Па працы і пашана. У Шчучыне ўшанавалі работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна

Сёння ў актавай зале раённага цэнтра культуры і народнай творчасці сабраліся лепшыя работнікі сельскагаспадарчай галіны, кіраўнікі і спецыялісты гаспадарак і прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці, ветэраны працы, госці.

 

Адкрылася свята тэатралізаваным пралогам. Каравай духмянага хлеба з мукі новага ўраджаю як сімвал самаадданай працы хлебаробаў, іх прыроднай мудрасці і любові да роднай зямлі па праве быў уручаны старшыні Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта А.В. Садоўскаму. Асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю за самаадданую працу было прасякнута выступленне кіраўніка раёна, які адзначыў, што праца сельскагаспадарчых работнікаў самая ганаровая і паважаная. Нягледзячы ні на якія цяжкасці, працаўнікі вёскі прафесійна вядуць сваю справу. У гэтым годзе хлебаробамі раёна сабраны багаты ўраджай, які склаў болей за 130 тысяч тон.

 

 

– Адказнасць, цярпенне і працавітасць заўсёды былі галоўнымі рысамі работнікаў сяла. За кожным дасягнутым вынікам стаіць праца людзей – прафесіяналаў з вялікай літары. У канчатковым выніку намаганні кожнага накіраваны на дасягненне агульнай мэты – зрабіць лепшым жыццё сваёй сям'і, раёна, краіны. Вынікі пацвярджаюць, што разам у нас многае атрымліваецца, – падкрэсліў Аляксей Валянцінавіч.

 

 

Кіраўнік раёна выказаў словы ўдзячнасці ўсім работнікам аграпрамысловага комплексу за стараннасць, шчырую любоў да сваёй зямлі і аднойчы абранай справе, за ўмелы, гаспадарчы і руплівы падыход да выканання пастаўленых заданняў і выказаў упэўненасць у тым, што аграрыі і далей будуць працаваць з поўнай аддачай на карысць роднай Шчучыншчыны.

 

Лепшыя працаўнікі аграпрамысловага комплексу, паднімаючыся на сцэну, атрымалі з рук старшыні райвыканкама А.В. Садоўскага і старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк Ганаровыя граматы і Падзячныя лісты.

 

 

Са святам шчучынцаў павіншаваў пракурор Гродзенскай вобласці В.К. Корзун. Віктар Канстанцінавіч пажадаў працаўнікам аграпрамысловага комплексу новых працоўных дасягненняў і ўручыў высокія абласныя ўзнагароды вадзіцелю ААТ "Орля" Л.А. Някрэвічу, хіміку ААТ "Шчучынскі масласырзавод» Т.Г. Антанавіч і апаратчыку пастэрызацыі гэтага прадпрыемства Н.А. Пачобут, начальніку лабараторыі па аналізе глеб унітарнага камунальнага праектна-вышукальнага прадпрыемства «Гроднааблаграхімізацыя» І.А. Заруба, трактарысту-машыністу Шчучынскага філіяла республиканскага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства па племянной справе "Гродзенскае племпрадпрыемства" І.І. Хвяшчэнніку.

 

 

 Дыпломамі камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Гродзенскага аблвыканкама былі ўзнагароджаны пераможцы абласных спаборніцтваў: брыгадзір МТК «Глыбокае» СВУ «Пратасаўшчына» С.Я. Болдак, вадзіцель ААТ «Дэмбрава» І.І. Кулевіч, камбайнер ААТ "Васілішкі" А.І. Клышэйка. Юбілейны медаль “100 год органам дзяржаўнага кiравання сельскай гаспадаркай i харчаваннем Беларусi” атрымаў дырэктар СВУ «Пратасаўшчына» В.А. Семяновіч.

 

Удзельнікаў урачыстага мерапрыемства павіншаваў таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання П.Р. Міхалюк.

 

Цэнтральным момантам свята стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у сельскагаспадарчай галіне. Пераможцамі спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2019 годзе сталі працоўныя калектывы філіяла «Жалудоцкі агракомплекс», СВУ «Пратасаўшчына» і ААТ «Дэмбрава». У спаборніцтве на нарыхтоўцы травяных кармоў лепшым прызнаны калектыў ААТ «Дэмбрава», другое месца – у СВУ «Пратасаўшчына», трэцяе - філіяла «Жалудоцкі агракомплекс». Узнагароды і грашовыя прэміі атрымалі таксама лепшыя камбайнеры зерне і кормаўборачных камбайнаў, аператары зернесушыльных комплексаў і вадзіцелі аўтамашын.

 

 

Магчымасцю ў чарговы раз адзначыць працу работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці скарысталіся старшыня раённай арганізацыі прафсаюза аграпрамысловага комплексу Г.Ф. Шандроха, старшыня «Белай Русі» Ю.Т. Пашук і першы сакратар РК БРСМ Вікторыя Даўгашэя. Не засталося ў баку і кіраўніцтва адкрытых акцыянерных таварыстваў "Шчучынскі масласырзавод», «Слонімскі мясакамбінат» і «Гродзенскі мясакамбінат». За добрасумленную працу і высокія дасягненні ўзнагароды і каштоўныя падарункі атрымалі многія працаўнікі галіны: механізатары і жывёлаводы, аператары і рабочыя, спецыялісты прадпрыемстваў АПК Шчучыншчыны.

 

 

Свае віншаванні і найлепшыя пажаданні ўдзельнікам урачыстага мерапрыемства са святочнай сцэны падарылі навучэнцы аграрных класаў устаноў адукацыі Шчучынскага раёна. У гэты дзень словы падзякі гучалі для тых, хто ад відна да цямна забяспечвае харчовую бяспеку нашай краіны. На самай справе няма ніводнага чалавека, хто не карыстаўся б пладамі працы сельскага працаўніка.

 

 

У фае для ўдзельнікаў свята была разгорнута выстава і дэгустацыя прадукцыі, выпускаемай прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу раёна. Ні адно свята не абыходзіцца без добрага настрою і, вядома ж, без шчырай песні і добрага танца. Сваю творчасць працаўнікам сельскай гаспадаркі ў гэты дзень дарылі артысты музычнага тэатра"Рада".

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!