаўнікоў ідэалагічнага і прафсаюзнага актыву на мінулым тыдні пабывала ў Мінску і наведала Палац Незалежнасці, дзе праходзяць важнейшыя палітычныя і грамадска значныя падзеі краіны. Тут падчас інаўгурацыі Прэзідэнт Беларусі прысягаў на вернасць свайму народу, тут Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка прымае міжнародных лідараў, праводзіць палітычныя перамовы на вышэйшым узроўні, дае прэс-канферэнцыі журналістам. У галоўным палацы краіны адбываюцца ўрачыстыя цырымоніі ўзнагароджання заслужаных людзей, ушанавання мнагадзетных маці, наказы выпускнікам школ і ВНУ, праводзяцца форумы. Па асабістым распараджэнні Прэзідэнта Палац Незалежнасці ў асобныя дні адкрыты для экскурсій. У мінулую сераду нам таксама пашчасціла пабываць у гэтым знакавым для краіны  і велічным збудаванні.

Экскурсавод эмацыянальна і цікава расказвала пра гісторыю і архітэктуру палаца, узведзенага беларускімі будаўнікамі ў сціслыя тэрміны і адкрытага ў 2013 годзе. Галоўны архітэктар Уладзімір Архангельскі абраў стыль постмадэрнізму, прапанаваўшы для фасадаў шкло, метал і высакародны камень. Пры будаўніцтве былі выкарыстаны ўнікальныя тэхналогіі, вялікае значэнне надавалася светлавым эфектам. 
А вось унутраныя інтэр’еры – класічныя. Над дызайнам працавалі дзясяткі беларускіх мастакоў, і кожная дэталь тут – твор мастацтва. Мэблю, інкрустацыю, роспіс, шыкоўныя высокамастацкія люстры, габелены, копіі слуцкіх паясоў выканалі нашы лепшыя майстры. 
Кожная з залаў палаца мае сваё прызначэнне. Цікава было на свае вочы ўбачыць круглы “дэмакратычны” стол, дзе засядала “нармандская чацвёрка”, прымаючы славутыя мінскія пагадненні, якія прагучалі і гучаць на ўвесь свет у надзеі, што ў суседняй Украіне ўстановіцца доўгачаканы мір і ўзаемаразуменне. Ці ж не гонар, што міжнароднай пляцоўкай для падпісання лёсавызначальных дакументаў стала Беларусь?
Рэкардсменам па колькасці палітычных сустрэч называюць Камінную залу: па словах экскурсавода, гэта любімая зала Прэзідэнта. Яе інтэр’ер мы часцяком бачым па тэлебачанні, калі сочым за палітычным дыялогам А.Р. Лукашэнкі з кіраўнікамі іншых дзяржаў. І вось у гэтай зале мы маглі свабодна фатаграфавацца, дакранацца да нейкіх рэчаў, абменьвацца думкамі і эмоцыямі.


На сценах палаца – самабытныя карціны. І не толькі вядомых мастакоў, а найчасцей – маладых, таленавітых пачаткоўцаў, студэнтаў Беларускай Акадэміі мастацтваў. На экспазіцыях выстаўлены для ўсеагульнага агляду і падарункі, зробленыя нашаму Прэзідэнту падчас афіцыйных візітаў. Так, ад папы Рымскага – гравюра, медальён і ручка. 
Кранае сваёй цеплынёй падораны габелен-трыпціх, на якім вытканы родная хатка ў Александрыі, дзе вырас будучы Прэзідэнт, школка Аляксандра Рыгоравіча, цудатворная крыніца, абуладкаваная пры непасрэдным удзеле А.Р. Лукашэнкі. 
Самая вялікая ў краіне зала ўрачыстасцей таксама знаходзіцца ў Палацы Незалежнасці, а люстра з хрусталю і латуні, якая ўваходзіць у дзясятку самых масіўных у свеце і важыць 2 тоны, выраблена, як, дарэчы, і іншыя свяцільнікі, на заводзе “Каскад” у Лідзе. Паўсюль – беларускія вырабы, айчынныя матэрыялы, плён працы нашых таленавітых людзей.
Уразіў зімовы сад са скульптурнай кампазіцыяй і фантанамі, якія таксама знаходзяцца ў палацы і служаць цудоўным куточкам для адпачынку. А купал аранжарэі з’яўляецца адначасова крыніцай святла і энергарэсурсу. 
На тэрыторыі Палаца Неза­леж­насці ўсіх сустракае 8-метровая скульптура дзяўчыны-прыгажуні з сямю галубамі (яны сімвалізуюць Мінск і шэсць абласцей рэспублікі), што ўвасабляе маладую Беларусь – адкрытую і гасцінную. Вакол палаца ўжо расце сад, саджанцы якога – сімвал росту маладой дзяржавы. Па добрай традыцыі, закладзенай Прэзідэнтам і яго сынамі, усе ганаровыя госці таксама высаджваюць дрэвы. Прыгожыя фларыстычныя кампазіцыі, бездакорныя газоны, фантанчыкі, арыгінальны ландшафт… Ва ўсё гэта ўпаўне ўпісваецца і верталётная пляцоўка.
Дзве гадзіны экскурсіі па Палацы Незалежнасці і яго навакольнай тэрыторыі, што займае 53 тысячы квадратных метраў, праляцелі, нібыта адно імгненне. 

– Зачараванне, захапленне, гонар нарасталі з кожным крокам па гэтым неверагодна прыгожым і велічным палацы, які спалучыў у сабе старажытную і сучасную беларускую не толькі архітэктуру, але і духоўнасць. Без перабольшвання скажу, Палац Незалежнасці – гэта гонар нацыі, – дзеліцца ўражаннямі старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Васілішкі” Валянціна Іосіфаўна Бакун.
– Было прыемна ўсведамляць, што мы ходзім па тых жа лесвіцах, залах, што і знакамітыя палітычныя дзеячы, члены ўраду. І ўсё гэта не толькі для палітычнай эліты, усё гэта адкрыта для беларусаў і з’яўляецца пацвярджэннем высокага ўзроўню развіцця нашай краіны, майстэрства і інтэлектуальнага патэнцыялу народа, – далучаецца да абмеркавання старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Тадэвушавіч Пашук. – Урачыстасць – бадай, галоўная адметнасць інтэр’ера Палаца Незалежнасці, які з’яўляецца сімвалам нашай краіны і яе суверэнітэту.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.      
  

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!