Настальгічныя нататкі. Не сатрэ ў сэрцы час будатрадаўскае лета

Казімір Казіміравіч Шабунька з аграгарадка Ражанка падзяліўся планамі: збіраецца ў Мінск, на сустрэчу з былымі аднакурснікамі з аўтатрактарнага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер – БНТУ). Трыццаць год таму, атрымаўшы дыпломы, маладыя інжынеры дамовіліся сустракацца ля свае альма-матэр у дзень прафесійнага свята аўтамабілістаў. Казімір Казіміравіч ведае: і на гэты раз будзе многа ўспамінаў – пра незабыўныя студэнцкія будні і напоўненае рамантыкай студатрадаўскае лета, да чаго і ён сам меў прамое дачыненне.

– Адслужыўшы ў арміі, у 1983 годзе я паступіў у політэх, – прыгадвае часы маладосці суразмоўца. – А ўжо пасля другога курса быў залічаны байцом студэнцкага будаўнічага атрада. Навічкамі там былі я і яшчэ адзін хлопец, астатнія ўжо прайшлі хрышчэнне трэцім працоўным семестрам.
Між іншым, адбіралі ў СБА лепшых з лепшых камсамольцаў – дысцыплінаваных, актыўных, масцеравых. Вясковаму хлопцу Казіміру Шабуньку працавітасці было не займаць, многія навыкі асвоіў у бацькоўскім доме. 


Іх студэнцкі будаўнічы атрад “Ярасны” працаваў у далёкім Казахстане. У пасёлку Батурына Чапаеўскага раёна Уральскай вобласці беларускія студэнты будавалі жылыя дамы. Незвычайныя – з самана.
– Да стэпавай вязкай гліны дабаўлялі салому і ваду, віламі раскладвалі ў формы. Праз два тыдні ўсё гэта застывала і атрымліваўся вельмі моцны матэрыял. Зімой у дамах, пабудаваных з самана, было цёпла, а летам стаяла прахалода, – расказвае Казімір Казіміравіч. – А ўвогуле працаваць было складана. Пачыналі на ранішняй зорцы, а з 12 да 16 гадзін рабілі перапынак, бо стаяла невыносная спёка. Потым зноў за работу. Старшыня мясцовай гаспадаркі ставіў нас у прыклад, маўляў, ён толькі прачнуўся, а хлопцы ўжо пры справе... А ў вольны час мы ішлі купацца на раку Урал, глядзелі, як плёскаліся асятры, вечарамі збіраліся ля кастра, бралі ў рукі гітару. Далёка разносілася па наваколлі папулярная ў той час песня пра ярасны будатрад...
За два месяцы таго першага і гарачага ва ўсіх сэнсах працоўнага семестра Казімір і яго сябры страцілі каля 10 кіло вагі. Але жаданне быць студатрадаўцамі не адпала. Маладыя, здаровыя беларусы шчыра працавалі і зарабілі добра. І ўжо на наступны год студэнт Шабунька зноў накіраваўся на казахстанскія будоўлі ў прыгожыя прыўральскія мясціны. Толькі цяпер – у рангу камандзіра “Яраснага”. Працавітаму, з высокімі арганізатарскімі здольнасцямі хлопцу даверылі адказную справу, і ён не падвёў. Кажа, хаця і меў кіраўніцкія паўнамоцтвы, не цураўся работы, разам з таварышамі гатаваў раствор і выводзіў сцены. 
– У тым жа пасёлку Батурына мы пабудавалі танцавальную пляцоўку, а на адной са сцен выклалі беларускі арнамент. У планах быў Дом культуры, – успамінае ён.


 Дарэчы, мясцовыя жыхары ставіліся да мінскіх студэнтаў вельмі добра, з нецярпеннем чакалі іх прыезду, завязвалі сяброўства. Дзякавалі беларусам за працу, уручалі ўзнагароды. І сёння Казімір Казіміравіч захоўвае Ганаровыя граматы Уральскага абкама ЛКСМ Казахстана. Многа ў яго ўзнагарод і за працоўны семестр, праведзены на Гомельшчыне. Тады, летам 1986-га, байцы “Яраснага” на чале з Казімірам Шабунькам (атрад лічыўся адным з лепшых у рэспубліцы) зноў рыхтаваліся ехаць у Казахстан, былі падпісаны ўсе дагаворы. Аднак планы змяніў Чарнобыль. І будучыя інжынеры з 2 чэрвеня па 27 кастрычніка ўзводзілі жыллё для жыхароў, эвакуіраваных з зоны аварыі на ЧАЭС. У Петрыкаўскім раёне, на полі, дзе толькі зацвіла бульба... На рассунутай бульдозерам пляцоўцы сабралі 8 шчытавых домікаў (канструкцыі дастаўлялі ажно з Іркуцка і Свярдлоўска), абклалі іх цэглай. Ударная праца байцоў СБА і іх камандзіра была адзначана Ганаровымі граматамі ЦК камсамола Беларусіі і Гомельскага абкама ЛКСМБ.


 Студэнцкі будаўнічы атрад, дзе каваліся дружба і характар, стаў добрай школай, загартаваў. Бадай, у кожнага, хто ў студэнцтве здаў самы важны залік – працоўны, жыве ў сэрцы вечны дух будатрада, лічыць Казімір Казіміравіч. 
 Цяпер К.К. Шабунька працуе начальнікам дыягнастычнай станцыі Шчучынскага рамзавода. Дарэчы, так атрымалася, што менавіта родная Ражанка стала яго прафесійным прычалам ажно на 30 год. Пасля заканчэння ВНУ пачынаў механікам у мясцовай “Сельгастэхніцы”, а потым займаў розныя інжынерныя пасады на рамзаводзе. “Хачу павіншаваць калег, усіх аўтамабілістаў з прафесійным святам, пажадаць ім усяго самага найлепшага”, – папрасіў ён і паспяшаўся развітацца – чакала адказная работа.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара і з архіва К.К. Шабунькі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!