Пачніце новы дзень з “Дзянніцы”!

Шаноўныя падпісчыкі, калегі, сябры! Надыходзячы Новы год “Дзянніца“ сустракае ў добрым настроі і з надзеяй на лепшую будучыню. Так і павінна быць! 
2018 год быў паспяховым для нас, шчучынскіх газетчыкаў. Мы занялі другое месца ў абласным творчым конкурсе сярод рэдакцый раённых газет Гродзеншчыны. Калектыў “Дзянніцы” быў адзначаны Дыпломам і каштоўным прызам за высокі ўзровень публікацый на этнаканфесійную тэму, а загадчыца аддзела пісьмаў Ганна Каспер стала лаўрэатам “Залатой Ліцеры”. 
Але самае галоўнае, што вы, дарагія падпісчыкі і чытачы, засталіся нашымі найлепшымі сябрамі. Цэлы год гісторыі вашых лёсаў, працоўныя подзвігі, дасягненні і нястомная барацьба ў вырашэнні надзённых праблем упрыгожвалі нашу любімую раённую газету. Мы ўсяляк імкнуліся зрабіць кожны чарговы нумар “раёнкі“ хоць на крышачку цікавей. І, думаю, гэта атрымалася.
Прыемна, што кожны пяты жыхар раёна атрымлівае сваю раёнку, а чытае – і таго болей. Бо, як вядома, трапляючы ў дом, газета становіцца сябрам усёй сям’і, а нярэдка – яшчэ і суседзяў, сяброў, сваякоў. Мясцовыя навіны найцікавейшыя для людзей, а свая газета – па-сапраўднаму родная. Пра тое мы не раз чулі падчас нашых сустрэч з чытачамі ў Дні падпісчыка. Вельмі цёплымі і шчырымі атрымліваюцца такія спатканні. Мы рады, што захавалі сваю чытацкую аўдыторыю і змаглі наладзіць дыялог з прыхільнікамі рэгіянальнай прэсы.
Вялікі дзякуй усім нашым паважаным падпісчыкам – гараджанам і вяскоўцам, працаўнікам прадпрыемстваў і сацыяльнай сферы, тым людзям, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але з цікавасцю сочаць за грамадскім і эканамічным жыццём раёна, застаюцца актыўнымі і нераўнадушнымі чытачамі. 
Асаблівыя словы ўдзячнасці хочацца сказаць усім супрацоўнікам рэдакцыі раённай газеты за прафесіяналізм, аператыўнасць і пастаянны пошук і ажыццяўленне новых ідэй і праектаў. Безумоўна, тыраж больш за 6000 не стаў бы рэальнасцю, каб не нашы партнёры – паштавікі і ідэолагі раёна.
2019-ты – асаблівы год для Шчучынскай раёнкі, якой сёлета спаўняецца 80! А таму мы абавязкова пагартаем рэтра-старонкі свайго выдання, завітаем да герояў даўніх публікацый, каб даведацца, як склаўся іх лёс. А дзень сённяшні прадставяць нашы рэпартажы аб сучасных тэхналогіях, навінках на вытворчасці, інтэрв’ю з кампетэнтнымі суразмоўцамі. Інфармацыйная насычанасць, аператыўнасць, аб’ектыўнасць, запатрабаванасць – гэта тыя прынцыпы, якіх мы будзем прытрымлівацца і надалей, каб апраўдаць ваш крэдыт даверу, дарагія чытачы. Таму аўтарам хачу пажадаць новых ідэй, палёту фантазій, творчага натхнення. Чытачам – цікавай і актуальнай інфармацыі. Давайце і надалей заставацца добрымі сябрамі.
Ад усёй душы і ад калектыву рэдакцыі газеты віншую з надыходзячымі святамі – Новым годам і светлым Хрыстовым Раством! Няхай кожны дзень будзе добрым, а ўсе нягоды і расчараванні застануцца ў 2018-м, няхай родныя і блізкія заўсёды будуць побач. Галоўнае - любіце новы год такім, які ён у вас будзе, сустракайце з радасцю, і ён абавязкова падорыць вам новае і больш шчаслівае жыццё! Няхай у кожнага ў новым годзе абавязкова заззяе свая шчаслівая зорачка-дзянніца. Будзем разам! Сустрэнемся ў Новым 2019-м. 
Сяргей КАСПЯРЧУК, галоўны рэдактар.