Найважнейшая кніга беларусаў з'явілася ў шчучынскай гімназіі

На днях у Гродзенскай дзяржаўнай бібліятэцы імя Я. Карскага адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання першага буквара. Адзін яго экзэмпляр перададзены ў гімназію г. Шчучына.

-- Шчыра прызнацца, ніколі не магла падумаць, што ў нашай гімназіі з’явіцца факсімільнае выданне першага ў свеце буквара 1618 года на славянскай мове, -- не хавае сваіх эмоцый настаўніца гімназіі г. Шчучына Алена Яўгеньеўна Лісоўская, трымаючы ў руках унікальны экзэмпляр. -- У свеце захавалася ўсяго дзве арыгінальныя кнігі. Адно выданне захоўваецца ў Капенгагене, але яно няпоўнае, а вось паўнацэнны экзэмпляр знаходзіцца ў Лонданскай бібліятэцы.

Амаль паўгода Алесь Суша, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў вёў перагаворы з паўзакрытай бібліятэкай юрыдычнай карпарацыі ў Лондане, каб атрымаць магчымасць трапіць туды і папрацаваць з арыгіналам буквара. Яго намаганні аказаліся паспяховымі. Апошнія два гады Нацыянальная бібліятэка Беларусі пры падтрымцы спонсараў займалася выданнем факсіміле. І вось сёння адно з гэтых унікальных выданняў знаходзіцца ў гімназіі.

-- Буквар – невялічкая кніжачка, -- працягвае Алена Яўгеньеўна. – Ён дапоўнены перакладам на сучасную беларускую мову і кнігай з навуковымі даследаваннямі. Усё гэта будзе захоўвацца на самым пачэсным месцы ў нашым гімназічным музеі адукацыі. Падумаць толькі, буквару-арыгіналу сёлета споўнілася 400 год! Вельмі сімвалічна, што менавіта цяпер з’явілася факсімільнае выданне.

Першымі, хто пазнаёміўся з унікальным букваром, сталі першакласнікі гімназіі. Яны з цікавасцю параўноўвалі сваё сучасныя буквары з тым, які з’явіўся на свет чатыры стагоддзі таму і вельмі здзіўляліся. 

-- Для гісторыі нашай навучальнай установы гэта ўнікальная падзея, -- лічыць дырэктар гімназіі Уладзімір Раманавіч Дубок. – Мы вельмі ганарымся, што атрымалі першы чатырохсотгадовы буквар.

Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!