Падманам свет пройдзеш, але дзе апынешся

79 эпізодаў супрацьпраўных дзеянняў, большасць з якіх -- махлярства, і прыгавор на 57 старонках – такі маштаб крымінальнай справы, разгледжанай нядаўна у судзе.

Фігурантам рэзананснай справы стаў 25-гадовы жыхар раёна. Пацярпелымі прызнаны каля 20 чалавек, многія з іх аказаліся ў гэтым статусе з-за ўласнай даверлівасці і неабачлівасці. Адны з гэтых людзей афармлялі на сябе растэрміноўкі і крэдыты, а атрыманыя грошы і тавар перадавалі зламысніку, а другія неаднаразова пазычалі яму грошы – і беззваротна.  Акрамя гэтага, махляр і сам заключаў дагаворы на набыццё тэхнікі і мэблі (і не абы якой, а брэндавай) з ІП і прыватнымі прадпрыемствамі. Рэчы прадаваў, выручку накіроўваў на ўласныя патрэбы.
Каб зразумець сэнс крымінальных хадоў, дастаткова пазнаёміцца з некалькімі эпізодамі гучнай справы.

Анатомія махлярства

У адзін з дзён Раман (тут і далей імёны зменены, а ўсе супадзенні выпадковыя. – Заўв. аўтараў) папрасіў Віктара аформіць на сябе ў растэрміноўку мабільны тэлефон, паабяцаўшы своечасова і самастойна ўносіць за яго ўзносы. Мужчына пагадзіўся, і ў гэты ж дзень у адным з салонаў мабільнай сувязі набыў апарат за 729 рублёў і перадаў яго Раману. А праз нейкі час усё той жа Раман звярнуўся з новай просьбай -- пазычыць грошай. Напачатку Віктар яму адмовіў, маўляў, няма, але “таварыш” знайшоў выхад: “А ты крэдыт вазьмі, а грошы мне перадасі. Я яго сам пагашу, і працэнты выплачу…”. Як кажуць у народзе, кося-кося, каб толькі злавіць удалося. Чалавек, на сучасным слэнгу, павёўся і ў хуткім часе ўручыў прасіцелю каля 2000 рублёў. За турботы атрымаў “узнагароджанне” – некалькі дробных купюр.
Аднак ні ў першым, ні ў другім выпадках Раман абяцанне не выканаў: унёс толькі частку грошай за мабільнік і ні рубля -- на пагашэнне банкаўскага крэдыту. Астатак сумы за тэлефон і сродкі па крэдыце былі ўтрыманы з заработнай платы даверлівага Віктара. Самі разлічваліся і іншыя пацярпелыя.
Увогуле, каб разжалобіць сваіх патэнцыяльных “спонсараў”, малады чалавек пры сустрэчы ці праз сацыяльныя сеткі расказваў ім то пра хваробу блізкіх і патрэбу ў лякарстве, то пра папаўненне ў сям’і, то пра цяжкае матэрыяльнае становішча, то яшчэ нешта. Усіх падатлівых на гэтыя “казкі” людзей запэўніваў: за ўсё разлічыцца сам. Калі ж, спахапіўшыся, яны настойвалі, каб вярнуў доўг, “карміў” абяцанкамі ці пазбягаў.
У асобных выпадках Раман знаходзіў важкія “аргументы” сваёй прыстойнасці -- паказваў службовае пасведчанне, пісаў распіскі, пакідаў у залог пашпарт, і прадаўцы ішлі яму на ўступкі: перадавалі тавар без афармлення дакументаў на продаж, без паручыцеляў і нават без папярэдняга ўзносу. Кліент спачатку “закрываў” некалькі невялікіх плацяжоў, а потым “заціхаў”. Часам у яго атрымлівалася заключыць дагавор куплі-продажу ў растэрміноўку адразу некалькіх дарагіх рэчаў. Лічы, на працягу аднаго тыдня ён такім чынам стаў уладальнікам мабільнага тэлефона амаль за 500 рублёў, ноутбука за 1199 рублёў і яшчэ аднаго ноутбука коштам 999 рублёў. Пазней такія-сякія выплаты за гаджэты рабіліся, але запазычанасць у поўным аб’ёме пагашана не была. Часта адносіны з аб’ектам гандлю “блакіраваліся” адразу ж пасля ўплаты першапачатковага ўзносу і атрымання тавару. Так, напрыклад, здарылася пасля афармлення ў адным месцы і ў адзін дзень у растэрміноўку канапы, камоды і выцяжкі – агульным коштам больш за 1300 рублёў.

Блізкі “спонсар”

Маніпуляцыі з афармленнем крэдытаў на іншых людзей і завалоданнем гэтымі сродкамі Раман правярнуў не раз і не два. Такая ж схема была апрабавана ім і на сужыцельцы. Маладая асоба некалькі разоў па просьбе “каханага” брала для яго ў банках крэдыты на сур’ёзную суму, а таксама набывала тэхніку ў растэрміноўку. У прыватнасці, такім шляхам ён стаў уладальнікам камп’ютара коштам каля 1000 рублёў, халадзільніка па цане звыш 1200 рублёў, сотавага тэлефона коштам звыш 1000, ноутбука за 880 рублёў… Да таго ж жанчына не раз перадавала свайму мужчыну налічку: сумы вар’іраваліся ад 50 рублёў да 500 долараў ЗША. На стадыі папярэдняга следства сваю “шчодрасць” яна тлумачыла так: “Грошы давала ў доўг, з умовай вяртання”. Малады чалавек таксама без запыту карыстаўся карткай растэрміноўкі яе родных: набываў на АЗС паліва і прадаваў яго – такім чынам абналічваў сродкі. Калі адток грошай з карт заўважылі, напісаў распіскі-абяцанні вярнуць усё да капейкі. А аднойчы тайна прыбраў да рук і чужы кашалёк, і залатыя вырабы, і ноутбук бацькоў, і нават адкрыта забраў мабільны у знаёмай…
Напомнім, што расказанае -- гэта толькі вяршыня махлярскага айсберга, бо ўсіх крымінальных эпізодаў ажно 79. Многія -- як блізняты.

У сетках залежнасці

Каб было зразумела: набытае такім спосабам ішло не на абуладкаванне сямейнага гнязда, а на продаж. А на атрыманыя грошы Раман рабіў стаўкі ў букмекерскіх канторах. У ходзе следства былі атрыманы звесткі, што наш “герой” наведваў ігорныя ўстановы з 2017 года. Між іншым, пра такое “хобі” маладога чалавека ведалі некаторыя пацярпелыя і сведкі -- якія пазычалі яму грошы і якія скуплялі ў яго за паўцаны тыя ж мабільнікі, тэлевізары, халадзільнікі і іншую маёмасць.
Давер і спагада -- гэтыя якасці чалавечай натуры, бадай, і сталі той спрыяльнай глебай, на якой праклюнуўся, а потым і расквітнеў крымінальны талент дамарослага аферыста. Доўжылася гэта крымінальная эпапея тры з паловай гады. Круцячыся, далёка закруцішся, але ці выкруцішся. Вось і гэта гісторыя завяршылася прыгаворам суда: Раман быў прызнаны вінаватым у завалоданні маёмасцю шляхам падману і злоўжывання даверам (махлярстве), учыненым у асабліва буйным памеры, а таксама ў крадзяжы і грабяжы, учыненых паўторна. Пяць год шэсць месяцаў ён правядзе ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. З яго будуць спагнаны пэўныя сумы для пакрыцця нанесенай пацярпелым маёмаснай шкоды.

Дзмітрый ЦІВУНЧЫК,
суддзя суда Шчучынскага раёна.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!