Настальгічныя нататкі. "Мы заўжды ў кагорце юнацтва"

У камсамола – юбілей! Неверагодна: 100-гадовы! У гэтым гістарычным адрэзку часу знайшоўся перыяд, які стаў адметным і для нас – камсамольцаў 80-х. І хоць наша камсамольскае юнацтва засталося ў мінулым веку, успаміны аб ім грэюць сэрца святлом рамантыкі, добрых спраў і пачынанняў.

Цудоўны быў час! Гэта кожны раз пацвярджаюць мае сяброўкі-равесніцы, калі надараецца сустрэча і мы разглядваем фатаграфіі тых гадоў, дзелімся ўспамінамі. Дарэчы, камсамольская дружба самая трывалая – прайшла выпрабаванне часам. Блізкімі і дарагімі для мяне людзьмі сталі Зоя Іванаўна Касперка, Алена Антонаўна Налівайка, Вера Вітальеўна Аляхновіч, Гелена Станіславаўна Баронік, Таццяна Адольфаўна Куроўская, Алена Аляксееўна Кавальская і многія іншыя прадстаўніцы той камсамольскай кагорты. Падкрэслю, што ўсіх іх вызначалі неймаверныя добрасумленнасць, адказнасць, самадысцыпліна і, безумоўна, камсамольская салідарнасць. Ім можна было давяраць ва ўсім і спадзявацца на дапамогу ў любую мінуту.

 
 Напэўна, у кожнага пакалення камсамольцаў свае ўспаміны. На шчасце, нам, камсамольцам 80-х, не давялося паспытаць таго, праз што прайшла моладзь 40-х гадоў. Подзвіг гэтых людзей ніколі не будзе забыты, дзякуючы іх гераізму маладосць нашага і паследуючых пакаленняў была мірнай і шчаслівай. Аднак і ў жыцці камсамольцаў 80-х было месца подзвігу. Калі выбухнуў Чарнобыль, утаймоўваць кіпячы рэактар паехалі і камсамольцы, у тым ліку і з нашага раёна. Сярод іх быў шчучынец Сяргей Анатольевіч Цялегін, які ў першыя дні чарнобыльскай трагедыі ў складзе экіпажа верталётчыкаў тушыў з паветра бушуючае полымя рэактара. Калі пазней я сустрэлася з Сяргеем, каб напісаць артыкул, здзівілася, наколькі гэта быў сціплы і прыстойны чалавек.
Мне 80-ыя гады мінулага стагоддзя запомніліся цікавымі вандроўкамі, шматлікімі сустрэчамі і знаёмствамі, патрыятычнымі пачынамі, якія ініцыіраваліся на змястоўных камсамольскіх сходах і канферэнцыях, турзлётамі, суботнікамі і іншымі мерапрыемствамі. Ніяк не меркавала, што стану камсамольскім важаком. Але падчас працы на доследнай станцыі (цяпер інстытут раслінаводства) мне даверылі ўзначаліць арганізацыю, у якую ўваходзіла моладзь трох эксперыментальных баз – “Руткевічы”, “Шчучын” і “Усход”. Наша маладзёжная арганізацыя была ў ліку лепшых у раёне, жыццё там бурліла, ладзілася шмат мерапрыемстваў. Мы стварылі атрад дружыннікаў, згуртавалі таленавітых юнакоў і дзяўчат, выязжалі з канцэртамі ў аддаленыя вёскі, ладзілі суботнікі, турзлёты, спартыўныя спаборніцтвы, пабывалі на ВДНГ у Маскве. Камсамольскія сходы праходзілі актыўна, моладзь абмяркоўвала злабадзённыя пытанні, выступала з цікавымі прапановамі. Маёй апорай, надзейнымі памочнікамі былі актывісты “пярвічак”, падтрымлівала арганізацыю кіраўніцтва доследнай станцыі, а таксама раённы камітэт камсамола, членам бюро якога я была. 
Дарэчы, райкам ЛКСМБ і яго актыў прадстаўлялі дастойныя маладыя людзі. Многія з іх у далейшым сталі кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікамі раённай улады, паказалі сябе выдатнымі прафесіяналамі ў розных сферах. Важакам камсамольскіх “пярвічак” заўсёды можна было спадзявацца на дапамогу і разуменне А.Г. Лабкова, І.Ю. Сакалоўскага, Т.М. Кулаковай, А.Ю. Шымука, М.У. Вайтэнкі, А.У. Шырана і многіх іншых лідараў моладзі. Калі пазней я ўвайшла ў любімую прафесію і ўзначаліла рэдакцыйна-друкарскую камсамольскую “пярвічку”, то таксама адчула падтрымку і дзейсную дапамогу з боку райкама ЛКСМБ.
За актыўную работу мяне не раз заахвочвалі цікавымі паездкамі. Напрыклад, у Дом адпачынку ЦК УЛКСМ, які знаходзіўся пад Масквой, у Звянігарадзе. Як жа я здзівілася, убачыўшы там сярод адпачываючых маладога кампазітара і спевака Вячаслава Дабрыніна, песні якога якраз набывалі папулярнасць.
Шмат уражанняў пакінуў і адпачынак у лагеры камсамольскага актыву ў югаслаўскім горадзе Ровень, што на беразе Адрыятычнага мора. Столькі было сустрэч, знаёмстваў з моладдзю з розных краін. Такое не забываецца. Адметна, што маладыя людзі з розных куткоў свету былі добразычлівыя, вясёлыя, на дыскатэках вучылі нас, беларусачак, сваім танцам, а мы расказвалі пра свае традыцыі, развучвалі з імі беларускія шлягеры. Мы з жалем развітваліся, абменьваліся адрасамі.
Жывыя чалавечыя зносіны – самыя каштоўныя, нездарма Экзюперы назваў іх найвялікшай раскошай. Шкада, што цяпер зносіны моладзі пераважна адбываюцца ў сацсетках. Канешне, жыццё ідзе наперад. Маладыя людзі смела крочаць у нагу з часам, віртуозна карыстаюцца сучаснымі гаджэтамі, авалодваюць камп’ютарнымі тэхналогіямі. Гэта вельмі добра. Аднак хочацца пажадаць ім, каб перанялі ў папярэдніх пакаленняў самае лепшае, каб жылі цікава, весела, сустракаліся ўжывую, сябравалі, каб імкнуліся да высокіх мэт і дасягалі іх. З юбілеем камсамола віншую і БРСМаўцаў, нашых паслядоўнікаў!
Ала ФЯДОТАВА.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.