Паглядзіце як прайшоў адборачны тур фестывалю праваслаўных спеваў “Каложскі Благавест”

У калядны тыдзень у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў адборачны тур ХІХ Міжнароднага фестывалю праваслаўных спеваў “Каложскі Благавест”. Больш за 20 калектываў Шчучынскага, Мастоўскага і Воранаўскага благачынняў імкнуліся данесці да сэрцаў слухачоў сакральны сэнс царкоўных спеваў.
Адкрыў свята і павіншаваў усіх з Ражством Хрыстовым благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк. Ён падкрэсліў, што ў нашым раёне склаліся канструктыўныя адносіны паміж праваслаўнай царквой і свецкай уладай, а гэта спрыяе духоўнаму адраджэнню.
Цёпла вітала ўдзельнікаў мерапрыемства і ўсіх прысутных у зале старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк.
– Мы вельмі рады гасцям. У нас ёсць, што паказаць і чым ганарыцца, – зазначыла Ганна Станіславаўна. – Праваслаўны пеўчы форум “Каложскі Благавест” прыцягвае ўвагу прадстаўнікоў усіх канфесій. А менавіта плённым супрацоўніцтвам і паважлівымі адносінамі паміж людзьмі розных веравызнанняў славіцца наш край.

Конкурсную праграму адкрыў хор храма святога Архангела Міхаіла г. Шчучына. Уражвалі прыгожыя, чыстыя галасы выканаўцаў. Як заўжды, на высокім узроўні выступіў і наш народны ансамбль духоўных спеваў “Преображение” РЦКіНТ, які ўжо не адзін раз быў у ліку дыпламантаў “Каложскага Благавесту”, прадстаўляў мастацтва Шчучыншчыны і ўсяго Прынёманскага краю на міжнародных фестывалях за мяжой.
Не маглі не ўсхваляваць шчырым, пранікнёным гучаннем творы ў выкананні ансамбля храма Богаяўлення г. Шчучына, творчага калектыву храма Ражства Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Ракавічы, многіх іншых. Незабыўныя эмоцыі падарылі шчучынскім слухачам харавыя спевы гасцей з Мастоў, Радуні, Дубна, Лунна, Гудзевічаў… А вось прафесійную ацэнку майстэрству ўдзельнікаў адборачнага тура на міжнародны фестываль “Каложскі Благавест”, які будзе праходзіць у Гродне з 19 па 22 лютага, давала журы на чале з клірыкам Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора г. Гродна, членам Саюза кампазітараў, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Андрэем Бандарэнкам. Граматы ад журы прымалі рэгенты царкоўных пеўчых калектываў Наталля Яўтушык (г. Шчучын), Аляксандра Казлоўская (аг. Ракавічы) і Злата Саверчанка, якая кіруе дзіцячым хорам Нядзельнай школы храма Божай Маці г. Масты.

– Прыемна ў гэтыя светлыя калядныя дні ўслаўляць Усявышняга, адчуваць еднасць хрысціян, хараство нашых духоўных і культурных традыцый, – падзяліліся сваімі ўражаннямі ўдзельнікі царкоўнага ансамбля са славутай Мураванкі. – Такія імпрэзы натхняюць. А ў бліжэйшых нашых планах святкаванне знакавай даты – 30-годдзя адраджэння і аднаўлення дзейнасці нашага старажытнага храма Ражства Прасвятой Багародзіцы – сімвала гісторыка-культурнай спадчыны. Набажэнства з мноствам ганаровых гасцей назначана на 14 студзеня, і мы сардэчна запрашаем на свята ўсіх людзей добрай волі.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!